РУБОН - сайт военной археологии

Путь по сайту

Военная история

Т. М. Агеенка

З кожным годам узрастае цікавасць людзей да вывучэння гісторыі сваёй сям’і, роду. Аднак часта прыходзіцца сутыкацца з праблемамі ў пошуку звестак за перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Канешне, тое, што тычыцца ўдзелу ў партызанскім руху на Беларусі, амаль не выклікае складанасцей: існуе картатэка, працуе сайт «Партызаны Беларусі». Больш праблем узнікае, калі патрэбна знайсці звесткі аб пражыванні на акупаванай тэрыторыі Беларусі, гібелі, знаходжанні на прымусовых працах і інш. На жаль, большасць пошукаў па дадзенай тэме па фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) застаецца безвыніковай у сувязі з дрэннай захаванасцю дакументаў. Для выяўлення дадатковых крыніц па тэме ў 2012 г. аддзелам выкарыстання дакументаў і інфармацыі НАРБ на аснове фондаў партызанскіх, падпольных і камсамольскіх органаў, ЦК КП(б)Б, Інстытута гісторыі партыі быў створаны імянны паказальнік «Грамадзянскае насельніцтва, якое пражывала на часова акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». У яго ўвайшлі спісы жыхароў вёсак, грамадзян, якія здавалі сродкі ў фонд абароны, спісы грамадзянскага насельніцтва, якое пражывала ў сямейных лагерах партызанскіх атрадаў, спісы бежанцаў, працоўных нямецкіх акупацыйных устаноў і інш. У перспектыве плануецца напаўненне паказальніка дакументамі фонда 1569 «Калекцыя лічбавых копій на правах арыгінала дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых і прычыненага імі ўрону грамадзянам, калектыўным гаспадаркам (калгасам), грамадскім аб’яднанням, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР (НДК) па БССР, перададзенага з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі», перададзенымі ў НАРБ у 2019 г. 

У той жа час у фондах архіва яшчэ застаюцца справы, якія таксама могуць быць выкарыстаны пры напаўненні дадзенага паказальніка, – гэта дакументы сельскіх, раённых і валасных упраў, якія захоўваюцца ў архіўным фондзе Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) (Ф. 1450. Воп. 2. Спр. 1343–1360, 1366, 1367).

Якім чынам дакументы акупацыйных устаноў патрапілі ў фонд БШПР? Часцей за ўсё ў выніку баявых аперацый партызан па разгроме ўпраў і гарнізонаў праціўніка. Адтуль пасля вывучэння накіроўваліся ў партархіў ЦК КП(б)Б. Аднак варта ўлічваць, што часта пры разгроме акупацыйных устаноў гінулі і іх дакументы. Аб гэтым, напрыклад, узгадваецца ў стэнаграме гутаркі з камандзірам партызанскага атрада І. І. Пятровым: «Мы вошли в м. Иоды и подошли к дому, где была размещена гмина. Там нами были сожжены все документы по учету военнообязанных и другие разные документы» [1, л. 83]. Чаму гэта важна ўлічваць? Бо пры звароце ў архіў людзі лічаць, што не можа такога быць, каб нейкія дакументы былі страчаны.

Сярод матэрыялаў БШПР захаваліся звесткі па некаторых управах Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Ступень іх захаванасці і інфарматыўнасці розная.

Матэрыялы ўпраў прадстаўлены ў першую чаргу загадамі, указаннямі, інструкцыямі, аб’явамі акупацыйных уладаў і г.д. Многія дакументы фіксуюць імкненне весці строгі ўлік не толькі матэрыяльнай маёмасці, але і грамадзян, пахаванняў і г.д. Напрыклад, існавалі спецыяльныя распараджэнні аб прадстаўленні звестак аб магілах салдат (з указаннем, у якіх вёсках ёсць адзінкавыя і брацкія пахаванні, могілкі нямецкіх салдат) і даглядзе за імі; вызначалі парадак іх упарадкавання: над кожнай магілай планавалася ўстанавіць крыж і абнесці агароджай вышынёй у 30 см з сасновых ці бярозавых калкоў. За іх утрыманне бургамістрам вёсак абяцалі аказваць дапамогу [2, л. 3].

У сакавіку 1943 г. бургамістрам валасцей Магілёўскага раёна было дадзена ўказанне прадставіць звесткі аб пазашлюбных дзецях, «якія належаць Германскай арміі ці дзяржаве», па наступнай форме: прозвішча, імя, імя па бацьку маці, імя дзіця, месца жыхарства дзіця і маці, дата нараджэння дзіця, яго нацыянальнасць, прозвішча, імя, імя па бацьку бацькі, паштовы нумар і адрас бацькі на радзіме і «краткие доказательства отечества принадлежащего Германской армии» [2, л. 232]. У той жа час выявіць самі вышэй азначаныя спісы пакуль не атрымалася.

