Артыкул Дз.Люціка аб падрыхтоўцы, ходзе і выніках аперацыі РККА супраць Польшы у верасні 1939 г.
Зміцер Люцік
Гістарыяграфія.
У верасні гэтага года споўніцца 70 гадоў з моманту правядзення Чырвонай Арміяй вайсковай аперацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У сучаснай беларускай гістарыяграфіі наогул не існуе тэрміна які абазначаў бы падзеі 17-29 верасня 1939 г. Савецкі ідэалагічны тэрмін “уз’яднанне” так і застаецца пануючым. Аднак дадзены тэрмін больш шырокі па свайму сэнсаваму напаўненню і ўключае ў сябе як ваенныя дзеянні, так і гаспадарчыя і дзяржаўныя пераўтварэнні на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У сетцы Internet у дачыненні да вайсковага аспекта вераснёўскіх падзей 1939 года ўжо з’явіліся тэрміны – “міратворчая аперацыя”, “савецка-польская вайна 1939 г.”. У сваім артыкуле я прымяняю іншы тэрмін – “вайсковая аперацыя”. Няма сумніву, што фактычна Чырвоная Армія, пачынаючы з 17 верасня знаходзілася ў стане вайны з Польшчай. Тым больш што польская армія аказвала ёй супраціўленне. Храналагічныя ж рамкі падзей – 2 тыдні (а ўлічваючы арганізаванае супраціўленне польскай арміі – 1 тыдзень), дазваляюць лічыць ваенныя дзеянні лакальнай вайной ці – вайсковай аперацыяй.
Выкладзены ніжэй аналіз правядзення вайсковай аперацыі Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі – стварыць бадай што першы ў беларускай гістарыяграфіі нарыс вайсковай складаемай «ўз’яднання». Польская і расійская гістарычная навукі ўжо сёння маюць вельмі значныя напрацоўкі па гэтай тэматыцы. Вядучымі польскімі даследчыкамі вайсковай аперацыі 1939 г. у Беларусі з’яўляюцца Чэслаў Гжэляк і Віктар Цыган. Самыя грунтоўныя іх працы (Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni. Agresja Związku Sowieckiego na Polskę w 1939 roku. – Neriton. Warszawa, 1998; Cygan Wiktor. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. – Espadon Publishing. Warszawa, 2006) з’яўляюцца глыбокімі гістарычнымі даследваннямі вераснёўскіх падзей. Аўтары шырока абапіраюцца як на польскія матэр’ялы, так і на даступныя фонды расійскіх архіваў. Вядучым даследчыкам дадзенай праблематыкі ў Расіі з’яўляецца М.І. Мельцюхоў (Мельтюхов М.И. Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918-1939 гг. — М.: Вече, 2001; Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина. Советский Союз и борьба за Европу: 1939-1941. — М.: Вече, 2000). Недахопам прац М.І.Мельцюхова з’яўляецца адсутнасць успамінаў удзельнікаў апісваемых падзей, абмежаванасць матэрыяла з польскага боку. Некаторы матэр’ял утрымліваюць і інтэрнэт сайты, такія як: www.hrono.ru; mechcorps.rkka.ru; www.geocities.com і інш.
Падрыхтоўка вайсковай аперацыі.
23 жніўня 1939 г. Савецкі Саюз і Нямеччына падпісалі дамову аб саюзных адносінах, якая ўтрымлівала сакрэтныя пратаколы аб сферах уплыву дзвюх дзяржаў. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як “пакт Молотава – Рыбентропа”. Згодна з ім быў прадугледжваўся падзел польскай дзяржавы. Савецкаму саюзу адыходзілі землі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і ўсходняй Польшы да лініі рэк Вісла – Нараў – Сан. Прадугледжвалася, што пасля пачатку вайны, Чырвоная Армія далучыцца да Вермахта ў баявых дзеяннях супраць Польшы.
З самага пачатку Другой сусветнай вайны СССР пачаў актыўна супрацоўнічаць з Нямеччынай. Ужо 1 верасня, цэнтральная радыёстанцыя Мінска пачала трансляцыю перадач з пазыўнымі “Мінск” – для выкарыстоўвання нямецкімі паветранымі сіламі ў якасці радыёмаяка. Праз некалькі дзён нямецкія караблі ў Атлантыцы атрымалі дазвол накіроўвацца ў Мурманск, дзе яны маглі заставацца ў бяспецы ад англійскага флота. Нямецкія грузы транзітам перапраўляліся ў Ленінград. Дарэчы, калі польскі пасол у Маскве В. Гжыбоўскі звярнуўся да савецкага ўрада з просьбай аб транзіце грузаў для Польшы па тэрыторыі СССР, то атрымаў адмову.
Ужо 2 верасня, у 20 гадзін 00 хвілін, усе памежныя войскі Беларускай вайсковай акругі былі пераведзены ў баявую гатоўнасць. Можна меркаваць, што прыкладны ў гэты самы час пачала распрацоўвацца аперацыя па захопу ўходніх польскіх тэрыторый. Так 3 верасня нарком абароны СССР К. Варашылаў звярнуўся да савецкага ўраду з просьбай прыпыніць дэмабілізацыю з Чырвонай Арміі тэрмінам на адзін месяц з Ленінградскай, Маскоўскай, Калінінскай, Беларускай асобай, Кіеўскай асобай і Харкаўскай вайсковых акруг. На наступны дзень прапанова наркома абароны была зацверджана ўрадам – у войсках засталіся больш за 300 тыс. чалавек.
Баявы лісток
Нямеччына была надзвычай зацікаўлена ў як мага больш хуткім пачатку савецка-польскай вайны, што адпавядала бы дамоўленасці па пакце Молатава-Рыбентропа. Тым не меньш бачна, што падчас сустрэчы наркома замежных спраў В. Молатава і германскага пасла В. фон Шуленбурга 5 верасня 1939 г. канкрэтных планаў дзеянняў СССР у вайне распрацавана яшчэ не было. Савецкі бок нават пагаджаўся з пераходам нямецкімі войскамі ўмоўнай мяжы рэк Нараў – Вісла – Сан.
У 23.00 гадзіны 6 верасня камандванне сямі савецкіх вайсковых акругаў атрымала дырэктыву наркома абароны К. Варашылава аб правядзенні Вялікіх вучэбных збораў згодна з дырэктывай № 0012161 паводле плана “А”. Гэта азначала, што некаторыя вайсковыя часткі разгортваліся за 10 дзён да штатаў вайсковага часу. Зборы пачаліся з наступнага дня. Фактычна гэта была скрытая мабілізацыя арміі, якая рыхтавалася да вайны. Такім чынам ужо ў сярэдзіне верасня Чырвоная Армія павінна была быць падрыхтаванай да ўдару.
Па словах расійскага гісторыка М.І. Мельцюхова, мабілізацыя Чырвонай Арміі праводзілася не зусім арганізавана, са спазненнем на 2-3 дні. Войскі Беларускай Асобай Вайсковай Акругі (далей - БАВА) складаліся з армейскіх групаў – Бабруйскай, Віцебскай, Лепельскай. Кожная група ўключала ў свой склад адзін-два корпуса. Бабруйская армейская група, атрымаўшы прыказ аб мабілізацыі, не пачынала рэальных дзеянняў на працягу амаль што сутак. Тэрміны збору рэзервістаў не выконваліся. У Мінскую армейскую групу прыбылі толькі 28% рэзервістаў. На вакзале ў Віцебску знаходзіліся 4500 рэзервістаў – не хапала транспарту каб іх развезці па вайсковых частках. Яшчэ 13 верасня па БАВА было адмабілізавана толькі 87,7% людзей і 40% коней. Баявая гатоўнасць войскамі не была дасягнута нават 17 верасня, калі вайсковая аперацыя ўжо пачалася. Так напрыклад у 121-й стралковай дывізіі (далей - сд) 10-й арміі ўжо ў баявых дзеянняў знаходзілася да 400 рэзервістаў у грамадзянскай вопратцы і нават босых! Пад час канцэнтрацыі войск каля польскай мяжы вялікія страты неслі танкавыя войскі. Так працэнт паломак дасягаў 10-15%, а ў 32-й лёгкай танкавай брыгадзе (далей - лтбр) нават 50%! Тлумачылася гэта дрэннай падрыхтоўкай механікаў-вадзіцеляў і неправільнай эксплуатацыяй тэхнікі.
Віцебская, Лепельская і Бабруйская армейскія групы разгортваліся ў: 3-ю армію (камкор В.І. Кузняцоў ), 11-ю армію (камдзіў Н.В. Мядведзеў) і 4-ю армію (камдзіў В.І. Чуйкоў). Акрамя таго форміравалася і асобная конна-механізаваная групоўка (камкор І.В. Болдзін).
7 верасня на сустрэчы з кіраўніцтвам Камінтэрна Сталін акрэсліў свае адносіны да Польшы наступным чынам: “знішчэнне гэтай дзяржавы ў цяперашніх умовах значыла б адной буржуазнай фашыскай дзяржавай меньш! Што дрэннага, калі ў выніку разгрома Польшы мы распаўсюдзім сацыялістычную сістэму на новыя тэрыторыі і насельніцтва”. Магчыма, што да гэтага моманту распрацоўка вайсковай аперацыі супраць Польшчы ўжо была завершана.
9 верасня з нямецка-польскага фронта прышло паведамленне аб узяцці вермахтам Варшавы. Супраціўленне польскай арміі падавалася ўжо зламаным. Нарком К. Варашылаў і кіраўнік генштаба Б. Шапашнікаў адразу ж падпісалі загад №16633 Вайсковаму савету Беларускай Асобай Вайсковай Акругі дзе адзначалася што “да канца 11 верасня 1939 г. схавана сканцэнтравацца і быць гатовым да вырашальнага наступлення з мэтай маланкавым ударам разграміць супрацьстаячыя войскі праціўніка”. Згодна загаду Полацкая група павінна была наступаць на г. Свенцяны, Мінская група – у накірунку Ашмяны – Ліда, конна-механізаваная група – на Навагрудак - Ваўкавыск, Слуцкая група – на Баранавічы. Такім чынам СССР рыхтаваўся напасці на Польшу ўжо 12-13 верасня. У той жа дзень нарком замежных спраў В.Молатаў паведаміў В. фон Шуленбургу аб тым што “савецкія ваенныя дзеянні пачнуцца на працягу бліжэйшых дзён”. У Маскву з Берліна быў вызваны савецкі вайсковы аташэ камкор М. Пуркаеў. Ён павінен быў паведаміць вайсковае кіраўніцтва Чырвонай Арміі аб становішчы ў Польшы (камкор М. Пуркаеў быў прызначаны начальнікам штаба БАВА). Аднак загад №16633 не быў даведзены да камандвання акругі, паколькі паведамленні аб узяцці немцамі Варшавы не пацведзіліся. Толькі праз пяць дзён, 14 верасня, загад быў даведзены да войскаў. Тэрміны правядзення аперацыі былі зменены.
Тым часам пачалася перадыслакацыя з Маскоўскай і Ленінградскай акругаў авіяцыі і камандвання 10-й арміі ў БАВА. На працягу 11-15 верасня новая армія пачала разгортванне ў Беларусі. На базе Беларускай акругі было створана камандванне Беларускага фронта (хоць першапачаткова, да 18-19 верасня ў вайсковых дакумантах захоўваліся назвы БАВА і армейскіх групаў). У камандванне ім уступілі – камандарм 2-га ранга М.П. Кавалёў, членамі вайсковага савету былі прызначаны карпусны камісар І. Сусайкаў і сакратар КП(б)Б П. Панамарэнка. Начальнікам штаба фронта быў прызначаны камкор М.А. Пуркаеў.
14 верасня камандванню БАВА была пастаўлена задача перайсці ў наступленне 17 верасня 1939 г. Згодна з гэтай задачай войскі акругі павінны былі заняць паўночна-усходнюю Польшу з аперацыйнай глыбінёй дзеянняў да рэк Вісла і Нараў. Фактычна савецкія войскі павінны былі дайсці да Варшавы.
На наступны дзень, 15 верасня, камандванне акругі выдала загад № 01, дзе ў прыватнасці адзначалася: “беларускі, украінскі і польскі народы сыходзяць крывёю ў вайне з Нямеччынай, задуманай кіруючай памешчыцка-капіталістычнай клікай Польшы. Рабочыя і сяляне Беларусі, Украіны і Польшы паўсталі на барацьбу са сваімі спрадвечнымі ворагамі – памешчыкамі і капіталістамі. Галоўным сілам польскай арміі германскімі войскамі нанесена цяжкая параза. Арміі Беларускага фронта на світанку 17 верасня 1939 г. пераходзяць у наступленне з мэтай садзейнічаць паўстаўшым рабочым і сялянам Беларусі і Польшы ў звяржэнні іга памешчыкаў і капіталістаў і не дапусціць захопу тэрыторыі Заходняй Беларусі Германіяй. Бліжэйшая задача фронта – ліквідаваць і запалоніць узброеныя сілы Польшы, якія дзейнічаюць на ўсход ад літоўскай мяжы і лініі Гродна – Кобрын”. Такім чынам інфармацыя, якая распаўсюджвалася сярод чырвонаармейцаў, карэнным чынам супярэчыла сапраўдным мэтам савецкага кіраўніцтва.
Пры фронце ствараліся 4 аператыўныя групы НКУС колькасцю па 40-55 чалавек. Да кожнай з груп прымацоўваўся батальон памежных войскаў колькасцю ў 300 чалавек. У задачы груп уваходзіла барацьба з польскімі памежнымі войскамі, арганізацыя мясцовай улады, апарата НКУС (усё гэта з членаў груп), барацьба з польскім супраціўленнем, правядзенне арыштаў сярод былой польскай адміністрацыі.
У войсках Беларускай акругі пачалі праводзіцца мітынгі, прысвечаныя “вызваленню Заходняй Беларусі”. Такім чынам, войскі якія рыхтаваліся да вайны былі поўныя энтузіязму. Начальнік палітупраўлення 3-й арміі брыгадны камісар Шулін у дырэктыве № 849900 ад 16 верасня адзначаў: “Байцам, камандзірам і палітработнікам 3-й арміі пашчасціла першым аказаць вайсковую дапамогу народам Польшы ў іх вызваленчай барацьбе супраць памешчыкаў і капіталістаў. Часткі РСЧА ўступаюць на землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны не як заваёўнікі, а як рэвалюцыянеры-вызваліцелі, выпешчаныя вялікай партыяй Леніна – Сталіна”.
16 верасня В. Молатаў пад час сустрэчы з германскім паслом В. фон Шуленбургам паведаміў афіцыйную пазіцыю савецкага ўрада: “польская дзяржава распалася і болей не існуе, таму анулююцца ўсе дамовы, заключаныя з Польшай; трэція краіны могуць паспрабаваць здабыць карысць з існуючага хаосу; Савецкі Саюз лічыць сваім абавязкам умяшацца для абароны сваіх украінскіх і беларускіх братоў і даць магчымасць гэтаму нешчасліваму насельніцтву працаваць спакойна”.
У той жа дзень Вайсковы савет БАВА выдаў загад № 005, дзе войскам Беларускага фронта загадвалася перайсці ў наступленне і “вызваліць” народ Заходняй Беларусі.
