ДАКУМЕНТЫ СЕЛЬСКІХ, РАЁННЫХ І ВАЛАСНЫХ УПРАЎ ЯК БІЯГРАФІЧНЫЯ КРЫНІЦЫ
Т. М. Агеенка
З кожным годам узрастае цікавасць людзей да вывучэння гісторыі сваёй сям’і, роду. Аднак часта прыходзіцца сутыкацца з праблемамі ў пошуку звестак за перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Канешне, тое, што тычыцца ўдзелу ў партызанскім руху на Беларусі, амаль не выклікае складанасцей: існуе картатэка, працуе сайт «Партызаны Беларусі». Больш праблем узнікае, калі патрэбна знайсці звесткі аб пражыванні на акупаванай тэрыторыі Беларусі, гібелі, знаходжанні на прымусовых працах і інш. На жаль, большасць пошукаў па дадзенай тэме па фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) застаецца безвыніковай у сувязі з дрэннай захаванасцю дакументаў. Для выяўлення дадатковых крыніц па тэме ў 2012 г. аддзелам выкарыстання дакументаў і інфармацыі НАРБ на аснове фондаў партызанскіх, падпольных і камсамольскіх органаў, ЦК КП(б)Б, Інстытута гісторыі партыі быў створаны імянны паказальнік «Грамадзянскае насельніцтва, якое пражывала на часова акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У яго ўвайшлі спісы жыхароў вёсак, грамадзян, якія здавалі сродкі ў фонд абароны, спісы грамадзянскага насельніцтва, якое пражывала ў сямейных лагерах партызанскіх атрадаў, спісы бежанцаў, працоўных нямецкіх акупацыйных устаноў і інш. У перспектыве плануецца напаўненне паказальніка дакументамі фонда 1569 «Калекцыя лічбавых копій на правах арыгінала дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых і прычыненага імі ўрону грамадзянам, калектыўным гаспадаркам (калгасам), грамадскім аб’яднанням, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР (НДК) па БССР, перададзенага з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі», перададзенымі ў НАРБ у 2019 г.