РУБОН - сайт военной археологии

Путь по сайту

Военная история

В рамках изучения действий танковых соединений в Беларуси летом 1941 г. публикуем научную статью С.Новикова о контрударе под Сенно и Лепелем в 1941г д.

Сяргей НОВІКАЎ 

 Нягледзячы на тое, што многія старонкі Вялікай Айчыннай вайны ўжо добра даследаваны навукоўцамі, застаецца яшчэ цэлы шэраг пытанняў і праблем, якія чакаюць сваіх даследчыкаў. Адной з іх з’яўляецца гісторыя Лепельскай аперацыі ў пачатку ліпеня 1941 г., якую ў СМІ і літаратуры часам называюць танкавай бітвай пад Сянно.

У савецкай гістарычнай навуцы пра лакальныя контрудары Заходняга фронту на лепельскім напрамку ў ліпені 1941 г. не любілі ўзгадваць, паколькі падчас іх два механізаваныя корпусы Чырвонай Арміі панеслі значныя страты ў салдатах і баявой тэхніцы. Сучасныя ж ацэнкі тых маладаследаваных падзей часта гучаць без неабходнага навуковага абгрунтавання.

Так, 6 верасня 2011 г. з нагоды 70-й гадавіны тых жорсткіх баёў у Сянно быў адкрыты памятны манумент савецкім воінам-танкістам (на пастаменце яго ўстаноўлены танк ІС-3[*]). Як адзначалася на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця помніка, танкавая бітва пад Сянно з’явілася самай буйной танкавай бітвай у сусветнай гісторыі, дзякуючы якой у пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў стрыманы імклівы рух гітлераўскіх войскаў на Маскву. У СМІ паведамлялася, што ў жорсткім баі сышліся больш за 2 тыс. баявых машын з савецкага і нямецкага бакоў, што значна пераўзыходзіць колькасць тэхнікі, якая ўдзельнічала ў знакамітай бітве пад Прохараўкай на Курскай дузе летам 1943 г.1. (У дачыненні да апошняга адразу ж заўважым, што ў баях пад Прохараўкай сінхранізавана па часе і прасторы адначасова з абодвух бакоў удзельнічалі да 1200 танкаў і самаходных гармат 2).

У святле гэтага неабходна задумацца, чаму танкавая бітва пад украінскімі гарадамі Брады, Дубна, Роўна і Луцк, якая адбылася з 23 па 29 чэрвеня 1941 г., знайшла сваё адлюстраванне ў савецкай энцыклапедыі 1985 г. “Великая Отечественная война 1941—1945 гг.”3, тады як аб танкавай бітве пад Сянно на Віцебшчыне не напісана ні аднаго (!) радка. Заўважым таксама, што “самая буйная танкавая бітва ў сусветнай гісторыі” па нейкіх прычынах абыдзена маўчаннем і ў найноўшым расійскім энцыклапедычным выданні “Великая Отечественная война: энциклопедия" (М., 2010)4.

Нельга сказаць, што баявыя дзеянні на Віцебшчыне ў пачатку ліпеня 1941 г. цалкам заставаліся паза ўвагай навуковай грамадскасці. Аднак за 70 пасляваенных гадоў “танкавая бітва з удзелам больш за 2 тыс. баявых машын” (як адзначаецца ў літаратуры) чамусьці не стала тэмай для асобнай манаграфіі альбо дысертацыйнага даследавання, не абмяркоўвалася як цэнтральная праблема на спецыяльнай навуковай канферэнцыі. Аўтарам выяўлены толькі адзін спецыяльны артыкул на згаданую тэму, падрыхтаваны ў 1971 г. для “Военно-исторического журнала" Міністэрства абароны СССР былым удзель- нікам баёў В. Бутковым5, Акрамя гэтай публікацыі баявыя дзеянні пад Сянно ў рознай ступені закранаюцца ў некаторых калектыўных, энцыклапедычных і мемуарных выданнях. Але ў цэлым танкавыя баі на Віцебшчыне ў ліпені 1941 г. пакуль застаюцца практычна малавядомай тэмай нават для прафесійных гісторыкаў.

Адной з аб’ектыўных прычын такога становішча можна лічыць закрытасць архіўных фондаў ваеннага ведамства ў савецкі час. Так, дакументы аператыўнага аддзела штаба Заходняга фронту, у тым ліку дзённікі баявых дзеянняў 5-га механізаванага корпуса, былі рассакрэчаны толькі ў лістападзе 2000 г. Другая прычына — невыкарыстанне айчыннымі гі- сторыкамі замежных дакументальных крыніц.