Вечарам 16 верасня, у суботу, сілы БАВА былі падрыхтаваны да інтэрвенцыі. Баявыя дзеянні павінны былі пачацца ў 6.00 гадзін раніцы 17 верасня. У складзе сілаў акругі (фронту) знаходзіліся:
- 3-я армія ў складзе: 4-га стралковага корпуса (далей - ск) (50-я і 27-я сд), 10-га ск (126-я і 115-я сд), а таксама асобна 5-я сд, 10-я сд, 24-я кавалерыйская дывізія (далей - кд), 22-я і 25-я лтбр (на ўзбраенні брыгад танкі Т-26);
З-за таго што не ўсе падраздзяленні былі падрыхтаваны да наступлення, з арміі вылучалася т. зв. “Полацкая група” у складзе 4-га ск, 5-й сд, 24-й кд, 22-й і 25-й лтбр. Астатнія сілы заканчвалі канцэнтрацыю на мяжы з Польшай. Камандванне групай прыняў камандуючы 3-й арміяй камкор В.І. Кузняцоў.
- 11-я армія ў складзе: 16-га ск (2-я і 100-я сд), 24-ы ск (139-я і 145-я сд), 64-я і 164-я сд, 3-га кк (7-я і 36-я кд), 6-я лтбр – на ўзбраенні танкі БТ-5 і БТ-7;
Як і ў выпадку з 3-й арміяй не ўсе падраздзяленні былі падрыхтаваны да наступлення. Таму са складу 11-й арміі вылучалася “Мінская група” (16-ы ск, 3-і кавалерыйскі корпус (далей - кк), 6-я лтбр) пад камандваннем камандзіра 3-га кк камдзіва Я.Т. Чаравічэнкі.
- Дзяржынская конна-механізаваная рухомая группа (далей – КМГ) у складзе: 5-ы ск (4-я і 13-я сд), 6-ы кк (4-я, 6-я і 11-я кд – танкавыя палкі дывізій былі ўзброены танкамі БТ-2 і БТ-5), а таксама 15-га танкавага корпуса (далей - тк) (2-я і 27-я лтбр - на ўзбраенні брыгад танкі БТ-7, 20-я механізаваная брыгада (далей - мбр), 21-я цяжкая танкавая брыгада (далей - цтбр) – на ўзбраенні 105 цяжкіх танкаў Т-28;
- 4-я армія ў складзе: 8-й, 55-й, 122-й і 143-й сд, 29-й і 32-й лтбр (на ўзбраенні брыгад танкі Т-26);
Са складу арміі 17 верасня наступаць павінны былі толькі 8-я сд і 29-я лтбр. Астатнія часткі заканчвалі канцэнтрацыю.
- 23-і асобны стралковы корпус пад камандваннем камбрыга С.Д. Акімава ў складзе: 52-й сд і Дняпроўская Ваенная Флатылія.
У другім эшалоне, з раёна Пухавіч, павінна была наступаць 10-я армія пад камандваннем камкора І.Г. Захаркіна у складзе: 11-га ск (121-я і 150-я сд), 3-га ск (6-я, 33-я і 121-я сд);
3-я армія (85 тыс. чалавек, 678 танкаў, 45 бронеаўтамабіляў, 676 гармат і мінамётаў ) павінна была наступаць у накірунку г. Вільня. 11-я армія (265 танкаў) павінна была наступаць у накірунку Маладзечна – Ліда, маючы мяжу з КМГ – раку Нёман. Дзяржынская КМГ – была самым вялікім танкавым злучэннем у фронце (864 танка і бронеаўтамабіля). Яна павінна была наступаць на цэнтральным накірунку на г.Наваградак – Беласток. Гэтым польская абарона рассякалася на дзве часткі. Вялікія механізаваныя сілы групы маглі працягваць наступленне на Варшаву. 4-я армія (508 танкаў) наступала ў накірунку на Баранавічы. Але паколькі тут удар наносіла фактычна толькі адна дывізія і адна танкавая брыгада, у задачу ўваходзіла выйсці на прадполье польскага Баранавічскага ўмацаванага раёну і весці яго разведку. 23-ці асобны корпус (28 танкаў) наступаў на Палессі, у накірунку Пінск.
Усяго ў складзе фронта налічвалася 378 610 чалавек, 2 406 танкаў, 3 167 гармат і мінамётаў. Наступаючыя першымі армейскія групы налічвалі ў сваім складзе каля 200 тыс. чалавек.
Загад №1 г.Гродна
Пад час правядзення вайсковай аперацыі памежныя войскі БАВА атрымалі загад на ліквідацыю польскіх памежных войскаў, а таксама працягванне аховы мяжы і недапушчэнне яе пераходу цывільным насельніцтвам як з савецкага, так і з польскага боку. З мэтай ліквідацыі польскіх памежных заставаў фарміраваліся спецыяльныя штурмавыя групы па 2-3 узвода з 2-3 станкавымі кулямётамі.
Пад час наступлення, па словах камандзіра 6-га кк камдзіва А.Яроменкі, савецкія войскі не павінны былі прымяняць авіябамбардзіроўку гарадоў і іншых населеных пунктаў, а таксама артылерыйскія абстрэлы – нават ваенных пазіцый польскай арміі. Праўда разам з гэтым камдзіў заявіў на міцінге ў 11-й кд свайго корпуса: “Першая Конная армія ў 1920 годзе біла польскіх паноў, гэта яны павінны выдатна памятаць, зараз мы павінны біць у 10 разоў больш і ў апошні раз”.
Услед за савецкімі войскамі ва ўсе гарады і мястэчкі Заходняй Беларусі павінны былі прыбыць камуністы з СССР для арганізацыі ўлады. Мясцовым кадрам (а ў Заходняй Беларусі дзейнічалі сотні былых членаў КПЗБ і КСМЗБ) не давяралі. Тым не меньш, ведаючы пра адносіны беларусаў да Польскай дзяржавы, савецкае камандванне разлічвала на падтрымку і супрацоўніцтва з боку мясцовага насельніцтва.
Польша не рыхтавалася да вайны з СССР. Мабілізацыя савецкай арміі ўспрымалася проста як мера перасцярогі ў сувязі з пачаткам вайны. Фактычна Польша мела на ўсходзе толькі памежныя войскі – КОП (корпус аховы мяжы). Так разведка 4-й савецкай арміі паведамляла: “мяжа да р. Шчара палявымі войскамі не занята, а батальёны КОП па сваёй баявой вывучцы і баяздольнасці слабыя... Сур’ёзнага супраціўлення з боку польскай арміі да р. Шчара чакаць ад палякаў мала верагодна”. Тым не меньш заклапочанасць савецкага камандвання выклікаў Баранавіцкі ўмацаваны раён, дзе палякамі была пабудавана даволі моцна лінія даўгачасовых умацаванняў. У выпадку заняцця яе рэгулярнай арміяй, гэты раён мог стаць перашкодай савецкаму наступленню.
Полькая абарона з усходу прадугледжвала дзеянні згодна з планам “Усход”, зацверджаным яшчэ ў 1928 г. Згодна з ім планавалася выкарыстоўваць абарончыя аб’екты, пабудаваныя ў 1915-16 гг. нямецкай арміяй на лініі: Браслаў – Паставы – Нарач – Смаргонь – Баранавічы – канал Агінскага – Пінск. Акрамя таго абарончыя збудаванні мелі Вільна і Гродна (у апошнім таксама планавалася выкарыстоўваць царскую і нямецкую фартыфікацыю). Вялікую ролю павінен быў адыграць Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак. Тут ўздоўж р.Шчара былі пабудаваны бетонныя аб’екты.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ўсе польскі падраздзяленні былі адпраўлены на нямецкі фронт. На “крэсах” заставаліся толькі невялікія запасныя адзінкі, дзе збіралі рэзервістаў для адпраўкі на фронт, а таксама ахоўныя падраздзяленні. З найбольш вялікіх злучэнняў польскай арміі на ўсходзе быў гарнізон г. Вільня (12-13 тыс. салдат), а таксама гарнізон Гродна (2-2,5 тыс. салдат). У раёне Ваўкавыска заканчвала арганізацыю кавалерыйская брыгада рэзерва “Ваўкавыск” (2 тыс. чалавек). У раёне г. Брэст-Пінск была сканцэнтравана аперацыйная група “Палессе” (да 17 тыс. чалавек). 2 тыс. чалавек налічвала Пінская рачная флатылія. Польскія памежныя войскі ў Заходняй Беларусі налічвалі каля 7 тыс. чалавек. Такім чынам агульная колькасць польскіх войскаў, супрацьстаяўшых войскам БАВА ў лепшым выпадку дасягала 40 тысяч чалавек.
Вайна.
Першы дзень.
У 3 гадзіны 15 хвілін у нядзелю 17 верасня польскаму паслу ў Маскве В. Гжыбоўскаму была зачытана нота савецкага ўрада аб пачатку ваенных дзеянняў супраць Польшы. У ноце адзначалася, што ў сувязі з фактычнай ліквідацыяй дзяржавы, савецкія войскі пераходзяць польскую мяжу і бяруць “пад сваю ахову жыццё і маёмасць насельніцтва”. Пасол адмовіўся прымаць гэты ганебны дакумант, але штосці змяніць гэта ўжо не магло.
У 5.00 (па іншай інфармацыі ў 5.40) пачаліся баявыя дзеянні ў зоне адказнасці Беларускага фронта. Удар нанеслі спецгруппы НКУС, памежныя войскі, а таксама армія: Полацкая група, 5-ы стралковы корпус механізаванай групы І.В. Болдзіна і 4-я армія. Атакам падвергліся польскія заставы і нешматлікія памежныя войскі. У сваёй тактыцы атакуючыя прымянялі ахоп заставаў з розных бакоў, закідванне гранатамі будынкаў «стражніц». Негледзячы на элемент нечаканасці польскія салдаты і афіцэры КОП уступалі ў бой. У большасці выпадкаў польская мяжа была пераадолена хутка. Цікава адзначыць, што ў паласе наступлення 4-й савецкай арміі, польскі батальон КОП “Людвікова”, які не знаходзіўся на накірунку галоўных удараў, здолеў абараняцца аж да 16.00 гадзін дня! Вынікам баёў аддзелаў КОП на накірунку наступлення Беларускага фронта было: 160 забітых польскіх салдат і афіцэраў і 460 узятых у палон. Але гэтыя страты налічвалі усяго толькі 12% ад агульнай колькасці польскіх памежных войскаў. Астатнім удалося адступіць. Страты памежных войск Чырвонай арміі, штурмаваўшых польскія заставы дасягалі згодна савецкіх дадзеных: 29 чалавек было забіта і 111 паранена.
Галоўны ўдар у паласе наступлення 3-й арміі нанасіла правае крыло Полацкай групы (22-я лтбр, 24-я кд і 4-ы ск). Ужо ў 8.00 рухомая група 3-й арміі заняла Докшыцы. За дзень страты 3-й арміі налічвалі – 3 чалавекі загінулі, 24 былі паранены і 12 чалавек утапіліся. 4-я армія не паспела да канца сканцэнтраваць свае войскі, таму раніцай 17 верасня ў наступленні перайшлі толькі 8-я сд і 29-я лтбр. Іх наступленне было накіравана на Баранавічы. 8-я сд, узмоцненая батальёнам танкаў без бою заняла г.Нясвіж. Пазней танкі і 151-ы сп былі абстраляны польскім атрадам пры фарсіраванні р.Чэпра. Кулямётным агнём былі паранены некалькі танкістаў, якія стаялі ў адкрытых люках танкавых башняў. На працягу дня быў заняты таксама Клецк. У горадзе чырвонаармейцы былі абстраляны з боку казармаў, дзе засталіся польскія салдаты.
Польскае вярхоўнае камандванне і прадстаўнікі польскага ўрада не мелі ніякай інфармацыі з Масквы аб дзеяннях Чырвонай Арміі. Толькі позна вечарам, даведаўшыся аб пачатку баявых дзеянняў Савецкім Саюзам, галоўнакамандуючы польскімі войскамі маршал Э. Рыдз-Сміглы аддаў загад: “З Саветамі баявых дзеянняў не весці, толькі ў выпадках з іх боку разбраення нашых частак… Часткі, да размяшчэння каторых падышлі Саветы, павінны весці з імі перамовы з мэтай выхаду гарнізонаў у Румынію ці Венгрыю”. Гэты загад яшчэ больш заблытваў польскіх афіцэраў і вайсковыя падраздзяленні. Не было зразумела – ці знаходзіцца Польша ў стане вайны з СССР.
У 12.00 часткі Мінскай групы 11-й арміі занялі Валожын. А ў 19 гадзін перадавыя атрады групы занялі Маладзечна. Перад горадам, у раёне в.Вілкі, танкавы батальён 100-й сд быў абстраляны салдатамі батальёна КОП “Краснэ”, які адступаў ад мяжы. 1 чырвонаармеец быў забіты. Савецкія танкі затрымаліся.
Падраздзяленні 4-й арміі павінны былі сутыкнуцца з польскай абаронай Баранавіцкага ўмацаванага ўчастка. Таму, для таго каб узмацніць сілы 4-й арміі, камандуючы камдзіў В. Чуйкоў загадаў перайсці ў наступленне не скончыўшым канцэнтрацыю 32-й лтбр і тром батальонам 143-й сд. Падраздзяленні 29-й танкавай брыгады камбрыга С. Крывашэіна каля 10 гадзін раніцы пераадолелі 70 км і выйшлі да м.Сноў. Да Баранавіч заставалася каля 40 км. Аднак у танках амаль не было гаручага. Загадам камандзіра брыгады ў кожным батальёне ўсё гаручае пералівалася ў две роты. Частка танкаў, такім чынам, заставалася на месцы чакаць запраўшчыкі. Пры далейшым наступленні выявілася, што Баранавіцкі ўмацаваны ўчастак, які так апасаліся савецкія камандзіры, не быў заняты польскімі войскамі. Каля 16 гадзін савецкія танкі ўвайшлі ў Баранавічы. Танкавы батальён пад камандваннем маёра І.Д. Чарняхоўскага (будучага генерала) ўвайшоў у горад першым. Не гледзячы на вялікую колькасць польскіх салдат – баявых сутыкненняў у горадзе не адбылося. Праўда на ноч камбрыг Крывашэін загадаў вывесці танкі з гораду. У палон было ўзята ад 3 да 5 тыс. польскіх салдат. Польскі даследчык Ч. Гжэляк абвяргае такую вялікую лічбу польскіх салдат. Успаміны мясцовых жыхароў таксама не пацвяржаюць інфармацыю аб значнай колькасці польскіх салдат у горадзе. Штаб 4-й арміі не ведаў аб ўзяцці Баранавіч танкістамі 29-й брыгады. Пасля атрымання гэтай інфармацыі 8-я сд атрымала загад аб вылучэнні са свайго складу атрада пяхоты і артылерыі для ўстанаўлення поўнага кантролю над горадам. Позна вечарам атрад прыбыў у горад. Вось як успамінаў уваход савецкіх войск у Баранавічы тагачасны навучэнец тэхнічнага вучылішча В. Рамановіч: “Шла кавалерыя і артылерыя на лашадзях. Лашадкі маленькія такія. Салдаты ўсе брудныя, аброслыя. Усе спіны чорныя – у солі. А танкі прыйшлі пазней”. На вуліцы Міцкевіча, каля будынка тэатра збіраліся жыхары горада. Па вуліцы праходзілі савецкія падраздзяленні. Актывісты, былыя члены КСМЗБ, хутка развесілі чырвоныя сцяжкі на дрэвах, на будынку паліцэйскага ўчастка. Адразу ж была арганізавана народная міліцыя. Аднак у першую ж ноч на 18 верасня ў Баранавічах пачаліся рабаванні яўрэйскіх крамаў і напады на яўрэяў. Відаць новая міліцыя не здолела ўтрымаць парадак у горадзе.