З прыходам акупацыйных улад усё мясцовае насельніцтва падлягала ўліку і рэгістрацыі. Складаліся шматлікія спісы, якія знайшлі адлюстраванне ў дакументах: жыхароў населеных пунктаў, асоб, якія не заплацілі падатак, саматужнікаў, грамадзян, якія былі падвергнуты спагнанням за адмову ад выразання і вывазкі дроў, грамадзян вёсак, якія завербаваліся ў Германію, настаўнікаў, служачых валасцей, зубных урачоў, дзяцей школьнага ўзросту і г.д.

Акрамя таго, для ўліку ўсяго насельніцтва ў гады вайны праводзіліся перапісы. Так, у дакументах Вайхонскай валасной управы Гарадокскага раёна за верасень 1941 г. указвалася на неабходнасць скончыць перапіс да 15 верасня 1941 г. Для гэтага былі прыцягнуты рахункаводы калгасаў і настаўнікі. Спісы складаліся ў трох экзэмплярах і ўтрымлівалі наступныя звесткі: прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства, год нараджэння, прафесія, нацыянальнасць, дадатак [3, л. 75]. Аднак у дакументах упраў спісы не выяўлены.

У канцы 1942 г. усім бургамістрам валасцей Кіраўскага раёна было разаслана ўказанне аб правядзенні перапісу насельніцтва ў разрэзе абшчын на 1 студзеня 1943 г. Пытанні былі аналагічнымі з папярэднімі, але дададзены звесткі аб адукацыі, сямейным стане, веравызнанні, звесткі аб месцы, адкуль чалавек прыбыў [4, л. 119]. У шэрагу выпадкаў захаваліся спісы насельніцтва, якое было перапісана па кароткай форме. Так, напрыклад, у спісе (233 пазіцыі) абшчыны Юзафін Паўловічскай воласці пералічаны ўсе члены сям’і з указаннем года нараджэння: Баравік Фёдар Кузьміч, 1885 г. н., Баравік Ірына Стэфанаўна, 1888 г. н., Баравік Лідзія Фёдараўна, 1919 г. н., Мартючэнка Аляксандр Вікенцьевіч, 1938 г. н. [4, л. 131]. Акрамя таго, у дакументах маглі фіксавацца іншыя звесткі. Так, насупраць прозвішча М. Тамары Мікалаеўны, 1925 г. н., было запісана – выбыла ў Германію па вярбоўцы [4, л. 132].

Асабліваму ўліку падлягалі былыя чырвонаармейцы і ваеннапалонныя, якія лічыліся найбольш небяспечнымі і непажаданымі для новага рэжыму. Іх рэгістрацыя праводзілася прадстаўнікамі ўпраў у наступнай форме: прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, адрас, прычыны, па якіх ваеннапалонны знаходзіцца на волі. У апошняй графе неабходна было ўказваць, калі ваеннапалонны быў прызваны на вайсковую службу, калі і куды з’явіўся пры мабілізацыі, куды накіраваны, у якую часць і ў якасці каго быў залічаны. На практыцы ж у шэрагу выпадкаў звесткі запісваліся коратка. Дадзеная катэгорыя дакументаў захавалася ў невялікай колькасці. Так, па Паўловіцкай воласці маюцца спісы ваеннапалонных за некаторыя месяцы 1942 г., з якіх бачна, што тут пражывалі ваеннапалонныя беларусы, грузіны, рускія, татары, украінцы.