У выніку да гэтага часу застаюцца адкрытымі наступныя пытанні:

  1. Аб храналагічных рамках танкавых баёў на Віцебшчыне. (У айчыннай гістарыяграфіі сустракаюцца наступныя: 6-9, 6-10, 6-11 ліпеня 1941 г.);
  2. Аб агульнай колькасці танкаў, якія ўдзельнічалі з абодвух бакоў у баях пад Сянно. (У айчыннай гістарыяграфіі падаюцца наступныя звесткі: каля 1 тыс., да 1,3 тыс., 1,5 тыс., больш за 2 тыс., 2770 і нават да 3 тыс. баявых машын);
  3. Аб ступені сінхроннасці праведзеных контрудараў і ўзаемадзеяння паміж 5-м і 7-м механізаванымі карпусамі (МК) у ходзе Лепельскай аперацыі 1941 г.;
  4. Аб стратах, панесеных з абодвух бакоў у ходзе танкавых баёў на Віцебшчыне;
  5. Аб аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах фактычнага разгрому двух механізаваных карпусоў Чырвонай Арміі падчас контрудараў на лепельскім напрамку;
  6. Аб аператыўна-тактычным значэнні Лепельскай аперацыі. (Што вельмі важна ў кантэксце замацавання ў сучаснай літаратуры тэзісу аб “самай буйной танкавай бітве ў сусветнай гісторыі”).

 

     Паспрабуем прасачыць гісторыю даследавання бітвы пад Сянно ў айчыннай гістарыяграфіі.

Савецкая гістарыяграфія

Падмурак савецкай гістарыяграфіі быў закладзены ў 6-томнай працы “История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945" (М., 1960—1965). У другім яе томе змешчаны звесткі пра контрудар, праведзены на лепельскім напрамку 5-м і 7-м механізаванымі карпусамі 20-й арміі па загаду камандавання Заходняга фронту6. Адзначаецца, што з савецкага боку было задзейнічана каля 1 тыс. танкаў старога тыпу. З 6 па 10 ліпеня яны наносілі ўдар у фланг войскам 3-й нямецкай танкавай групы на поўнач і захад ад Оршы. У выніку яго праціўнік панёс вялікія страты і да поўдня 8 ліпеня быў адкінуты на 30—40 км у бок Лепеля. Пры гэтым адзначаецца, што ў раёне Сянно савецкія войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне нямецкіх злучэнняў 47-га матарызаванага корпуса[†] і "буйнога дэсанту”. 10 ліпеня савецкія войскі былі выведзены з бою. Сярод прычын няўдалага правядзення контрудару аўтары адзначалі “дрэнную арганізацыю ўзаемадзеяння паміж 7-м і 5-м механізаванымі карпусамі”. Як вынік, 7-ы корпус быў спынены на паўночна-ўсходніх падыходах да Сянно, а войскі 5-га вялі на працягу 9—10 ліпеня цяжкія абарончыя баі амаль у поўным акружэнні, з якога здолелі выйсці дзякуючы па-майстэрску арганізаванаму вываду войскаў7.

У 1962 г. савецкі гісторык В. Анфілаў паказаў у сваім ваенна-гістарычным нарысе "Начало Великой Отечественной войны (22 июня — середина июля 1941 года)" агульную схему баявых дзеянняў 7-га і 5-га механізаваных карпусоў на працягу 6—9 ліпеня 1941 г. Перад карпусамі была пастаўлена задача знішчыць нямецкую групоўку, што вяла наступленне з раёна Лепеля ў напрамку Віцебска. Для гэтага трэба было нанесці контрудар з раёна паміж Віцебскам і Оршай у напрамку на Сянно, Лепель8. Даследчык адзначае, што найбольш упартыя і жорсткія баі разгарнуліся ў раёне на поўдзень ад Сянно9. На аснове дакументаў архіва Міністэрства абароны СССР прыведзены даныя, што ў 5-га корпуса да пачатку наступлення было каля 300 танкаў, а ў 7-га — больш за 400 (значыць, разам 700 танкаў. — С.Н.). З нямецкага боку дзейнічала прыкладна столькі ж танкаў, у паветры панавала нямецкая авіяцыя. Такую карціну баявых дзеянняў В. Анфілаў прыводзіў і праз чвэрць стагоддзя, у канцы 1980-х гг.10.