Народная міліцыя - Байцы рабочай гвардыі на вуліцах Ваўкавыска, кастрычнік 1939 г
Асаблівая ўвага з боку савецкага камандвання надавалася наступленню Механізаванай групы камкора І.Болдзіна. На працягу першага дня ў штабе групы знаходзіліся камандуючы фронтам камандарм М.П. Кавалёў і намеснік народнага камісара абароны маршал С. Будзёны. Дзяржынская механізаваная група наступала ў двух накірунках: на Навагрудак наступаў 6-ы кк камдзіва А. Яроменкі, а на Слонім – 15-ы тк камдзіва М. Пятрова. Раніцай 17 верасня 145-ы кавполк 4-й кд сутыкнуўся каля в.Жукавы Борак з адступаючым польскім батальёнам КОП “Івянец” пад камандваннем капітана Я.Ноўрата, які замацаваўся па р.Нёман. Малады камандзір палка, не меўшы баявога вопыту, разгубіўся. Для выпраўлення становішча і паскарэння наступлення камандзір корпуса камдзіў А. Яроменка ўвёў у бой цэлы артылерыйскі полк. Такім чынам сам жа А. Яроменка, не гледзячы на ўстаноўку аб непрымяненні артылерыі, пачаў весці поўнамаштабную вайну. Не вытрымаўшы такога націску палякі адступілі. 11-я кд была абстраляна пры ўваходзе ў Стоўбцы. За дзень кавалерыйскі корпус прасунуўся ў глыб польскай тэрыторыі на 90 км.
Вечарам са складу 11-й кд была арганізавана рухомая група (31-ы тп, эскадрон кавалерыстаў на грузавіках і зенітныя кулямёты на аўтамабілях). У яе задачу ўваходзіла ўзяцце Навагрудка. Каля 20.00 17 верасня перадавы рухомы атрад 11-й кавалерыйскай дывізіі ўвайшоў горад. Па ўспамінах камдзіва А. Яроменкі, які ўзначаліў рухомую групу, “мы назіралі дзіўную карціну – на вуліцах ні душы, горад апусцеў, навокал цішыня”. Прагучала некалькі стрэлаў, у выніку чаго загінула некалькі чырвонаармейцаў. Польскі гісторык Ч.Гжэляк піша, што стралялі самі чырвонаармейцы, якія не разабраліся ў цемры хто ёсць хто. Цікава, што савецкія войскі перад горадам сустрэў начальнік навагрудскай паліцыі разам са сваімі ад’ютантамі. Пад час знаходжання камдзіва А.Яроменкі ў горадзе начальнік паліцыі паўсюль суправаджаў яго.
Аднак у першы ж дзень наступлення падраздзяленні Чырвонай арміі сутыкнуліся не толькі з узброенным адпорам польскай арміі, але і з уласнай неарганізаванасцю. Так у 18 гадзін вымушаны быў спыніцца ў м.Дуніловічы рухомы атрад 3-й арміі. У танках 22-й брыгады камбрыга І.Г. Лазарава скончылася паліва. Запраўшчыкі не дабраліся да танкаў, бо не былі прапушчаны камандзірам 24-й кавалерыйскай дывізіі камбрыгам П. Ахлюсцінам.
Вынікі першага дня наступлення паказалі – польская армія (а дакладней яе памежныя часткі) была дэмаралізавана і сур’ёзнага супраціўлення не аказвала. Мясцовае беларускае насельніцтва сустракала Чырвоную Армію калі і не з радасцю, то прынамсі добразычліва. Асабліва моцнае ўражанне на насельніцтва “крэсаў” аказвала савецкая тэхніка. Людзі ўпершыню бачылі танкі, бронеаўтамабілі, артылерыю. Мой дзед, жыхар адной з заходнебеларускіх вёсак успамінаў, што калі савецкія танкі праходзілі праз іх вёску хлопцы аблеплівалі іх і з захапленнем праязжалі на машынах разам з танкістамі. На ўсё жыццё ён запомніў як адзін з жыхароў вёскі Палаўкі Ваўпянскай гміны (дарэчы рэпрэсаваны праз некалькі месяцаў новай уладай) папрасіў у савецкіх танкістаў наліць ў бутэльку бензін для запальнічкі. Танкіст не доўга думаючы наліў яму вядро бензіна. Гэта ўразіла ўсіх жыхароў вёскі – бензін у Польшы каштаваў дорага. Камічны эпізод, звязаны з савецкімі танкамі адбыўся ў адной з вёсак ў ваколіцах Баранавіч. Калі савецкія танкі (хутчэй за ўсё з 29-й лтбр) спыніліся ў вёсцы, некалькі мясцовых сялян выскачылі да іх і пачалі рубіць тэхніку сякерамі. Здзіўленым танкістам пазней растлумачылі, што польская прапаганда сцвярджала, што ў Савецкага Саюза танкі фанерныя. Мясцовыя жыхары вырашылі гэтую інфармацыю праверыць.
Чырвоная армія сутыкнулася з цяжкасцямі, звязанымі як з дзейнасцю тыла, так і арганізацыі камандвання. Сувязь не была надзейная і даводзілася карыстацца дэлегатамі сувязі. Так, напрыклад, было ў 3-й арміі. Штабы не ведалі аб месцазнаходжанні сваіх частак. Не з лепшага боку паказалі сабе рэзервісты, прызваныя ў армію напярэдадні баявых дзеянняў. Нават невялікія сутычкі з польскімі атрадамі выклікалі ў іх амаль паніку. Так у савецкіх справаздачах паведамлялася: “Толькі дзякуючы таму, што перад намі не было рэгулярнай нерпыяцельскай арміі, здольнай да вядзення рэгулярных баёў, у падраздзяленнях не дайшло да непатрэбных стратаў і крыві”.
Улічваючы адсутнасць арганізаванага супраціўлення з польскага боку савецкім камандваннем было прынята рашэнне аб арганізацыі рухомых групаў, якія выдзяляліся са складу танкавых палкоў савецкіх дывізій. Гэта павінна было забяспечыць паскарэнне тэмпа наступлення.
Баі за Вільню.
18 верасня наступленне Чырвонай Арміі працягвалася. 3-я армія наступала ў накірунку Вільні. Ужо ў 7 гадзін раніцы 18 верасня разведгрупа 22-й лтбр заняла Паставы. Разведка 24-й кд (танкавы ўзвод і ўзвод бронеаўтамабіляў) заняла каля 13 г. 30 хв. Свянцяны. Дарэчы, камандуючы 24-й кд камбрыг П.Ахлюсцін ізноў не прапусціў тылавыя калоны 22-й лтбр. У выніку ў танкаў брыгады скончылася паліва на падыходзе да Свянцян. Штаб Беларускага фронта 18 верасня выдаў загад № 00207 аб захопе Вільні. Удары павінны былі наносіць 24-я кд, 22-я і 25-я лтбр 3-й арміі з паўночнага-усходу і 36-я кд і 6-я лтбр 11-й арміі з паўднёвага-усходу.
Штаб 3-й арміі атрымаў загад на працягу дня выйсці да горада Вільня і заняць яго. На той момант у арміі ўжо востра адчуваўся недахоп гаручага. Згодна загаду задача павінна была быць выканана раніцай наступнага дня – 19 верасня. Камандуючы арміяй паставіў задачу авалодання горадам групе камбрыга П. Ахлюсціна – камандуючага 24-й кд. Аднак гэты загад не ўлічваў таго факта, што ў Свянцянах знаходзіўся толькі адзін 10-ы танкавы полк. Асноўныя сілы дывізіі былі яшчэ на маршы і патрабавалі адпачынку. Таму вечарам, у 22.30 са складу дывізіі для наступленя на Вільню быў вылучаны толькі адзін згаданы танкавы полк. Кавалерыйская дывізія павінна была падыйсці да горада пазней. Да танкавага палка далучаўся разведбатальон 27-й сд, а таксама кавалерыйскі полк на аўтамабілях (700 чалавек). Групу ўзначаліў палкоўнік Ламака. Танкі 22-й і 25-й лтбр не маглі працягваць наступленне з-за недахопу гаручага. На працягу дня яны бездапаможна стаялі ў Свянцянах. Толькі ў ноч на 20 верасня камандзір 25-й лтбр камбрыг А.В. Борзікаў змог адправіць у Вільню две групы танкаў (тры ўзвода танкаў Т-26 і два ўзвода бронеаўтамабілей), зліўшы для іх гаручае з астатніх машын.
Са складу 11-й арміі для захопу Вільні былі вылучаны частка Мінскай групы (3-ці кк і 6-я лтбр). Але і гэтыя сілы на працягу дня не паспелі падысці да горада. Ужо каля 14.00 часткі 3-га каўкорпуса занялі Ашмяны. Са складу корпуса камандзір камдзіў Чэравічэнка выдзяліў два танкавых палка (7-ы і 8-ы), якія працягвалі наступленне ў накірунку Вільні. 8-ы тп дагнаў адступаючы польскі батальён КОП “Краснэ”. Не збаўляючы хуткасці, танкі 2-га эскадрона пад камандваннем ваеннага тэхніка 2 ранга Панова пачалі давіць абоз польскага палка разам з салдатамі. Пачалася паніка. У палон да танкістаў трапіла 153 польскіх салдата і афіцэра. Іншы батальён КОП “Будслаў” адступаў у накірунку Вільні праз Вілейку. Польскіх салдат тут ніхто не чакаў. Пры ўваходзе ў населены пункт мясцовыя жыхары пабудавалі трыумфальныя брамы для сустрэчы Чырвонай Арміі. Увайшоўшы ў горад палякі загадалі брамы разабраць.
Гарнізон Вільні складаўся з прыблізна 6,5-7 тыс. салдат і 7 тыс. апалчэнцаў без зброі. На іх узбраенні знаходзілася каля 20 гармат і некалькі дзясяткаў кулямётаў. Камандуючы польскім гарнізонам палкоўнік Я. Акуліч-Казарын рыхтаваў горад да абароны. З літоўскай мяжы ў горад быў перакінуты полк КОП “Вільня”, з моладзі фарміраваліся атрады самаабароны. Аднак 18 верасня камендант атрымаў загад ад генерала Альшыны-Вільчынскага, камандуючага ДОК-3 (камандванне 3-га акруговага корпуса), аб несупраціўленні Чырвонай Арміі. Таму ў загадзе па гарнізоне горада Вільня адзначалася: “мы не знаходзімся з бальшавікамі ў стане вайны… небаявыя часткі павінны пачаць эвакуацыю з горада, баявыя застаюцца на пазіцыях, але ім нельга страляць без загада”. Ізноў жа, гэтым загадам, як і загадам Э.Рыдз-Сміглага, у польскім гарнізоне была падарвана воля да абароны.
Генерал Юзэф Альшына-Вильчыцки, расстраляны савецкими афицэрами каля Сапоцкина
Перадавыя сілы савецкага 3-га кк (танкавыя палкі) 11-й арміі падыйшлі да горада ўжо каля 17 гадзін вечара 18 верасня. Камандуючы 2-м польскім батальёнам падпалкоўнік С. Шылейка запрасіў у камандуючага гарнізонам дазвол на адкрыццё агня. Ваганні камандуючага польскім гарнізонам прывялі да таго, што 8 савецкіх танкаў 8-га тп без бою прайшлі польскую абарону. Камендант гарнізона прыняў рашэнне пакінуць горад і ў 17.35 аддаў загад аб адступленні. Частка польскіх войск паспела пагрузіцца ў цягнік і ад’ехаць у кірунку Гродна. На перамовы з савецкімі войскамі з горада быў высланы падпалкоўнік Т. Падвысоцкі. Аднак перамовы скончыліся няўдала. Яго аўтамабіль з белым сцягам быў абстраляны з савецкіх танкаў. Каля 19 гадзін Т. Падвысоцкі, прыняў камандванне гарнізонам (палкоўнік Я. Акуліч-Казарын пакінуў горад). Ён адмяніў загад былога камандуючага і заклікаў да абароны горада. Аднак арганізаванай абароны стварыць было ўжо нельга. Адныя часткі адступалі ў Літву, іншыя працягвалі заставацца на месцах. Некаторыя польскія афіцэры скончылі жыццё самагубствам. Негледзячы на гэта, у горадзе ўжо ішлі баі, удзел у якіх прымала гімназічная моладзь. Супраць савецкіх танкаў шырока выкарыстоўваліся “кактэйлі Молатава”.
Вайсковая аперацыя - Вильня, 19 верасня 1939 г.
Частка савецкага 8-га тп 36-й кд спрабавала прабіцца да Зялёнага моста праз Вяллю. У раёне Полацкай вуліцы машыны ст. лейтэнанта Бадыля сутыкнуліся з агнём двух 75-мм польскіх гармат. Польскія артылерысты не мелі супрацьтанкавых снарадаў. Савецкія ж танкісты не мелі супрацьпяхотных, таму стралялі толькі з кулямётаў. У выніку боя адзін савецкі бронеаўтамабіль быў падбіты.
Каля 18.00 да горада падышлі часткі 6-й савецкай лтбр. Яны атакавалі чыгуначны вакзал. 1-я рота брыгады заняла яго, але яе далейшае наступленне было спынена абаронцамі. Па інфармацыі расійскіх гісторыкаў М. Паўлава і І. Жаўтова ў гарадскіх баях удала выкарыстоўваліся артылерыйскія танкі БТ-7А. Узброеныя 76,2-мм гарматамі яны растрэльвалі будынкі і дахі дамоў з якіх аказвалася супраціўленне. Цікава адзначыць, што палякі, рыхтуючыся да баёў, паспелі зрабіць імправізіваны бронецягнік, які складаўся з паравоза і двух вагонаў, абшытых лістамі сталі і меў на ўзбраенні кулямёты. У раёне вакзала абараняўся польскі атрад паручыка Пелашоўскага. Абаронцы здолелі знішчыць адзін савецкі танк і адзін пашкодзілі.
Вечарам, на падыходзе да Зялёнага моста савецкія танкі былі спынены агнём кулямётаў супрацьпаветранай абароны. На працягу ночы тры танкі былі падбіты. У выніку агня быў падбіты танк камандзіра эскадрона ст.лейт. Бадыля. Каля 22.30 падпалкоўнік Т. Падвысоцкі аддаў загад гарнізону аб адступленні да літоўскай мяжы.
