РУБОН - сайт военной археологии

Путь по сайту

Военная история

улла
 
Помнік героям Інфлянцкай вайны і бітвы на Уле 1564 г.?
Інфлянцкая вайна 1558-1583 гг. была адной з самых цяжкіх войнаў для Вялікага Княства Літоўскага ў 16 ст.
Захоплены маскоўскімі войскамі ў 1563 г. Полацк заставаўся ў варожых руках да 1579 г. Ён быў моцна спустошаны і бадай ніколі ўжо так і не здолеў дасягнуць ранейшага эканамічнага і культурнага росквіту.
 
Шэраг удалых для ВКЛ бітваў на рэках Уле і Дуброўне ў 1564 г. здолеў спыніць наступ маскавітаў.
Пісьмовыя крыніцы захавалі для нас памяць аб гэтых бітвах.
Ці маглі захавацца таксама нейкія мемарыяльныя знакі на месцы слаўных падзей?
Каля вёскі Сокарава Бешанковіцкага раёна да нядаўняга часу захоўваўся крыж з кірылічнымі надпісамі другой паловы 16 ст. (да нашых часоў, як кажуць, не дажыў).
Больш-менш надзейных выяваў каменя не захавалася. Ягоны знешні выгляд вядомы з прамалёвак і з расчытання Аляксандра Семянтоўскага 1890 г. і Аляксея Сапунова 1912 г.
"Ту пло оу поле с (200) жвнръ во Хръту поствилъ по битв по заби(…)" і "Ту п(а)ло оу поле с (200) жвнръ во Хръсту пост(а)вилъ по битв по за ри(...)".
З годам гібелі гэтых 200 жаўнераў войска Вялікага Княства Літоўскага не ўсё так проста.
У сваёй расчытцы А.Сапуноў упэўнена бачыў дату "҂а҃ф҃ѯ҃ѳ" (1569) і яна лічыцца агульнапрынятай.
Значыць, тут у 1569 г. была нейкая бітва. Што за яна? Магчыма, мы штосьці не ведаем пра гэтую значную бітву?
Аднак, у варыянце А.Семянтоўскага апошняя літара ў даце нагадвае не столькі фіту (9), колькі дабро (4).
Значыць, год на камяні трэба чытаць як "1564"?.
Член Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта М.Кусцінскі, які першым рабіў апісанне гэтага камяня, у сваім дакладзе ў Віцебскае паліцэйскае ўпраўленне ад 1868 г. увогуле ўбачыў там дату "1568". Ніякай прамалёўкі, нажаль, ён не зрабіў.
Ці можа быць так, што гэты памятны крыж пастаўлены ў гонар 200 загінулых герояў бітвы на Уле 1564 г., калі войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем Мікалая Радзівіла Рудога разбіла маскоўскае войска Пятра Шуйскага?
 
Дзяніс Лісейчыкаў 
* * *
Аб гэтым і многім іншым можна пачытаць у зборніку "EPITAPHIUM: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага" (уклад. С.Грунтоў, Д.Лісейчыкаў. Мінск: НГАБ, 2022).
Кнігу можна купіць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Мінск, вул. Крапоткіна, 55) і кнігарні "Акадэмкніга" (Мінск, пр-т Незалежнасці, 72).

Мы в "Facebook"

 

 

Мы в "Одноклассниках"

Мы "В Контакте"

Яндекс.Метрика