Знакавым у савецкай гістарыяграфіі можна назваць артыкул “Контрудар 5-го механизированного корпуса на лепельском направлении (6—11 июля 1941 года)"11, апублікаваны былым начальнікам штаба названага корпуса, Героем Савецкага Саюза В. Бутковым у 1971 г. Ён падрыхтаваны пераважна на аснове ўласных успамінаў, але з выкарыстаннем дакументаў з архіва Міністэрства абароны СССР. У артыкуле даецца штодзённае апісанне ходу баявых дзеянняў 5-га корпуса на лепельскім напрамку на працягу амаль цэлага тыдня, з 6 па 11 ліпеня 1941 г. Пры гэтым аўтар адзначае, што ў 5-м і 7-м механізаваных карпусах мелася больш за 700 танкаў старых тыпаў 12, у той час як лепельскую групоўку нямецкіх войскаў складалі 5 танкавых дывізій, што мелі больш за 100 танкаў. В.Буткоў адзначыў, што агульныя страты 5-га механізаванага корпуса ў людзях і тэхніцы склалі каля 60% 13. (Нагадаем, што цалкам укамплектаваныя асабовым складам і баявой тэхнікай савецкія механізаваныя карпусы складалі ад 31 да 36 тыс. чалавек.)

Акрамя падрабязных звестак аб баявых дзеяннях 13-й і 17-й танкавых дывізій 5-га механізаванага корпуса В. Буткоў прывёў таксама даныя аб дзеяннях 14-й танкавай дывізіі 7-га корпуса, на рубяжы наступлення якой савецкія войскі пераўзыходзілі нямецкія: па людзях — у 2 разы, па артылерыі — у 3 разы, па танках — у 3—4 разы14.

Падсумоўваючы вынікі танкавых баёў, В. Буткоў быў перакананы, што ў выніку контрудару 5-га корпуса на лепельскім напрамку часці 47-га нямецкага матарызаванага корпуса панеслі вялізныя страты, што значна зменшыла іх ударную сілу і тэмп руху на ўсход. У ходзе баёў 13-й і 17-й савецкіх танкавых дывізій перавага была на баку немцаў, паколькі ў паветры непадзельна панавала авіяцыя праціўніка. У канцы артыкула В. Буткоў назваў галоўныя недахопы ў арганізацыі контрудару на лепельскім напрамку. Малы тэрмін, адведзены на падрыхтоўку наступлення, не дазволіў наладзіць цеснае ўзаемадзеянне паміж 5-м і 7-м механізаванымі карпусамі, у выніку чаго яны дзейнічалі адасоблена на розных напрамках15.

Фактычны матэрыял, уведзены ў публікацыі В. Буткова, у далейшым быў выкарыстаны Л. Чапурновай для падрыхтоўкі артыкулаў “Лепельскі контрудар” у беларускіх энцыклапедычных выданнях16, А. Стэльмах для напісання матэрыялу “Лепельскі контрудар 1941” у гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць"17, Р. Ірынархавым у кнізе “Западный Особый..."18. На жаль, некаторыя іншыя аўтары пры даследаванні гісторыі Лепельскага контрудару не надаюць публікацыі В. Буткова належнай увагі.

У сярэдзіне 1970-х гг. звесткі аб баявых дзеяннях у раёне Сянно трапляюць літаральна адным абзацам на старонкі 12-томнай калектыўнай працы “История Второй мировой войны 1939—1945”19. У ёй пазначалася, што з 6 па 10 ліпеня 5-ы і 7-ы механізаваныя карпусы 20-й арміі генерала П. Курачкіна нанеслі контрудар па дывізіях 3-й танкавай групы на лепельскім напрамку ў раёне Сянно і затрымалі іх на некалькі дзён. Да 10 ліпеня нямецкія дывізіі выйшлі на подступы да Полацка, Віцебска, Оршы20. У 1980-я гг тэзіс аб контрудары часцей 20-й арміі на лепельскім напрамку ў раёне Сянно па нямецкіхдывізіях 3-й танкавай групы заставаўся нязменным21.

Адметнымі ў плане паказу тых падзей можна лічыць мемуары, якія пакінуў былы начальнік штаба 13-й арміі[‡] генерал С. Іваноў. У кнізе “Штаб армейский, штаб фронтовой"22 ён увёў новыя звесткі аб колькасці танкаў у 5-м і 7-м механізаваных карпусах. Са спасылкай на камандуючага 20-й арміяй генерала П. Курачкіна і начальніка штаба М. Карнеева у кнізе прыводзяцца такія даныя: у 5-м корпусе на ўліку знаходзіліся 924 танкі, а ў 7-м — 715. З іх у бой маглі ўступіць каля 1400 машын, пераважна састарэлых канструкцый БТ-7 і Т-2623. С. Іваноў прыйшоў да высновы, што ў ходзе Лепельскага контрудару па флангу і ў тыл полацкай групоўкі былі беззваротна страчаны больш за 50% машын, згублены два корпусы, і фактычна на заходнім напрамку больш не засталося колькі-небудзь баяздольных танкавых злучэнняў24. Заўважым, аднак, што поўнай карціны баявых дзеянняў аўтару ўспамінаў стварыць не ўдалося.