Каля 4.00 гадзін раніцы 19 верасня ўвесь атрад палкоўніка Ламакі быў у горадзе. Атрад таксама атакаваў Зялёны мост. За яго разгарнуліся цяжкія баі. Палякі неаднаразова спрабавалі знішчыць мост. Аднак усе спробы заканчваліся няўдала. Атака атрада палкоўніка Ламакі таксама скончылася безвынікова. Толькі ў 7 гадзін раніцы савецкія падраздзяленні 8-га тп здолелі захапіць мост і прарвацца ў паўночную частку горада. Раніцай, каля 8 гадзін, да горада падышлі часткі 3-га кк – 7-я кд. Кавалерыйскія часткі ахапілі горад з усходу і захаду. Аднак баі ў горадзе не спыняліся. Пры пераправе праз Зялёны мост у 14.00 быў падбіты савецкі танк і бронемашына БА-10. Толькі пасля 18 гадзін 19 верасня арганізаванае супраціўленне польскага гарнізона было спынена.
Згодна савецкіх дадзеных на працягу баёў часткі 3-й і 11-й армій страцілі ў баях за Вільню: 13 чалавек забітымі і 24 параненымі. 5 танкаў БТ-7 і бронеаўтамабіль БА-10 былі знішчаны, яшчэ 3 бронемашыны былі падбіты. У палон да Чырвонай Арміі трапіла да 10 тыс. дабраахвотнікаў і салдат, бронецягнік, 94 паравоза, 600 тон бензіна і 250 коней. Значнай частцы віленскага гарнізона ўдалося пазбегнуць палона і адступіць у накірунку Літвы ці Гродна. Камендатам горада Вільна быў прызначаны камбрыг П. Ахлюцін.
Вынікі баёў за Вільню паказалі, што савецкія танкавыя войскі не былі належным чынам падрыхтаваныя да баёў у гарадскіх умовах. Польскія войскі, не меўшыя адпаведнай супрацьтанкавай зброі, якія да таго ў значнай ступені складаліся з памежнікаў, добраахвотнікаў і рэзервістаў здолелі спыніць савецкія атакі і нават удала адбіваць іх атакі на працягу 18 верасня. Аднак вопыт баёў танкаў у Вільні не быў улічаны савецкім камандваннем.
18-20 верасня. Паўстанні ў беларускіх мястэчках і цяжкасці ў наступленні.
18 верасня
18 верасня працягвалася наступленне Чырвонай арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Часткі 100-й сд 11-й арміі, наступалі ў накірунку Ліды. На працягу дня імі было занята м.Крэва.
У гэты ж дзень сілы наступаючых савецкіх груповак былі значна павялічаны ў выніку далучэння да вайсковай аперацыі 10-й арміі і 23-га корпуса. Гэтыя сілы перайшлі ў наступленне не скончыўшы мабілізацыю свайго асабістага складу.
10-я армія перайшла польскую мяжу, рухаючыся ў другім эшалоне за КМГ. Пасля 16 гадзін 18 верасня польска-савецкую мяжу перайшлі падраздзяленні 23-га асобнага ск, а дакладней толькі 52-я сд. Дывізія наступала на Палессі. На наступны дзень, пасля невялікага бою быў заняты Давід-Гарадок і Лунінец. Часткі дывізіі адчулі недахоп гаручага ўжо ў першы дзень. Акрамя таго коні, рэквізаваныя ў палескіх калгасах, былі настолькі слабыя і худыя, што не маглі цягнуць вайсковыя грузы! Таму пасля пераходу праз мяжу часткі 52-й дывізіі пачалі рэквізаваць коней ў заходнебеларускіх сялян. “Вызваленне ад панскага гнёту” на Палессі пачалося.
Часткі 15-га танкавага корпуса камдзіва М. Пятрова з КМГ наступалі на г. Слонім. Да 16.00 18 верасня горад быў заняты. Савецкія войскі былі ссутракалі ў Слоніме з радасцю. Адступаючыя польскія падраздзяленні, спалілі мост праз Шчару. Такім чынам агромністай масе танкаў прышлося карыстацца толькі адным мастом. Гэта выклікала вялікую (прыкладна на дзесяць гадзін) затрымку ў наступленні корпуса.
6-ы кк камдзіва А. Яроменкі Дзяржынскай конна-механізаванай групы развіваў наступленне ў накірунку г. Ваўкавыск. У механізаваных падраздзяленнях корпуса (а гэта тры танкавых палка) пачаў адчувацца востры недахоп паліва. Па загаду камандзіра корпуса паліва злівалі з кожнага трэцяга танка і бронеаўтамабіля. Такім чынам часткі корпуса маглі працягваць наступленне ў накірунку Ваўкавыска, праўда зменшаныя на 1/3. Пераліў гаручага таксама заняў даволі шмат часу. На працягу дня часткі корпуса так і не выканалі загад – ні Ваўкавыск, ні Ліда заняты не былі. У 6-ы кк прыбыў член Ваеннага савету фронта Т.Мікалаеў – штаб фронта быў вельмі незадаволены адстутнасцю наступлення. Камандуючаму корпусам была зроблена вымова.
Тым часам камандванне Беларускім фронтам загадала Дзяржынскай групе заняць Гродна і Сакулку да канца 19 верасня сіламі не меньшымі чым адна кавалерыйская дывізія. Асноўныя сілы групы павінны былі сканцэнтравацца да канца 18 верасня ў трохкутніку Рось – Бераставіца – Ваўкавыск. Ведаючы, у якім становішчы знаходзіліся падраздзяленні групы І. Болдзіна, можна было адразу сказаць, што выканаць загад будзе проста немагчыма. Войскамі яшчэ не быў выкананы папярэдні нават загад. Такім чынам бачна, што камандванне Беларускім фронтам не да канца ўяўляла сабе ўмовы наступлення сваіх падраздзяленняў. Больш таго, першыя сімптомы крызісу наступлення (масавы недахоп паліва), не выклікалі занепакоеннасці камандвання.
Начальнік штаба Беларускага фронта камкор Пуркаеў у той жа дзень аддаў загад на бамбардзіроўку авіяцыяй гарадоў Брэст і Беласток. Далей на захад дзейнасць авіяцыі была забаронена – існавала вялікая верагоднасць бамбардзіроўкі нямецкіх “саюзных” войскаў.
У той жа дзень, 18 верасня, па тэрыторыі Гродзеншчыны пачалі ўспыхваць антыпольскія паўстанні. Пачуўшы пра пачатак наступлення Чырвонай Арміі, жыхары заходнебеларускіх мястэчак чакалі хуткага падыходу савецкіх войскаш. Так ў Гродне паўстаўсталі гарадскія рабочыя, былыя члены КПЗБ і спачуваючыя ім. Яны вызвалілі палітычных зняволеных з гарадской турмы. Аднак польскі гарнізон горада пад камандваннем палкоўніка Б. Адамовіча здолеў спыніць паўстанне і ўзяць пад кантроль горад. У баі было паранена 2 польскіх салдата. Некалькі паўстанцаў занялі абарону ў цэнтры горада ў скверы, спрабуючы паралізаваць рух у цэнтры горада. Паўстаўшыя схаваліся і ў гарадскім саборы. На працягу дня вяліся спарадычныя абстрэлы польскіх салдат з дахаў дамоў. Польскія страты склалі 2 салдата забітымі.
У м.Скідзель моцная групоўка былых членаў КПЗБ і маладых людзей арганізавалі рэўком (на чале з М. Літвінам, Г. Шагуном, І. Мышко і інш.). Усё мястэчка было захоплена паўстаўшымі. На адміністртыўных будынках з’явіліся чырвоныя сцягі. Паўстанне раскінулася і на навакольныя вёскі. Скідзельскае паўстанне было найбольш актыўным на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Для яго падаўлення ў Скідзель былі кінуты з Гродна сілы паліцыі і аплчэння – каля 200 чалавек.
У мястэчку Лунна, якое знаходзілася ў 40 км на паўночны захад ад Ваўкавыска дзейнасць падпольнага камуністычнага актыва таксама была адчувальная. Яшчэ за некалькі дзён да ўступлення Чырвонай Арміі ў Лунна актыў з навакольных вёсак пад кіраўніцтвам былых членаў КПЗБ (У.І. Касіла, Рымарчык, Я.І. Глод) стварыў рэвалюцыйны камітэт. Вынікам яго дзейнасці была арганізацыя патруля на мосце праз Нёман. Прадстаўнікі мясцовай польскай улады і паліцэйскія збеглі з мястэчка ўжо 17 верасня. На працягу гэтага часу народная міліцыя – “ястрабкі”, як яны сабе называлі, лавілі адступаючых польскіх салдат, паліцэйскіх і іншых падазроных асоб, адбіраючы ў іх зброю і абмундзіраванне. Саміх арыштаваных садзілі ў імправізаваную турму. Праўда разам з сапраўднымі актывістамі КПЗБ ў Лунна хапала і напоўкрымінальнага элемента. Мясцовае насельніцтва дасюль успамінае гэты час як перыяд безуладдзя і хаоса. Жыхарка м.Лунна С. Швед згадвае: “Адзін босы, з чырвонай лентай. Сеў на каменю і б’е камушкам па вінтоўцы прыгаворваючы: “Ішоў па вуліцы – знайшоў уладу!” Сярод жыхароў мястэчка самаабвешчаная “улада” таксама правяла арышты. Былі арыштаваны ксёндз і праваслаўны святар а таксама некалькі найбольш багатых яўрэяў (праўда пасля прыходу Чырвонай Арміі ўсіх іх выпусцілі). Аднаго яўрэя, уладара крамкі па продажы ліманаду, прымусілі збіраць на вуліцы конскі навоз. Можа таксама і з-за такіх “рэцэдываў” Чырвоную Армію віталі радасна, кветкамі (якія моладзь аператыўна нарвала на палісадніку ў арыштаванага ксяндза) і ўрачыстай брамай. На дамах вешалі чырвонае палатно – адныя з радасці, іншыя са страху – каб не ўпасці ў няміласць новай уладзе. З прыходам арміі безпарадкі ў мястэчку спыніліся.
18 верасня часовы выканаўчы камітэт быў створаны ў в. Верцялішкі. Паўстанцы раззброілі польскую паліцыю і калонію асаднікаў, якая знаходзілася каля сяла. У м. Воўпа камуністычныя актывісты з навакольных вёсак таксама арыштавалі паліцэйскіх. Па непацвержанай інфармацыі яны былі растраляны. Прыкладамі вінтовак насмерць быў забіты прыкладамі гмінны пісар. Тры польскіх паліцэйскіх былі забіты і ў Сакулцы. Рэвалюцыйныя камітэты былі створаны і ў Азёрах, Вялікай Бераставіцы, Астрыне, Дубне, Зельве, Дзярэчыне.
Вельмі актыўна “дзейнічаў” рэвалюцыйны камітэт у м.Вялікая Бераставіца. Пад яго кіраўніцтвам па тэрыторыі гміны пракацілася цэлая хваля паляванняў на прадстаўнікоў польскай улады. У ноч на 18 верасня ў Малой Бераставіцы, мясцовыя пракамуністычныя актывісты на чале з яўрэйскім гандляром Айзікам (?) арыштавалі некалькі чалавек польскай адміністрацыі гміны і інтэлігенцыі (войта, сакратара, касіра, паштальёна, настаўніка і інш.). Па інфармацыі польскага даследчыка М. Вержбіцкага над німі здзекваліся (паілі вапнай) пасля чаго кінулі ў яму з вапнай і засыпалі. Актыўна дзейнічалі і актывісты навакольных вёсак – Масаляны, Данілкі, Зайкаўшчына, Гольні і Шыдловічы. У маёнтку Гольні была забіта сям’я польскага асадніка А. Казлоўскага. У маёнтку Зайкаўшчына былі забіты два ляснічых з маёнтка пана Біспінга, а ў в. Данілкі – інжынер В. Берэцці. Усяго ў наваколіцах Бераставіцы было забіта да 50 чалавек. Вынікам дзейнасці рэўкама ў Зельве было 12 забітых палякаў. Да забойства палякаў дашло і ў Жыдомлі, Квасоўцы, Індуры, Азёрах, Свіслачы. Польскі даследчык Ежы Новак піша, што ініцыятарамі гэтых дзеянняў у беларускіх мястэчках былі яўрэі, хаця падобнае меркаванне нагадвае больш няўдалую «ідэалагічную» канструкцыю.
Рэвалюцыйны камітэт у Азёрах 18 верасня ўстанавіў сваю ўладу. Па яго загаду затрымліваліся і раззбройваліся групкі польскіх салдат.
Такім чынам па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках пракацілася хваля паўстанняў і выступленняў. Кіруючую ролю ў іх адыгрываў пракамуністычны актыў, былыя члены КПЗБ і далучыўшыяся да іх моладзь а таксама ў пэўнай ступені маргінальны і нават крымінальны элемент. Жыхары ахопленых паўстаннямі мястэчак чакалі падыходу Чырвонай Арміі. Аднак у гэты ж час у наступленні савецкіх войск адбываецца затрымка.
19 верасня
Ад раніцы 19 верасня працягваў наступленне на Палессі 23-ці асобны корпус. 58-ы сп, наступаючы ў авангардзе, замест наступлення на Кажангарадок пачаў наступаць на Дрэбск. Калона штабу 23-га ск, падышоўшы да Кажангарадка трапіла пад абстрэл. Польскія салдаты з батальона КОП “Сенкевічы” занялі высоты вакол мястэчка. У штабе не маглі зразумець – куды падзеўся перадавы полк? У калоне пачалася паніка. Стан выратаваў разведбатальон 25-га карпуснога артылерыйскага палка. Падаспеўшыя падраздзяленні 58-га палка вымусілі палякаў адступіць да Лунінца. Савецкія страты налічвалі 3 забітых і 4 параненых.
Пасля пяці гадзін раніцы 19 верасня перадавы атрад 6-га кк КМГ (8 танкаў і два ўзвода зенітных кулямётаў) заняў без бою г. Ваўкавыск. На чале атрада знаходзіўся сам камадзір корпуса камдзіў А.Яроменка. У горадзе быў арганізаваны мітынг. З’явілася і народная міліцыя. Танкі размясціліся ў лесе на паўночным-захадзе ад горада. У заходнім накірунку была выслана разведка. Праз дзве гадзіны ў горад увайшла пяхота 101-га сп 4-й сд. Аднак галоўныя сілы 6-га кк значна адставалі ад свайго перадавога атрада і знаходзіліся яшчэ ў раёне: Ланцэвічы – Вялікія Азеркі – Дзярэчын (на паўночным-усходзе ад Зельвы, у 30-35 км ад Ваўкавыска). Сувязі з астатнімі падраздзяленнямі механізаванай групы ў корпуса не было. Большасць коней, рэквізаваных для кавалерыі, не была прыгодна для далейшых дзеянняў. Гэта паўставала ў вялікую праблему. Праўда камдзіва А. Яроменку, які знаходзіўся ўжо ў Ваўкавыску, а не ў штабе корпуса ў Дзярэчыне, гэта, здаецца, мала непакоіла.