Некалькі слоў неабходна сказаць пра тыя магчымасці, якія даюць дакументы ўпраў. Праілюстрыруем гэта на прыкладзе звестак пра Трушкова Васіля Гардзеевіча, 1915 г. н. Так, на сайце «Партызаны Беларусі» маецца асабісты лісток па ўліку партызанскіх кадраў, дзе ўказаны адрас сям’і: в. Залессе Чачэрскага раёна, тут жа запісана, што ў партызаны прыбыў 31 сакавіка 1943 г. з в. Скрыпліцы Кіраўскага раёна [5]. Праз сайт «Память народа» можна прасачыць яго далейшы лёс: у ліпені 1944 г. з партызанаў накіраваны ў Чырвоную армію, 22 ліпеня 1944 г. пахаваны ў в. Волпа Беластокскага раёна [6]. У той жа час застаецца пытанне: дзе В. Трушкоў быў з чэрвеня 1941 г. па сакавік 1943 г. Адказ на гэта пытанне знаходзім у матэрыялах Паўловіцкай воласці. Так, у спісе ваеннапалонных, прыбыўшых пасля 22 чэрвеня 1941 г., па калгасу «Барэцкі» Паўловіцкай воласці за 22 красавіка 1942 г. прадстаўлена пяць асоб, сярод якіх указаны Трушко Васіль Гардзеевіч з в. Залессе Чачэрскага раёна. На ўсіх уключаных у спіс дадавалася характарыстыка: «Все пять человек работают в ко-зе Борецкий поведение хорошее, никаких замечаний нет, работают хорошо и добросовестно, что и подписует» [4, л. 141]. Такім чынам, дакументы ўправы дапамаглі цалкам прасачыць лёс В. Г. Трушкова падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Абавязковай рэгістрацыі падлягалі выпадкі нараджэння, смерці і шлюбаў грамадзян, якія ў сельскай мясцовасці фіксаваліся бургамістрамі, у гарадах – ЗАГСамі [7, c. 71]. Праводзіліся яны па раней існаваўшым формам і правілам. Захаваліся запісы актаў аб нараджэнні, шлюбе і смерці па Паўловіцкай воласці Кіраўскага раёна за некаторыя месяцы 1941, 1942 і 1943 гг.

Звярнуўшыся да запісаў аб нараджэнні, якія захаваліся, можна атры- маць цікавыя звесткі аб жыцці насельніцтва таго часу. Напрыклад, самая вялікая колькасць дзяцей – 11 (бацькам па 42 гады); самым узроставым бацькам з’яўляўся 72-гадовы мужчына (яго жонцы 44 гады); самая вялікая розніца ў сямейнай пары, дзе жонка старэйшая на 9 гадоў (ей 40, яму 32 гады), дзе муж старэйшы за жонку на 30 гадоў (яму 56, ёй 27 год). У запісах аб смерці звяртаюць на сябе ўвагу прычыны смерці: запаленне лёгкіх, запаленне галаўнога мозга, гангрэнічнае запаленне ступні, параліч сэрца, рэўматызм, старасць (у т. л. запісана ў 62-гадовага мужчыны), язва страўніка і інш. [4].

Каштоўнай знаходкай з’яўляецца выяўленне запісаў актаў аб заключэнні шлюбу, заяў аб рэгістрацыі шлюбу, даведак аб адсутнасці запісаў аб шлюбе і інш. па Бабруйскім раёне за 1930–1932 гг. (22 запісы за 1930 г., 18 – за 1931 г., 19 запісаў – 1932 г.). У адным з выпадкаў ёсць памета, што шлюб скасаваны 31 красавіка 1932 г. (зарэгістраваны 16 мая 1931 г.). Пустыя старонкі бланкаў былі выкарыстаны ў жніўні 1941 г. для запісу 5 актаў аб шлюбе.

У матэрыялах упраў можна сустрэць і дакументы персанальнага характару. Сярод іх пасведчанні асобы, пашпарты і выпіскі з іх, пасведчанні аб шлюбе і нараджэнні, аўтабіяграфіі. Апроч гэтага, мясцоваму насельніцтву выдаваліся шматлікія даведкі: аб працы ў калгасе, пацвярджэнні месца пражывання ці, напрыклад, Г. М. Міткевічу аб тым, што ён «нуждается в покупке койки с матрасом, шкафа» [4, л. 66].

Нешматлікую групу складаюць дакументы маёмаснага характару, з якіх можна атрымаць цікавыя звесткі аб жыцці насельніцтва. У якасці прыклада прывядзём акт ад 5 сакавіка 1942 г. аб раздзеле маёмасці грамадзяніна Мікалая Е. з вёскі Барсукі, які памёр у пачатку 1942 г., між дачкой Вольгай, сынамі Пятром і Трафімам, з другога боку – другой жонкай Лідзіяй і яе двума дзецьмі Рыгорам і Соф’яй. У акце пералічана, што каму пераходзіць: Вользе – трохсцен, сарай, цёлка, парася, швейная машынка; Лідзіі – дом (без трохсцена), карова, сарай малы; кажух вялікі Пятру, маленькі – Лідзіі, паддзёўка – Вользе. Гародчык і двор пераходзілі ў агульнае карыстанне. Прадукты харчавання былі падзелены па душах, акрамя таго, Вользе на пабудову выдзялялася дадаткова 50 кг. Лідзія павінна была даваць літр малака ў дзень для дзіцяці Пятра [4, л. 123]. Такім чынам, з гэтых дакументаў можна атрымаць звесткі аб складзе сям’і і некаторых падрабязнасцях іх маёмаснага стану.