Актыўна дзейнічалі толькі невялікія разведатрады 6-га кавалерыйскага корпуса. Так у м.Свіслач каля 13 гадзін дня ўвайшоў разведвальны атрад 6-га кк, які складаўся з двух бронеаўтамабіляў. Тут адбыўся бой з 3-м польскім эскадронам 2-га палка ўланаў. Не чакаючыя атакі польскія кавалерысты былі абстраляны. Некалькі ўланаў былі забіты і паранены. Каля 35 чалавек трапілі ў палон. Эскадрон здолеў адыйсці з мястэчка.
У той жа дзень Чырвонай Арміяй была занята і Ліда. Згодна савецкім крыніцам горад на працягу дня штурмавалі як часткі КМГ, так і 11-й арміі. Горадам, пасля невялікага бою авалодаў 152-і кавполк. Атака бронеаўтамабіляў і кавалерыі зламалі супраціўленне. Загінула 50 абаронцаў горада. У палон трапіла да 2500 польскіх салдат. Польскія даследчыкі Ч. Гжэляк і В. Цыган не згаджаюцца з такой вялікай лічбай. Па іх інфармацыі, у Лідзе 19 верасня наогул не магло быць вялікіх злучэнняў польскай арміі. Магчыма таксама, што ў палон былі ўзяты не толькі салдаты, а наогул усе, хто быў падобны на вайскоўца. Па іншай інфармацыі горадам авалодаў зводны механізаваны атрад камбрыга Разанава (разведбатальён і 365-ы танкавы батальон 2-й сд, 100-ы танкавы батальон 100-й сд). Каля 21.00 19 верасня атрад камбрыга Разанава увайшоў у Ліду. Першым у горад увайшоў разведвальны батальён 2-й сд, а праз гадзіну і іншыя сілы атрада камбрыга. Цалкам верагодна, што абодва савецкія атрады ўваходзілі ў горад амаль адначасова – кавалерысты першыя а танкісты другія.
19 верасня часткі Чырвонай арміі (магчыма разведатрады 6-га кк) занялі г.Масты. Жыхарка в.Занёманск (зараз частка горада) Буйко Г.М. успамінае: “Чырвоная Армія была яшчэ ў Ваўкавыску, а ў канцы вёскі Занёманск была ўжо зроблена брама. На ёй развіваліся чырвоныя сцягі. Насельніцтва рыхтавала пачастункі і падарункі воінам. Першым асеннім ранкам у вёску прыбылі кавалерысты, за імі – пехацінцы і другія роды войск”. У фабрычным пасёлку Мастоў быў створаны камітэт па ўстанаўленню савецкай улады. Ён арганізаваў ахову чыгуначнага маста праз Нёман і праводзіў арышты адступаючых польскіх салдат.
Раніцай 19 верасня камкор І. Болдзін аддаў загад № 03, згодна якому 15-ы тк павінен быў наступаць на Гродна і заняць яго на працягу дня. Аднак з-за недахопу гаручага і запасных частак для тэхнікі сілы 15-га корпуса ўвесь дзень 19 верасня прастаялі ўздоўж трасы Слонім – Ваўкавыск! Гаручага чакалі 128 танкаў 27-й лтбр. Перагружанасць дарог шматлікай савецкай тэхнікай і дрэнная арганізацыя рабілі немагчымым своечасовую запраўку і абслугоўванне бронесілаў групы. Вялікім быў і працэнт паломак. Так у той жа 27-й лтбр налічвалася 53 выйшаўшых са строю танкаў, у 2-й лтбр – 18 танкаў. Толькі ўмяшальніцва намесніка камісара абароны маршала С. Будзёнага, які знаходзіўся ў штабе Беларускага фронта, дазволілі арганізаваць вечарам 19 верасня падвоз гаручага з арганізаваных у Стоўбцах складоў, а таксама транспартнымі самалётамі. Дарэчы сказаць, яшчэ 17 верасня кіраўнік штаба 6-га кк палкоўнік Забелін высказваў думку аб падвозе паліва заранёў. Тады яго думку праігнаравалі. Цягам дня савецкія танкі невялікімі групамі, ці нават паасобку накіроўваліся з раёна Слоніма ў накірунку Валкавыска.
Трэба адзначыць, што праца штаба КМГ была неэфектыўнай. Войскі не ведалі, дзе знаходзяцца іх суседзі, загады штабу даводзіліся з вялікім спазненнем. Не была арганізавана праца тыла і разведка. Такім чынам самае моцнае злучэнне фронта губляла каштоўны час, прастойваючы на месцы. І ўсё гэта ўлічваючы тое, што група яшчэ не сутыкалася з арганізаваным супраціўленнем польскай арміі!
Затрымка наступлення Чырвонай арміі 19 верасня (а фактычна наступленне спынілася) прывяла да таго, што некаторыя паўстаўшыя заходнебеларускія населеныя пункты былі разгромлены польскімі войскамі. Падыходу дапамогі яны так і не дачакаліся.
У сярэдзіне дня 19 верасня карны атрад з Гродна падыйшоў да мястэчка Скідзель. У мястэчку пачаліся вулічныя баі. Аднак паўстаўшыя не маглі доўга аказваць супраціўленне. З паўстаўшымі беларусамі жорстка расправіліся. Так Л. Пачымку, аднаму з кіраўнікоў паўстаўшых, паліцэйскія адрэзалі вушы і выкалалі вочы, на спіне выразалі зорку. Усяго было забіта 29 чалавек. Некаторыя будынкі Скідзеля былі падпалены.
Самым вялікім злучэннем польскай арміі, якое супрацьстаяла наступаючым савецкім войскам у накірунку Гродна была кавалерыская група ротмістра Вішаватага (рэшткі 2-га і 10-га уланскіх палкоў – усяго 5 эскадронаў). Адступаючы з Ваўкавыска, польскія кавалерысты накіроўваліся на Скідзель – Гродна. Падыходзячы каля 21 гадзін 19 верасня да мястэчка Дубна, якое было занята мясцовымі камуністычнымі актывістамі, група была абстраляна. Рухаючыся наперадзе 2-гі эскадрон паручыка рэзерва Васілеўскага трапіў пад вінтовачны агонь. Палякі ў адказ уступілі ў бой, які хутка скончыўся. У пакаранне за супраціўленне мястэчка было падпалена. Значная колькасць дамоў згарэла. Каля 3 гадзін ночы 20 верасня польскія кавалерысты ўвайшлі ў Скідзель.
Польская кавалерыйская рэзервная брыгада “Валкавыск”, адступаючы ў накірунку г. Гродна разграміла 19 верасня рэўкам у Астрыне. Населены пункт быў спалены. Многія з жыхароў растрэльваліся на месцы. 20 верасня ў мястэчка Азёры ўвайшоў польскі 110-ы полк уланаў з кавалерыйскай брыгады “Ваўкавыск”. Пасля невялікага бою рэўкам быў разгромлены. Некаторыя з яго членаў растраляны.
20 верасня
На працягу дня актыўныя баявыя дзеянні праводзілі толькі 23-ці асбны корпус, 4-я армія і Дзяржынская КМГ.
У сярэдзіне дня 20 верасня да р.Ясельда каля Пінска выйшаў матарызаваны атрад 52-й дывізіі 23-га корпуса. Палякі ўзарвалі драўляны мост праз раку. Чыгуначны мост быў замініраваны. Камандзір савецкага атрада палкоўнік Кузьмін паставіў перад горадам ультыматум – калі мост будзе ўзарваны, ён пачне абстрэл горада з артылерыі. З дапамогай мясцовых падпольшчыкаў удалося пераправіцца праз раку і перарэзаць шнуры да выбуховага матэрыялу. Савецкія танкі пачалі ўступаць у горад. Польскія маракі (у Пінску базіравалася ваенная флатылія) паспелі ўзарваць мост праз р.Піна, чым затрымалі наступленне савецкіх войск. Выбухам быў знішчаны савецкі танк. Пачаўся абстрэл савецкіх войск. Агнём танкаў быў падпалены касцёл, на вежы каторага размяшчаўся польскі кулямётчык. Раніцай наступнага дня горад быў захоплены. Страты савецкіх войск склалі 4 чалавека забітымі, 5 параненымі і 2 былі ўзяты ў палон. У горадзе былі захоплены ў палон 205 польскіх салдат. 23 верасня ў Макранах чырвонаармейцы растралялі 150 польскіх афіцэраў, адступіўшых з Пінска.
Падраздзяленні 32-й лтбр з 4-й арміі 20 верасня занялі Кобрын. Цікава, што на працягу 17-19 верасня ў горадзе ішлі баі паміж польскімі салдатамі 30-й пяхотнай дывізіі (рэзервістамі з запасных падраздзяленняў, сама дывізія ў гэты час ваявала пад Модлінам) і наступаючымі нямецкімі войскамі.
Танкі 29-й лтбр камбрыга С. Крывашэіна занялі раён Пружан. Згодна з загадам камандуючага яны праводзілі разведку ў накірунку г.Брэст. Каля м.Відомль разведатрад устанавіў кантакт з немцамі (19-ы тк генерала Г. Гудэрыяна). Нямецкія войскі занялі горад яшчэ 15 верасня. Разведка танкавай брыгады вярнулася ў суправаджэнні некалькі дзясяткаў нямецкіх салдат і афіцэраў. Сам камбрыг так успамінаў гэты момант: “Не маючы дакладных указанняў, як сябе паводзіць з немцамі, я папрасіў начальніка штаба выйсці на сувязь з камандармам, а сам з камісарам заняўся ні чым не абавязваючай гутаркай з імі. Гутарка праходзіла ў ленінскай палатцы, дзе на складваючыхся партатыўных стэндах, разам з паказальнікамі баявой падрыхтоўкі і росту прамысловай магутнасці нашай краіны, віселі плакаты з заклікамі да ліквідацыі фашызма. У многіх немцаў былі фотаапараты… Адзін з іх сфатаграфаваў на фоне антыфашыскага плаката нас з камісарам у групе немецкіх афіцэраў… Накарміўшы немцаў наварыстым рускім баршчом і шашлыком па-карскі, мы адправілі іх, даўшы наказ перадаць “гарачае прывітанне” генералу Гудэрыяну”. Былыя ворагі станавіліся сябрамі. Камбрыг С. Крывашэін не дагаворвае толькі таго, што “дзіўныя” адносіны з фашыскай Германіяй на тэрыторыі ваюючай Польшы выклікалі неразуменне ў галовах шматлікіх савецкіх афіцэраў і салдат, а таксама мясцовага насельніцтва.
Падраздзяленні 3-й арміі на працягу дня фактычна не дзейнічалі. Часткі 5-й, 10-й і 50-й дывізій падыходзілі да літоўскай мяжы. Танкавыя падраздзяленні (22-я і 25-я лтбр) займаліся рамонтам і абслугоўваннем тэхнікі. Невялікія сутычкі з польскімі атрадамі адбыліся ў 4-й сд і атрада 22-й лтбр. Фактычна не дзейнічалі і падраздзяленні 11-й арміі (акрамя групы камбрыга Разанава).
Баі за Скідзель-Гродна.
Раніцай 20 верасня матарызаваная група камбрыга Разанава з 16-га ск атрымала загад камандуючага 11-й арміі наступаць з Ліды ў накірунку Скідзель – Гродна. Гэтыя дзеянні камандвання арміі супярэчылі яе мэтам у аперацыі – яна павінна была выйсці на мяжу з Літвой і перакрыць шляхі адступлення для польскіх войск. У сваю чаргу штаб Беларускага фронта не ведаў пра планы 11-й арміі ў дачыненні да Гродна. Як ужо згадвалася вышэй – наступленне на Гродна, па планах штаба фронта, павінна была праводзіць КМГ, прычым сіламі кавалерыйскай дывізіі корпуса камдзіва А. Яроменкі. Гэты прыклад яшчэ раз дэманструе адсутнасць аператыўнасці і зладжанай працы штабоў розных узроўняў. Наогул 20 верасня штабам фронта быў выдадзены загад № 4 аб ліквідацыі КМГ і далучэнню яе падраздзяленняў да 10-й арміі, наступаючай у другім эшалоне. Гэта ўносіла хаос у наступаючыя частках. Праз некаторы час загад ці быў адменены, ці проста не выконваўся.
У той жа дзень паліва гпрэшце пачаў атрымоўваць 15-ы танкавы корус КМГ. Камдзіў М. Пятроў паставіў наступныя задачы: 27-я лтбр камбрыга І.І. Юшчука павінна была наступаць на Гродна праз Індуру і Вялікую Бераставіцу, а 2-я лтбр камбрыга А.В. Куркіна - на г.Сакулка. 4-я кд 6-га кк павінна была таксама наступаць на Гродна. Аднак толькі каля 18 гадзін вечара падраздзяленні корпуса перайшлі ў наступленне.
Матарызаваны атрад капітана Новікава з 2-й лтбр (у колькасці 43 танкі) пачаў наступленне з Ваўкавыска ў накірунку Сакулкі. Каля 14 гадзін атрад падышоў да г. Сакулка і заняў яго. Да канца дня была занята пасля невялікага бою і Дамброва-Беластоцкая.
Каля 11 гадзін раніцы механізаваная група камбрыга Разанава з 11-й арміі падышла да м. Скідзель. Населены пункт быў заняты кавалерыйскім атрадам ратмістра Р. Вішаватага. Раніцай 20 верасня ў Скідзелі атрымалі паведамленне з Мастоў аб тым, што горад заняты Чырвонай Арміяй. Кавалерысты з групы ротмістра Р.Вішаватага пачалі рыхтавацца да абароны. На шашэйным мосце праз Котру абарону заняла батарэя гармат з кавалерыйскага атрада.
Атрад камбрыга Разанава атакаваў мястэчка пасля 11 гадзін. У механізаваным атрадзе налічвалася 14 танкаў з 365-га танкавага батальёна 2-й сд (камандзір батальёна майор І.Г. Чарапкін ) і 317-га танкавага батальёна 100-й сд (камандзір батальёна капітан А.М. Чарняўскі). На ўзбраенні батальёнаў знаходзіліся танкі Т-26 з адной і двумя башнямі, плаваючыя Т-37/38. Першым да мястэчка падышоў танкавы ўзвод ст. лейтэнанта Ярашэнкі. Пасля сутычкі з атрадам польскай кавалерыі ў 5 км ад Скідзеля ён працягваў наступленне. Скідзель атакаваў 317-ы танкавы батальён (астатнія сілы атрада яшчэ знаходзіліся на падыходзе). Некалькі разоў савецкія танкі спрабавалі прарвацца праз мост, аднак іх атакі былі адбіты агнём польскай артылерыйскай батарэі. Толькі пасля гібелі камандзіра батарэі паручыка Лісоўскага 6-ы польскі эскадрон адступіў. Такім чынам мост быў фарсіраваны савецкай тэхнікай. Агнём польскіх гармат і гранатамі былі падбіты два савецкіх танка (хутчэй за ўсё Т-37/38).
Сутыкнуўшыся з танкамі, польскія кавалерысты адступілі ў Скідзель. Аднак супрацьтанкавага ўзбраення ў іх не было. Тым не меньш бой цягнуўся некалькі гадзін. Танкі атрада камбрыга Разанава ўварваліся ў мястэчка. Палякі падпалілі мост праз р. Скідлянка, аднак савецкія танкі паспелі мінуць яго. Плаваючыя танкі Т-38 пераадолелі раку ўплаў. Значную дапамогу Чырвонай арміі аказалі і мясцовыя падпольшчыкі. Яны пачалі абстрэльваць палякаў на вуліцах населенага пункта. Бой разгарнуўся на рынку. Тут, па польскай інфармацыі, было падбіта яшчэ 4 савецкіх танка. Пасля гэтага бою, не атрымаўшы дапамогі з Гродна, каля 18 гадзін польскі кавалерыйскі атрад адступіў на Жыдомлю. Страты кавалерыстаў склалі: 4 афіцэра і 20 кавалерыстаў забітымі. Згодна савецкіх рапартаў падчас баёў у Скідзелі 1 танк Т-38 і 1 бронемашына былі падбіты, быў паранены 1 танкіст.
На працягу дня савецкімі войскамі быў узяты ў палон атрад з 2-га палка ўланаў (каля 50 чалавек), які адступаў на Гродна. Салдаты былі выпушчаны, а 10 афіцэраў і князь Чацвярцінскі былі растраляны ў Скідзелі.
Пасля бою ў Скідзелі атрад камбрыга Разанава на працягу дня заставаўся ў мястэчку. Загад аб наступленні на Гродна такім чынам выкананы не быў. У накірунку Гродна наступала толькі 27-я лтбр камбрыга І.І. Юшчука. У складзе брыгады знаходзілася 146 танкаў БТ і 11 бронеаўтамабіляў. Некаторыя часткі брыгады адсталі, чакаючы запраўкі. Камдзіў М. Пятроў загадаў запоўніць поўныя бакі танкам, для манёўра на Гродна. Паліва хапіла толькі для 63 танкаў і 2 бронеаўтамабіляў, а таксама 8 грузавікоў. Першым выйшаў у гродзенскім накірунку разведбатальон (11 танкаў, бронеаўтамабіль, санітарны аўтамабіль і аўтамабіль з радыёстанцыяй).
У Гродна польскі гарнізон рыхтаваўся да абароны. Вуліцы блакіраваліся барыкадамі, салдатам раздалі бутэлькі з гаручай сумессю. Асаблівая ўвага надавалася абароне мастоў праз Нёман, а таксама абароне горада з усходу і паўночнага-усходу. Гарнізон горада складаўся з шэрагу асобных, невялікіх частак. У яго склад уваходзілі: маршавы батальон 29-й пд, 31-ы каравульны батальон, атрад падпаручыка А. Іглеўскага з 200 чалавек, асабовы склад 5-га авіяцыйнага палка з г.Ліда, групы жандармерыі і паліцыі, батальона КОП “Паставы”, 2 зенітна-кулямётныя роты. На іх узбраенні было 5 гармат, у тым ліку 2 зенітныя “Бафорс”, калібру 40-мм. Па інфармацыі польскага гісторыка Ч. Гжэляка агульная колькасць гарнізону горада дасягала 2,5 тыс. чалавек. Узначаліў гарнізон палкоўнік Сядлецкі, а з 21 верасня – брыгадны генерал В. Пшэздзецкі.
Каля 8 гадзін раніцы 20 верасня да паўднёвай часткі горада падышлі савецкія танкі БТ-7 разведбатальёна пад камандваннем майора Багданава. Абароны Занёманскага фарштата фактычна не было. Каля чыгуначнай лініі ў палон трапіла два польскіх салдата, якія не паспелі нават папярэдзіць абаронцаў горада. Паўднёвая частка горада была атакавана з ходу і ўзята без бою. У такім становішчы камандзір батальёна, згодна з загадам камандзіра брыгады, прыняў рашэнне заняць мост і самыя галоўныя пункты на супрацьлеглым беразе (танкавы ўзвод лейтэнанта Я. Чарнова павінен быў фарсіраваць Нёман па чыгуначнаму масту і заняць вакзал, узвод ст. лейтэнанта М. Яўсеева павінен быў заняць пошту і тэлеграф). 5 танкаў і бронеаўтамабіль павінны былі заняць Фарштадт і ўтрымліваць шашэйны мост праз Нёман. Пры гэтым камандзір батальёна маёр Багданаў не меў ні якага ўяўлення аб сілах і магчымасцях абаронцаў горада.
Атака савецкіх танкаў праз шашэйны мост была настолькі нечаканай што польскія салдаты, заняўшыя абарону ў казармах 81-га пп (будынкі былога тонкасуконнага камбіната), без бою прапусцілі іх праз мост. Савецкія танкі ўварваліся такім чынам у горад. Ч. Гжэляк піша, што першы танк быў знішчаны адразу каля казармаў 81-га пп. Аднак на думку гісторыка В. Цыгана першым быў спалены танк ст. лейтэнанта М. Яўсеева на плошчы Свабоды (цяпер плошча Тызенгаўза), у центры горада, каля будынка пошты. БТ-7 уступіў у бой з польскай зенітнай гарматай. У выніку боя ў танка была пашкоджана гусеніца. Пасля гэтага польскія салдаты і добраахвотнікі закідалі яго бутэлькамі з бензінам і спалілі. Другі танк быў спалены ў цэнтры горада на вул. Гувера. Калі аднаго з членаў экіпажа ўзялі ў палон ён крычаў: “Таварышы, не забівайце, таварышы, не забівайце, мы вас вызваліць прышлі”. Гэта фраза вельмі вобразная. Яна паказвае, што дзякуючы прапагандзе для савецкіх салдатаў і афіцэраў уся гэтая аперацыя сапраўды была “вызваліцельным паходам”. Тое, што яны выступалі ў якасці агрэсараў, не ўкладвалася у галовах большасці чырвонаармейцаў.
У раёне вул. Дамініканскай савецкі танк расціснуў польскую зенітную гармату, але і сам быў падбіты. Яго спаліла гімназістка. Экіпаж трапіў у няволю. Разлік другой польскай зенітнай гарматы заняў пазіцыю каля казармаў 81-га палка. Такім чынам шашэйны мост ізноў быў перакрыты. Яшчэ два танка былі спалены на плошчы Баторыя і на вул. Скідзельскай. Апошні танк быў спалены каля казармаў 81-га палка, калі ён спрабаваў прабіцца праз мост назад на Занёманскі фарштадт. Штабны аўтамабіль з радыёстанцыяй быў падпалены на мосце. Хутчэй за ўсё ён ішоў услед за танкамі, але калі яны паспелі праскочыць праз мост, аўтамабілю не пашанцавала. Польскі гісторык Я. Ледвух піша, шта быў падбіты і танк майора Багданава. Аднак іншыя крыніцы гэтага не пацвяржаюць. Абаронцы такім чынам знішчылі ўсе 6 танкаў, перайшоўшых праз Нёман па мосце. Па савецкім дадзеным страты батальона дасягнулі 4-х падбітых танкаў, бронеаўтамабіля і аўтамабіля з радыёстанцыяй.
Пасля 10 гадзін раніцы да Занёманскага фарштата падышлі астатнія сілы 27-й лтбр – 1-ы і 2-і батальёны (42 танка і каля роты салдатаў). Камандзір брыгады палкоўнік Юшчук са штабам і камандзір 15-га тк камдзіў М.Пятроў таксама прыбылі ў Гродна. Частка танкаў распачала абстрэл польскіх пунктаў абароны з супрацьлеглага берага. Пазней да іх далучылася артылерыя. У адказ палякі адкрылі агонь з зянітнай гарматы “Бафорс” падпаручыка Насаліка і кулямётаў. Аднак савецкі артылерыйскі агонь быў больш трапны. Справа ў тым, што гэты агонь карэктавалі мясцовыя падпольшчыкі па гарадскому тэлефоне. На працягу перастрэлкі танкі ізноў спрабавалі прабіцца ў горад, аднак спроба скончылася няўдачай. Палякі паведамлялі пра 2 падбітыя зеніткай БТ-7. У гэтых баях загінуў камандзір танкавага батальёна маёр Ф.І.Квітко.
На працягу дня сілы штурмуючых павялічваліся. Так у горад прыбыў 119-ы сп 13-й сд маёра К. Введэнскага. Пры штурме маста загінуў ст. палітрук Г.А.Гарнавых, які ўзначаліў атаку адной з рот 27-й лтбр. Да 20 гадзін танкісты сумесна са 119-м палком замацаваліся ў паўднёвай частцы Гродна.
Ноччу з 20 на 21 верасня, пры дапамозе мясцовых жыхароў у раёне гарадскіх могілак Нёман фарсіравала група мал. лейтэнанта Шайхідзінава са 119-га сп. Яна здолела замацавацца на супрацьлеглым баку ракі. Да раніцы тут сканцэнтравалася два батальёна чырвонаармейцаў. Трэці батальён палка павінен быў наступаць праз шашэйны мост.
На працягу ночы працягваўся артылерыйскі абстрэл горада. Група чырвонаармейцаў спрабавала фарсіраваць раку вышэй горада, аднак спроба скончылася няўдала. Група польскіх салдат таксама фарсіравала Нёман, праўда ў адваротным накірунку. У мясцовасці Фолюш імі было забіта некалькі чырвонаармейцаў, што выклікала ў савецкіх падраздзяленнях паніку. Такім чынам першы дзень баёў паказаў – пры выкарыстанні адных танкаў нельга захапіць вялікі горад нават з нешматлікімі абаронцамі. На працягу дня страты савецкай брыгады былі наступнымі: 15 чалавек былі забіты, 11 паранены, спалены 3 танка і радыёстанцыя, падбіты 6 танкаў і бронеаўтамабіль. На ноч танкі 27-й брыгады былі выведзены з горада для папаўнення палівам. Аднак яго, як звычайна, не хапала. Таму ізноў бензін пералівалі з адных танкаў у другія. На працягу ночы ў Гродна падышлі кавалерыйская брыгада “Ваўкавыск” і група ротмістра Р.Вішаватага. Польскі гарнізон такім чынам таксама ўзмацніўся.
Раніцай 21 верасня штурм Гродна Чырвонай Арміяй ўзнавіўся. Зараз танкі суправаджалі групы савецкай пяхоты. Каля 9 гадзін раніцы атаку праз мост пачала група 20-й мбр, якая пасля пачатку вайны нарэшце далучылася да свайго 15-га тк. Пры гэтым брыгада страціла два бронеаўтамабіля БА-20 (адзін быў падпалены бутэлькай з гаручай сумессю, другі быў падбіты агнём польскай гарматы). Цяжкія баі ішлі паміж польскімі атрадамі і 1-м і 2-м батальонамі 119-га сп у раёне гарадскіх могілак. Акрамя таго баі ішлі за казармы 29-га артпалка па вул. Скідзельскай (у раёне цяперашняга аўтавакзала). Каля 10 гадзін раніцы з усходу ў горад уварвалася матарызаваная група камбрыга Разанава, з 16-га ск, якая падышла са Скідзеля. Танкі 317-га танкавага батальёна капіна А. Чарняўскага пасля двухгадзіннага бою далучыліся да батальёнаў 119-га палка. Вулічныя баі дасягнулі такой жорсткасці, калі чалавечыя каштоўнасці гублялі свой кошт. Так абаронцы горада ўспаміналі, што савецкія танкісты (хучэй за ўсё з 317-га танкавага батальёна) прывязалі да танка ў якасці жывога шчыта 13-гадовага хлопчыка!
З поўдня да горада падышла і група 6-га кавалерыйскага корпуса. Яна атакавала праз шашэйны мост. Атаку 11 танкаў узначаліў сам камандзір 6-га кк камдзіў А. Яроменка. Аднак атакі танкаў былі спынены абаронцамі. Бетонныя перашкоды і моцны кулямётны агонь спынілі атакуючых. Пры гэтым былі падбіты 2 браневіка і 2 танка БТ-5. Сам А. Яроменка быў паранены ў нагу.
Каля 14 гадзін камандуючы польскай абаронай горада брыгадны генерал В. Пшэздзецкі загадаў пакінуць горад і адступаць у накірунку Літвы. Польскія атрады пачалі адступаць з горада ўжо каля палудня. Аднак, баі не спыніліся. Працягвалі абараняцца будынкі казармаў 81-га пп каля шашэйнага маста і Стары замак, а таксама некалькі будынкаў у горадзе. Так зенітная гармата падпаручыка Насаліка абараняла мост пакуль ёй у тыл не вышлі савецкія салдаты са 119-га палка. Цікава што нават у гэтай сітуацыі гармата была вывезна з горада. Па польскай інфармацыі разлік гарматы знішчыў не меньш 6 танкаў.
Танкі групы камбрыга Разанава ў сярэдзіне дня занялі пошту, электрастанцыю. Каля 15 гадзінаў камбрыг Разанаў прыбыў у штаб 15-га тк. Ён паведаміў камдзіву М. Пятрову аб заняцці Гродна. Праўда вышэйназваныя пункты яшчэ аказвалі супраціўленне. З надыходам ночы з горада былі выведзены 119-ы, 101-ы сп і пяхота 20-й брыгады. Танкісты засталіся без пехотнага прыкрыцця. У выніку гэтага палякамі быў спалены танк камандзіра ўзвода мал. лейт. Алексанава разам з экіпажам. Танк лейт. Мірскага з 317-га батальёна быў таксама падпалены, але механніку пашчасціла збіць пламя. Вечарам савецкія танкі, па загаду камдзіва М. Пятрова, былі таксама выведзены з цэнтральнай часткі горада. За дзень страты КМГ складалі 6 забітых і 5 параненых. Да Гродна тым часам падышла 4-я кд КМГ. У ноч на 22 верасня польскі гарнізон пакінуў Гродна.
Раніцай 22 верасня часткі КМГ і механізаваны атрад 16-га корпуса падрыхтаваліся да новых баёў. Агульная кіраўніцтва сіламі ажыцяўляў камкор І. Болдзін. Аднак каля 7 гадзінаў раніцы прыйшла інфармацыя ад адступленні з горада польскага гарнізона. Савецкія войскі прыступілі да ачышчэння горада ад дробных групак абаронцаў, якія не паспелі, ці не захацелі адступіць з Гродна. На працягу дня, ў выніку перастрэлак у горадзе было паранена 7 чырвонаармейцаў са 101-га палка. Такім чынам горад быў канчаткова заняты Чырвонай Арміяй. Савецкі гарнізон узначаліў камбрыг Разанаў.
Страты ў баях за горад (20-22 верасня) КМГ былі вельмі вялікімі: 57 чалавек забіты, 159 паранены. Было падбіта 19 танкаў і 4 бронемашыны. З іх 27-я лтбр згубіла 14 танкаў БТ-7 (2 спалены і 12 падбіты). Група Разанава з 16-га ск згубіла – 6 забітых, 5 параненых. Адзін танк быў знішчаны і два – падбіты. Польскія страты па савецкай інфармацыі дасягалі 644 чалавек забітымі і 1543 палоннымі. У якасці трафеяў былі захоплены 514 вінтовак, 50 рэвальвераў, 146 кулямётаў, 1 зенітная гармата, 1 мінамёт.