У вялікай колькасці захаваліся заявы, якія змяшчаюць звароты і просьбы і адлюстроўваюць штодзённасць і надзённыя праблемы таго часу, а таксама некаторыя падрабязнасці біяграфій заяўнікаў. Напрыклад, у заяве Івана Іосіфавіча Р. бургамістру Чарназёмаўскай сельскай абшчыны, датаванай 16 кастрычніка 1941 г., запісана: «я родился на Украине в г. Ворошилово Ворошиловской области в 1907 г. 24 декабря. В 1920 г. пошел в начальную школу в г. Ворошилова, которую и окончил в 1924 г. С 1924 г. по 1927 г. окончил неполную среднюю школу в том же городе, в 1930 г. — Киевский педагогический техникум. После чего был назначен на педагогическую работу, но ввиду того, что отца раскулачили, вынужден был уехать из Украины и поступить на работу в Денежновскую неполную среднюю школу Ржевского района Калининской области, где проработал в качестве педагога до мобилизации в армию 29 июня 1941 г. В армии не служил ввиду того, что отец был репрессирован. В плен попал 20 июля под Могилевом. При обыске у меня был изъят паспорт». У заключэнне заяўнік прасіў узяць яго на ўлік у сельскую абшчыну [2, л. 74].

У матэрыялах упраў захаваліся дакументы, якія ілюструюць адносіны акупацыйных уладаў да сваякоў партызан. Так, напрыклад, 1 студзеня 1943 г. складзены акт аб канфіскацыі ў грамадзянкі в. Таранкі Сутокскай воласці Варвары Д. каня, паколькі яе муж добраахвотна пайшоў у партызаны і яна з’яўлялася «членом семьи грабителя». Конь быў перададзены паліцыі Сутокскай воласці [8, л. 165]. Таксама складаліся і спісы партызанскіх сем’яў.

Акрамя таго, шэраг спраў прадстаўляе гістарычную каштоўнасць і цікавасць з пункту гледжання таго, на чым яны напісаны. Гаворка ідзе аб дакументах, аформленых на чыстых адваротах створаных раней дакументаў. У гады вайны дэфіцыт паперы адчуваўся не толькі ў партызанскіх фарміраваннях, але і ў органах акупацыйнай адміністрацыі. Таму для дакументавання дзейнасці выкарыстоўваліся чыстыя адваротныя бакі нямецкіх прапагандысцкіх лістовак і плакатаў, этыкетак (напрыклад, ад згушчанага малака). Актыўна выкарыстоўвалі матэрыялы савецкіх устаноў даваеннага перыяду. Напрыклад, на адвароце некаторых дакументаў можна знайсці спісы выбаркі дадзеных аб падатках са спісаў на сельскую гаспадарку на 1928/1929 гг., дзе запісаны прозвішча, імя, імя па бацьку плацельшчыкаў, дакументы сістэмы народнага камісарыята юстыцыі (прадстаўлены абрыўкамі спраў).

Зыходзячы з аналізу дакументаў упраў, можна зрабіць выснову, што яны валодаюць вялікім патэнцыялам пры правядзенні біяграфічных даследаванняў, у той жа час для спрашчэння пошуку інфармацыі неабходна іх распрацоўка і сістэматызацыя.

ЛІТАРАТУРА

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 4п. Воп. 33а. Спр. 644.
  2. НАРБ. – Ф. Воп. 2. Спр. 1343.
  3. НАРБ. – Ф. Воп. 2. Спр. 1344.
  4. НАРБ. – Ф. Воп. 2. Спр. 1350.
  5. Трушков Василий Гордеевич [Электронный ресурс] // Партизаны Беларуси. – Режим доступа: https://partizany.by/partisans/178207/. – Дата доступа: 04.04.2023.
  6. Трушков Василий Гордеевич [Электронный ресурс] // Память народа. – Режим доступа: https://pamyat-naroda.ru/heroes/memorial-chelovek_donesenie 3984873/?backurl=memorialchelovek_donesenie3984873. – Дата доступа: 04.04.2023.
  7. Гребень, Е. А. Система регистрации и учета населения оккупированной Беларуси (1941–1944) / Е. А. Гребень // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць : [зборнік навуковых артыкулаў] / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Мін. дзярж. лінгвіст. ун-т, Ін-т гісторыі НАН Беларусі. – Мінск: МДЛУ, 2009. – Вып. 7. – С. 68– 75.
  8. НАРБ. – Ф. 1450. Воп. 2. Спр. 1354.

Мы в "Facebook"

 

 

Мы в "Одноклассниках"

Мы "В Контакте"

Яндекс.Метрика