У Гродна пачаліся расправы з удзельнікамі супраціўлення. Так мал. лейтэнант Дубавік з узвода сувязі 101-га сп 4-й сд атрымаў загад адканваіраваць з горада 80 палонных польскіх салдат. Адышоўшы з калонай на 2 км ад горада ён ўстроіў дазнанне тым палякам, якія прымалі ўдзел у забойстве бальшавікоў. Пасля гэтага лейтэнантам Дубавіком былі растраляны 29 чалавек. Наогул у гэты дзень у горадзе было растраляна да 300 чалавек – як салдатаў, так і добраахвотнікаў. Ч. Гжэляк узгадваў, што на ўсходняй ускраіне горада савецкімі танкістамі было задаўлена шмат абаронцаў.
Такім чынам скончыліся баі Чырвонай Арміі за горад Гродна. Баі ў горадзе былі адзіным прыкладам такога працяглага супраціўлення польскіх атрадаў. Чырвоная Армія ў баях за горад таксама панесла самыя вялікія страты за ўсю кампанію.
Бой у вёсцы Кодзеўцы.
Фінальны акорд.
Большая частка гродзенскага гарнізону адступіла ў сярэдзіне дня 21 верасня на поўнач уздоўж Нёмана ў накірунку в.Гожа. Там размяшчалася паромная пераправа праз раку. Зенітная гармата падпаручыка Насаліка заняла пазіцыю для забеспячэння пераправы на выпадак з’яўлення савецкай авіяцыі. На працягу вечара і ночы на 22 верасня польскія войскі пераправіліся праз раку і пачалі адступаць у накірунку м.Сапоцкін. Менавіта ў раёне мястэчка быў прызначаны пункт збору частак гродзенскага гарнізона. Польскія войскі спадзяваліся замацавацца на старых умацаваннях Гродзенскай крэпасці, дзе знаходзіліся вайсковыя склады.
Вечарам у раёне м.Сапоцкін знаходзіліся наступныя польскія часткі: у самім мястэчку размясціліся штабныя часткі, асобныя пяхотныя атрады і частка батальёна КОП “Сейны”, у навакольных вёсках сталі на начлег два эскадрона кавалерыйскай групы ратмістра Р.Вішаватага, два эскадрона 1-га палка ўланаў, 101-ы і 102-гі палкі уланаў, 103-ці полк конных стралкоў, зводны батальён гродзенскіх абаронцаў. На ноч былі выстаўлены баявыя ахраненні.
Для разгрому польскіх войск у Аўгустоўскіх лясах са складу 2-й лтбр, якая размяшчалася ў Сакулцы, 21 верасня была вылучана механізаваная група пад камандваннем майора Ф. Чувакіна. Група ўключала ў сябе: танкавы батальон – 34 танка БТ-7 і 3 (па іншай інфармацыі – 6) бронеаўтамабіля БА-10, матарызаваны батальон – 34 аўтамашыны і 470 чалавек, разведвальны ўзвод – 3 БА-10, батарэя артылерыі і ўзвод зенітных кулямётаў. Толькі 2/3 танкаў і машын былі запраўленыя цалкам. Астатнія выйшлі маючы толькі палову бакаў гаручага. Адчуваўся недахоп правіянта – толькі палавіне асабістага складу атрада хапіла правіянта на два дні. Астатнія танкі 2-й брыгады заставаліся ў Сакулцы не маючы паліва.
На наступны дзень падобны атрад (20 танкаў БТ-7 і 1 БА-10) у накірунку Аўгустоўскай пушчы выслала і 27-я лтбр.
Каля 2 гадзін ночы 22 верасня атрад майора Ф. Чувакіна дасягнуў в. Белічаны. На працягу дарогі тэхнічныя страты атрада склалі 4 танка БТ-7. У гэты ж час, польскія патрулі пачулі шум танкавых рухавікоў і забачылі ў цемры святло ад фар. Польскія сілы былі прыведзены ў баявую гатоўнасць.
Праз некаторы час 7 танкаў матарызаванага атрада майора Ф.Чувакіна знянацку ўварваліся ў вёску Кодзеўцы, дзе размяшчаўся 101-шы полк уланаў. Каля 4 гадзін раніцы вёска была атакавана галоўнымі сіламі атрада з некалькіх накірункаў. Савецкія танкі, без падтрымкі пехоты ўварваліся ў вёску. Кіраванне боем з савецкага боку адсутнічала. Кожны танк дзейнічаў самастойна. Польскія кавалерысты ізноў атрымалі магчымасць даволі лёгка распраўляцца з савецкімі танкамі. У першую чаргу знішчаліся танкі абсталяваныя радыёстанцыяй, якую лёгка было пазнаць – яна выглядала як поручні вакол башні.
Пад час бою супраць танкаў палякі вакарыстоўвалі бутэлькі з гаручай сумессю і нават керасінавыя лампы, якія кідалі запаленымі на танкі. Па ўспамінах удзельнікаў салдат, жадаючых кінуць бутэльку з бензінам у праязжаючыя па вёсцы савецкія танкі было так многа, што камандзірам даводзілася ўстанаўліваць чаргу атакі. Адзін з удзельнікаў бою ўспамінаў: “Танкі, што ехалі па дарозе праз вёску, мы атакавалі з-за дамоў бензінам. Радасць была вялікая, калі нам удавалася які-небудзь падпаліць. Такі танк ехаў яшчэ якісці час, але пазней вымушаны быў спыніцца і адчыніць люкі. Ну а далей былі нашыя прыканчвалі тых танкістаў”. Узвод польскіх сапёраў спрабаваў падкласці пад савецкія танкі супрацьпяхотныя міны, аднак станоўчых вынікаў гэта не дало – міны былі занадта слабыя. На працягу ночы танкі ўрываліся ў вёскў каля 12 разоў! Аднак захапіць яе ім так і не ўдалося.
У самой вёсцы абараняўся 101-ы полк, які і панёс самыя вялікія страты – асабліва 2-гі і 3-ці эскадроны (да 50% асабовага складу). Бой цягнуўся 5 гадзін. Згодна савецкай інфармацыі палякам удалося знішчыць 4 танка БТ-7 і 5 аўтамашын. Савецкія страты склалі: 11 чалавек забітымі і 14 параненымі. У палон трапіла да 60 польскіх салдат. Палякі паведамі што падбілі 22 савецкіх танка, з якіх 17 танкаў падбіў 101-ы полк у Кодзеўцах.
Адначасова з боем у Кодзеўцах атрад савецкіх танкаў уварваўся ў м.Сапоцкін. Тут спрабавалі абараняцца аддзелы батальёна КОП “Сейны”. Дзякуючы кулямётнаму і мінамётнаму агню савецкія танкі ўдалося на некаторы час ўтрымаць. Танк мал. лейтэнанта А. Пташкіна падарваўся на міне. Мястэчка ўсёж было ўзята савецкімі танкістамі.
Парэшткі польскіх атрадаў адступілі ў Аўгустоўскія лясы. Раніцай каля м. Сапоцкін савецкімі танкістамі ў палон быў узяты генерал Альшына-Вільчынскі, які на месцы быў растраляны.
Кодзеўскі бой яшчэ раз паказаў недастатковую падрыхтаванасць і непрафесійнасць савецкіх танкавых войск. Па першае савецкімі войскамі не была праведзена разведка мясцовасці. Ізноў жа танкі дзейнічалі ў населеным пункце без падтрымкі пяхоты, ды яшчэ і ў начных умовах, што ўдакладняла арыенціроўку. Польскія ж кавалерыйскія часткі, наогул не маючы супрацьтанкавага ўзбраення, здолелі доўгі час адбіваць атакі бронетэхнікі. Негледзячы на тое, што Кодзеўцы ўсёж былі заняты савецкімі войскамі раніцай і, такім чынам можна лічыць што бой быў выйграны, у баі адчуваецца перамога польскага баявога мастацтва.
Канец.
На працягу 21 верасня часткі 32-й лтбр 4-й арміі занялі Гарадзец. У баях за горад савецкія войскі панеслі адчувальныя страты – 2 танкі былі падбіты, 6 чалавек загінулі і 2 паранены. Адзін танк з разведроты быў накіраваны на разведку ў г.Антопаль. Заняўшыя абарону палякі здолелі пашкодзіць яго. Экіпаж танка адмовіўся здавацца і адстрэльваўся пакуль не скончыўся боезапас. Пасля гэтага палякі абклалі танк дворамі і падпалілі. Экіпаж згарэў. Увайшоўшая ў горад разведрота 32-й лтбр захапіла ў палон каля 500 салдат і 32 афіцэра польскай арміі. Салдат раззброілі і адпусцілі, а афіцэраў перадалі ў органы НКУС. Ноччу на гарнізон горада напаў польскі атрад, які фактычна разграміў савецкія часткі. 29-я лтбр заставалася ў раёне Пружан, займаючыся рамонтам тэхнікі.
Пехотныя часткі арміі выконвалі загад камдзіва Чуйкова аб выхадзе на лінію Пружаны – Кобрын, ужо занятую сваімі танкавымі злучэннямі. Да канца дня 8-я сд здолела дасягнуць згаданай лініі толькі тымі сіламі, якія перавозіліся аўтамабілямі. Астатнія падраздзяленні яшчэ знаходзіліся на маршы. 143-я дывізія заняла г. Бярёза-Картузская. У горадзе, разам з арыштаванымі камуністамі былі вызвалены і палонныя нямецкія салдаты і афіцэры.
У сярэдзіне дня часткі 100-й сд (69-ы разведбат) 11-й арміі сутыкнуліся каля м. Араны з адступаючай ад Вільні групай польскіх салдат. У выніку двухгадзіннага бою 2 савецкія танкі былі знішчаны і 1 падбіты польскімі зеніткамі з 20-й батарэі супрацьпаветранай абароны.
На працягу дня працягвалася наступленне КМГ. Пасля 16 гадзінаў 21 верасня дня часткі 6-га кк выйшлі на лінію Вялікая Бераставіца – Свіслач – Мсцібаў. У 11 гадзін у Беласток прыбыла савецкая дэлегацыя. Яна была прынята ў штабе 4-й нямецкай арміі генерала Штраўса. Пачаліся перамовы з германскім камандваннем аб адводзе іх сілаў з г.Беласток і яго ваколіцаў. Штаб нямецкай арміі пераязджаў у г.Ломжа.
Рухаючаяся ў другім эшалоне, КМГ 21-я брыгада цяжкіх танкаў Т-28 палкоўніка Лізюкова ў першай палове 21 верасня заняла раён м.Воўпа. На працягу ўсёй аперацыі брыгада даволі павольна прасоўвалася ўслед за часткамі 15-га тк і 6-га кк. Такім чынам на працягу ўсёй аперацыі ёй удалося пазбегнуць стратаў у асабістым складзе і ў тэхніцы. Тлумачылася гэта хучэй за ўсё тым, што цяжкія танкі Т-28 былі вельмі каштоўнымі для савецкага камандвання, каб кідаць іх у бой першымі. 22 верасня брыгада была выведзена ў франтавы рэзэрв. Штаб размясціўся ў м.Воўпа. Танкі размясціліся ў ваколіцах бліжэйшых вёсак.
Працягвалася наступленне 10-й арміі. Рухаючыся ў другім эшалоне яе дывізіі выйшлі на рубеж Негнявічы – Карэлічы – Мір – Гарадзея. Вечарам 21 верасня штаб арміі пераехаў у Ваўкавыск. Напярэдадні да арміі былі далучаны падраздзяленні КМГ. Аднак нягледзячы на загад фронта КМГ працягвала дзейнічаць самастойна, акрамя 5-га стралковага корпуса. 4-я і 13-я дывізіі перайшлі ў падпарадкаванне штабу 10-й арміі.
Падчас “налажвання кантакту” савецкіх салдат з заходнебеларускім насельніцтвам не абыходзілася без інцыдэнтаў. Так ў в. Дубраўляны, якая знаходзіцца на захадзе ад м. Лунна, быў прыгавораны да растрэлу курсант асобнага зенітнага эскадрона за самавольны вобыск настаўніцы і кражу ў яе двух гадзіннікаў і ровара.
Ноччу польскім супраціўленнем быў арганізаваны напад на будынак мясцовага кіравання ў г. Маладзечна. 4 чырвонаармейца былі паранены.
Каля 14 гадзін 22 верасня ў Беласток увайшоў атрад (120 чалавек) пад камандваннем палкоўніка І. Пліева з 6-й кд 6-га кк. Напярэдадні ўваходу ў горад, заняты нямецкімі войскамі камандзір корпуса загадаў выдаць усім салдатам і афіцэрам новую форму і асабіста праверыў іх знешні выгляд. Нямецкія часткі пачалі выводзіцца з горада. Мясцовае насельніцтва, якое ўжо паспела адчуць жорсткую руку фашысцкай улады, з радасцю вітала бальшавікоў. Праз дзве гадзіны нямецкія войскі пакінулі горад. Вечарам 22 верасня ў Беласток увайшла 6-я кд 6-га кк. 11-я кд заняла Крынкі – Гарадок.
У той жа час часткі 29-й лтбр уступілі ў г.Брэст. Па інфармацыі даследчыка А.Татарэнкі, у адным з фортоў Брэскай крэпасці да 26 верасня абараняліся польскія часткі 82-га пехотнага палка пад камандваннем В. Радзішэўскага, героя абароны Брэста ад нямецкіх войск. Цяжкапараненага, яго ўзялі ў палон танкісты 29-й лтбр. На 16 гадзін быў прызначаны святочны парад савецкіх і нямецкіх войск. Парад быў праведзены ўрачыста. На трыбуне яго прымалі камбрыг Крывашэін і генерал Гудэрыян. Нямецкія войскі ішлі ў калонах са штандартамі наперадзе. Пасля іх прайшлі савецкія войскі.
У той жа дзень была аб’яўлена дэмабілізацыя прызваных у Чырвоную армію 6 верасня на Вялікія вучэбныя зборы салдат і афіцэраў. Выхад гэтай пастановы і, як вынік, скарачэнне Чырвонай арміі азначалі хуткае заканчэнне вайсковай аперацыі. Савецкае камандванне разумела, што значнага польскага супраціўлення чакаць ужо не прыходзілася.
23 верасня працягвалася наступленне савецкіх войск у накірунку г.Аўгустоў, а таксама прачэсванне тэрыторыі ўздоўж літоўскай мяжы. Матарызаваны атрад майора Ф.Чувакіна КМГ сутыкнуўся з супраціўленнем каля Аўгустоўскага канала. Палякі падпалілі мост праз яго. Толькі фарсіраваўшы канал і абышоўшы абараняўшыхся, чырвонаармейцы вымусілі іх адступіць. Услед за атрадам 2-й лтбр з Гродна выступіў 101-ы полк на аўтамашынах і 4-я кд.
У в.Калеты савецкі 77-ы кавалерыйскі полк быў атакаваны польскімі войскамі. Толькі пасля падыхода батальона 101-га сп палякі былі адкінуты далей на поўнач. Пры гэтым да 150 польскіх салдат былі забіты. Савецкія войскі згубілі 1 чалавека забітым і 5 параненымі.
Вечарам таго ж дня атрад 16-га ск без бою заняў г.Аўгустоў. На наступны дзень атрад пряцягваў наступленне і заняў г.Сувалкі.
Каля 16 гадзін дня перадавая група разведбатальона 8-й сд 4-й арміі была абстраляна нямецкімі танкамі з 10-й танкавай дывізіі каля м.Відомль. У выніку абстрэла 2 чырвонаармейца былі забіты і 2 паранены. У адказ быў адкрыты агонь па нямецкіх танках. Савецкія бронеаўтамабілі знішчылі адзін нямецкі танк разам з экіпажам. Пасля гэтага немцы спынілі агонь і выпусцілі чырвоную ракету, абазначаючы, што ў горадзе знаходзяцца германскія войскі. Савецкаму боку былі прынесены прабачэнні. Да 23 гадзін нямецкія войскі былі выведзены з мястэчка.
24 верасня савецкія войскі выходзілі на літоўскую і германскую межы ў раёне на поўначы і паўночным-захадзе ад Гродна.
Да 26-27 верасня войскі Беларускага фронта працягвалі прасоўвацца на захад. 3-я і 11-я арміі замацаваліся ад мяжы з Літвой і Усходняй Прусіяй. На поўдзень ад Шчучына пад Ломжай на фронт Ганёндз — Кнышын выйшлі 20-я мбр і 6-я лтбр. 6-я і 11-я кд выйшлі да Высоке-Мазавецкае, 13-я і 4-я сд выйшлі на фронт ад г.Беласток да р.Нараў. Да 28—29 верасня войскі фронта выйшлі на лінію Шчучын — Ставіскі — Ломжа — Замбраў — Цехановец — Косув-Ляцкі — Сакалув-Падляскі — Лосіце — Менджынец-Падляскі.
На працягу перамоў з германскім бокам 28-29 верасня савецкі бок адмовіўся ад польскай тэрыторыі паміж рэкамі Вісла і Буг. Ужо раніцай 29 верасня войскі Беларускага фронта былі спынены. Пачаўся іх адыхож на лінію мяжы з Германіяй якая была ўстаноўлена новымі дамоўленасцямі.
Некалькі высноваў.
Савецкае камандванне розных узроўняў паказала сябе недастаткова падрыхтаваным для сур’ёзных баявых дзеянняў. Не ўсе савецкія камандзіры разумелі сваю ролю. Асабліва гэтым “вылучаўся” камандзір 6-га кк камдзіў А. Яроменка. Карпусны камандзір на працягу ўсёй кампаніі з невялікімі сіламі вырываўся далёка наперад сваіх войскаў, “асабіста вызваляючы” заходнебеларускія гарады. Дзеянні афіцэра такога рангу хутчэй нагадвалі «подзвігі» героя амерыканскага баевіка. Так было пры заняцці Навагрудка, Ваўкавыска, Гродна. Акрамя таго, што ён безсэнсоўна рызыкаваў сваім жыццём, камандзір фактычна кідаў свае дывізіі, пакідаючыючы іх без кіравання.
Савецкія танкавыя войскі няўдала праявілі сабе ў баях у гарадскіх умовах. На прыкладзе баёў у Скідзелі, Вільні, Гродна, Кодзеўцах бачны нічым не апраўданыя вялікія страты ў танках і бронеаўтамабілях.
Савецкія войскі не былі належным чынам падрыхтаваны для такога вялікага наступлення. Тылавыя службы не паспявалі забяспечваць гаручым механізаваныя часткі. Авіяцыя таксама не была падрыхтавана для своечасовага забеспячэння наземных частак. Так ударная сіла Дзяржынскай конна-механізаванай групы – 15-ы тк на працягу 19 верасня не дзейнічаў!
У адрозненне ад Чырвонай Арміі польскія войскі паказалі сябе больш падрыхтаванымі да ваенных дзеянняў. Улічваючы агульную абстаноўку, у якой ім выпала весці баявыя дзеянні, яны аказвалі сур’ёзнае супраціўленне. Не маючы супрацьтанкавага ўзбраення, артылерыі і мінамётаў, падтрымкі авіяцыі, польскія войскі, у некаторых выпадках на даволі доўгі час затрымлівалі пераўзыходзячыя сілы савецкай арміі. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што супраціўленне кадравым наступаючым войскам Чырвонай арміі аказвалі ці часткі КОП, ці рэзервісты, ці проста гімназічная моладзь, амаль не меўшыя спецыяльнай ваеннай падрыхтоўкі.
«Бліскучая міратворчая аперацыя» (па ацэнцы сучасных беларускіх «ідэолагаў») была праведзена Чырвонай Арміяй надзвычай няўдала. Можна меркаваць, што пры наяўнасці якіх-небудзць значных польскіх вайсковых злучэнняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, Чырвоная Армія магла б панесці велізарныя страты і надоўга спыніць наступальныя дзеянні. Няма сумніву, што вынікі вераснёўскага пахода Чырвонай Арміі (таксама як і наступнай савецка-фінскай вайны) уважліва аналізаваліся афіцэрамі вермахта. Зробленыя высновы аб невысокіх баявых якасцях Чырвонай Арміі (асабліва што тычылася дзейнасці камандавання і забеспячэння ўзаемадзеяння асобных злучэнняў) былі ў поўнай меры выкарыстаны пры разпрацоўцы плана разгрома частак Заходняй Асобай Вайсковай Акругі летам 1941 года.
Мельтюхов М.И. Советско-польские войны. Военно-политическое противостояние 1918-1939 гг. — М.: Вече, 2001. – С.284
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni. Agresja Związku Sowieckiego na Polskę w 1939 roku. – Neriton. Warszawa, 1998. – S. 154-155.
Ibidem. – S. 165
Кузняцоў В.І. – савецкі генерал. Удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Камандуючы Віцебскай групай войскаў. У 1941 г. – камандуючы 3-й арміяй (штаб – г. Гродна). Вайну закончыў камандуючым 3-й ударнай арміяй. Памёр у 1964 г. Па матэр’ялах сайта: http://www.warheroes.ru
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина. Советский Союз и борьба за Европу: 1939-1941. — М.: Вече, 2000. – С.108-109
Мельтюхов М.И. Советско-польские войны… – С.287
Так з ЛВА 8 верасня ў Беларусь былі перадыслакаваны тры палкі знішчальнікаў і тры палкі бамбардзіроўшчыкаў – разам 369 самалётаў. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 153.
Наогул прыказ аб перайменаванні БАВА ў Беларускі фронт выйшаў толькі 26 верасня 1939 г. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… - S. 167.
Кавалёў М.П. (1897—1967), камандарм 2-га ранга, генерал-палкоўнік (1943). У Чырвонай арміі з 1918 г. З 1937 г. — камандуючы войскамі Кіеўскай, з красавіка 1939 г. — Беларускай вайсковай акругі. Пад час савецка-фінскай вайны камандуючы 15-й арміяй. 1941 — 1945 гг. — камандуючы Забайкальскай акругай. Па матэр’ялах сайта: http://katynbooks.narod.ru/prisoners/Docs/003.html
Cygan Wiktor. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. – Espadon Publishing. Warszawa, 2006 – S. 84
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.112-113
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.114-115
Советско-польская война 1939 года. Освободительный поход в Западную Белоруссию и Западную Украину. Па матэр’ялах сайта: //www.hrono.ru
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.113
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni…– S. 252. М. Мельцюхоў прыводзіць іншую колькасць па арміі: 121 968 чалавек, 752 гарматы, 743 танкі. Гл.: Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С. 119
Яроменка А.І. – Савецкі генерал. Удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. З 1938г. – камандзір 6-га кк. У 1941г. – намеснік камандуючага Заходнім фронтам. Вызначыўся ў камандванні Сталінградскім фронтам. Вайну закончыў камандуючым 2-м Прыбалтыйскім фронтам. Памёр у 1970 г. Па матэр’ялах сайта: http://www.warheroes.ru
Ерёменко А.И. В начале войны. – М.: Наука, 1965. – С.15.
Мельтюхов М.И.Советско-польские войны… – С. 294
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.117
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 200-201
Советско-польская война 1939 года. Освободительный поход в Западную Белоруссию и Западную Украину. Па матэрыялам сайта: //www.hrono.ru
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 240
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.117
Советско-польская война 1939 года. Освободительный поход в Западную Белоруссию и Западную Украину. Па матэрыялам сайта: //www.hrono.ru
Навучэнец баранавіцкага тэхнічнага вучылішча В. Рамановіч успамінаў, што пасля адпраўкі на фронт 88-га палка, які знаходзіўся ў Баранавічах, у горадзе застаўся зусім невялікі гарнізон. Успаміны В.Рамановіча. 1920 г.н. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.
Тамсама.
З пачаткам вайны ў Баранавічах, як і ў іншых вялікіх гарадах з вучнёўскай моладзі былі арганізаваны добраахвотныя каманды, якія патрулявалі па вуліцах, сачылі за парадкам. Патрулям раздалі старыя французскія вінтоўкі без патронаў.
Cygan Wiktor. Kresy we krwi… – S. 103
Пятроў М.П. – удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі, грамадзянскай вайны ў Іспаніі, дзе камандаваў танкавым батальёнам. Узнагароджаны ордэнам Леніна і званнем Герой Савецкага Саюза. Адразу прызначаны камандуючым корпусам. У 1941 г. камандаваў 17-м механізаваным корпусам. Загінуў у Бранскай вобласці пры выхадзе з акружэння. Па матэр’ялах сайта: http://www.warheroes.ru
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 272-273. Ерёменко А.И. В начале войны… – С.18
Ерёменко А.И. В начале войны… – С.19
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 273
Успаміны І.Люціка. 1929 г.н. Жыхар в. Палаўкі. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.
Успаміны В.Рамановіча. 1920 г.н. Жыхар м.Лунна. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 282
Мельтюхов М.И. Советско-польские войны… – С.304
Ibidem. – S. 255
Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 112
У даваеннай Польшчы існавалі спецыяльныя курсы падрыхтоўкі моладзі да службы ў войску.
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 261
Павлов М.В., Желтов И. Г., Павлов И. В. Танки БТ. — М.: Экспринт, 2001. – С. 166.
Ledwoch Janusz. Czołgi BT. – Militaria. Warszawa, 1998. – S. 26.
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 269
Камбрыг П.М.Ахлюсцін – камандуючы 24-й кд, у 1941г. – генерал-маёр, камандзір 13-га механізаванага корпуса Беларускай асобай вайсковай акругі. Зігінуў 28 ліпеня пры выхадзе з акружэння пры фарсіраванні р.Сож. Па матэр’ялах сайта: http://mechcorps.rkka.ru/files/mechcorps/index.htm
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 284
Ерёменко А.И. В начале войны... – С.20
Cygan Wiktor. Kresy we krwi...– S.116
Успаміны С.Швед. 1920 г.н. Жыхарка м.Лунна. Аўдыёзапіс. Архіў аўтара.
Місарэвіч Я.А. Да новага жыцця // Памяць.Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. – Мн., 1993. – С. 102.
Łaptaszyńska Iwona. Białoruś - "Dni swobody". Па матэрыялах сайта: http://www.stankiewicze.com/ludobojstwo/dni_swobody.html
Jerzy Robert Nowak. Jedwabne a mordowanie Polaków i inne zbrodnie na Kresach 1939-1941 (II). Па матэрыялах сайта: http://www.geocities.com/jedwabne/jedwabne_a_zbrodnie_na_kresach_2.htm
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 284
Cygan Wiktor. Kresy we krwi… – S. 139
Ibidem.
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 275
Буцько У. Масты.//Па матэрыялах сайта: http://Masty.org
Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 138
Ibidem – S. 157
Місарэвіч Я.А. Да новага жыцця // Памяць.Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. – Мн., 1993. – С. 102.
Wierzbicki Marek. Powstanie skidelskie 1939 r. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. №7. http://kamunikat.fontel.net/www/czasopisy/bzh/07/07art_wierzbicki.htm
Освободительный поход 1939 года. Вечерний Брест. В поисках утраченного.// http://www.vb.by/sarychev/content/70/main.php
Cygan Wiktor. Kresy we krwi… - S. 149
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 332
Юшчук І.І. – камандзір 27-й лтбр, у 1943г. – начальнік штаба танкавай дывізіі, у 1944г. – камандзір 11-га танкавага корпуса, генерал-маёр.
Куркін А.В. – удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі, у танкавых войсках. У 1941г. – камандзір механізіраванага корпуса. На працягу вайны кіраваў танкавымі войскамі Волхаўскага, 2-га Украінскага франтоў. Памёр у 1948г. Па матэр’ялах сайта: http://bse.sci-lib.com
Дарэчы маёр І.Г.Чарапкін у 1941г. камандаваў 57-м танкавым палком і абараняў Гродзеншчыну ад немцаў.
Па матэр’ялах сайта: mechcorps.rkka.ru.
Cygan Wiktor. Kresy we krwi… – S. 156.
Ibidem.
Ibidem. – S. 159
Grzelak Czesław. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939. – Bellona. Warszawa, 2002 – S.104.
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 341
Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 160
Ibidem.
Ledwoch Janusz. Czołgi BT. – Militaria. Warszawa, 1998. – S. 26
Госцеў А.П. Швед В.В. Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116 – 1990гг.) – Гродна, 1993. – С. 90.
Дарэчы ў пачатку марша матарызаваная група 119-га сп сутыкнулася з супраціўленнем двух адступаючых полькіх эскадронаў у трох кіламетрах на захад ад Ваўкавыска. У баю загінуў 1 савецкі салдат. Да 150 польскіх кавалерыстаў трапіла ў палон.
Гродно. Энцикл. справ. – Мн., 1989. – С. 135-136. Праўда польскі гісторык В. Цыган піша што Г.А. Гарнавых загінуў у цэнтральнай частцы горада яшчэ пад час першай танкавай атакі.
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 347
Sowieckie samochody panzerne. vol.2. – Militaria. Warszawa, 1998. – S. 51
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 350-351
Польскія гісторыкі Ч. Гжэляк і В. Цыган прыводзіяць трохі іншыя лічбы: 47 забітых, 156 параненых; 4 танка і бронеаўтамабіль – спалены, 12 танкаў і 2 бронеаўтамабіла – падбіты. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 352
5 механизированный корпус имени т.Калиновского. http://mechcorps.rkka.ru
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 352
Лашкевіч К. Как "освобождали" Беларусь в 1939 году. http://tut.by
Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 351
Grzelak Czesław. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939... – S.136-137
М.В. Паўлаў прыводзіць лічбу – 37 танкаў. Гл. Павлов М. В., Желтов И. Г., Павлов И. В. Танки БТ. — М.: Экспринт, 2001. – С .165
Grzelak Czesław. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939... – S.135
Ibidem – S.143
Ibidem
Ibidem – S. 150.
Марчук Н. Трагедия сентября 1939 года.//Секретные исследования. http://secret-r.net/publish.php?p=182
Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 174
Cygan Wiktor. Kresy we krwi. Obrona północno-wschodniej Polski we wrześniu 1939. – Espadon Publishing. Warszawa, 2006 – S. 175
Kołomyjec M. Moszczański I. T-28. T-29. – Militaria. Warszawa, 2002. – S. 44
Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 203
Ерёменко А.И. В начале войны... – С.25
Лашкевіч К. Как "освобождали" Беларусь в 1939 году. http://tut.by
Мельтюхов М.И. Упущенный шанс Сталина… – С.126-127
Аўтар: Зміцер Люцік