Сучасная расійская гістарыяграфія

У сучаснай расійскай гістарыяграфіі захоўваюцца ацэнкі, што замацаваліся ў раней апублікаваных працах. Так, у 4-томнай працы “Великая Отечественная война. 1941 — 1945” (М., 1998) адзначаецца агульнапрыняты факт контрудару двух карпусоў Заходняга фронту на лепельскім напрамку25. Пры гэтым на падставе дакументаў Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны РФ уведзены новыя лічбы аб колькасці танкаў. Адзначаецца, што савецкія часці пераўзыходзілі праціўніка ў сілах, маючы 1,3 тыс. танкаў. На працягу 4 сутак баёў былі страчаны 832 танкі. Пры гэтым аўтары заўважаюць, што ў дакументах таго часу аб людскіх стратах не паведамлялася26.

Контрудар на лепельскім напрамку прыцягнуў увагу і калектыву найноўшай 12-томнай працы “Великая Отечественная война 1941—1945 годов” (М., 2011 )27. Аўтары пішуць, што ў контрударах удзельнічалі 5-ы і 7-ы механізаваныя карпусы, якія мелі каля 1 тыс. танкаў старых тыпаў. Чацвёра сутак ішлі ўпартыя баі. Для адбіцця ўдару немцы былі вымушаны кінуць 5 дывізій і амаль увесь 2-і паветраны флот. 9 ліпеня праціўнік захапіў Віцебск, і савецкае наступленне было спынена. 5-ы і 7-ы карпусы страцілі 832 танкі28. Відавочна, што аўтары найноўшай працы адсылаюць чытача да некаторых даных, уведзеных у навуковы зварот 50 гадоў таму, хоць у дачыненні да панесеных страт выкарыстоўваюць лічбу, уведзеную расійскімі гісторыкамі ў канцы 1990-х гг.

Беларуская гістарыяграфія савецкага часу

У беларускай савецкай гістарыяграфіі першыя звесткі пра баявыя дзеянні пад Сянно і Лепелем з’явіліся толькі ў сярэдзіне 1970-х гг. У 6-м томе 12-томнай “Беларускай савецкай энцыклапедыі'' (Мн., 1972 г.)29 не было ніводнага радка аб Лепельскім контрудары, а ўжо праз тры гады ў заключным томе гэтай жа энцыклапедыі 30 ў матэрыяле аб абарончых баях на тэрыторыі Беларусі ў ліпені—жніўні 1941 г. былі ўзгаданы баі на віцебскім напрамку ў раёне Лепель— Сянно. Як напісаў гісторык І. Марчанка, тут разгарнулася адна з вялікіх танкавых бітваў пачатку вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала больш за 1,5 тыс. танкаў. 8 ліпеня вораг быў адкінуты на 30—40 км у напрамку Лепеля. Тэрмінова падцягнутыя рэзервы ворага і “буйны паветраны дэсант" прымусілі савецкія войскі адступіць31.

У фундаментальнай 5-томнай “Гісторыі Беларускай ССР” (Мн., 1975) былі прыведзены толькі агульныя звесткі аб тых падзеях. У матэрыяле Э. Языковіч і В. Раманоўскага апісваліся ўпартыя баі, якія ў пачатку ліпеня разгарнуліся ў раёне Орша—Сянно, дзе войскі 20-й арміі сіламі двух механізаваных карпусоў 6 ліпеня нанеслі контрудар па варожых войсках 3-й танкавай групы. Асабліва жорсткія баі разгарнуліся ў раёне вёсак Трубаносы, Новае Сяло і іншых населеных пунктаў. 8 ліпеня савецкія танкісты і артылерысты разграмілі тут варожую танкавую калону. Вораг быў адкінуты ў напрамку Лепеля на 30—40 км. Немцы падцягнулі рэзервы, і савецкія войскі вымушаны былі адступіць32. Тэзіс аб нанясенні контрудару часцямі 20-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П. Курачкіна 6 ліпеня па войсках 3-й танкавай групы, а таксама аб затрымцы ворага на некалькі дзён на Віцебшчыне паўтараецца і ў іншых акадэмічных выданнях канца 1970-х гг.33.

Крыху больш дэталёвую карціну тых падзей падала Л. Чапурнова ў артыкуле “Лепельскі контрудар 1941” першага тома кароткай энцыклапедыі “Беларуская ССР" (Мн., 1978)34. У ім адзначаецца, што контрудар быў нанесены з раёна Багушэўска на паўднёвы захад ад Віцебска ў напрамку на Сянно і Лепель па 3-й танкавай трупе нямецкіх войскаў. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі ў раён Сянно, вызвалілі горад, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 нямецкія матарызаваныя палкі, знішчылі ў ходзе баёў на лепельскім напрамку нямецкую матарызаваную дывізію, да 40 гармат, значную колькасць транспартных сродкаў праціўніка. Найбольш упартыя баі, у тым ліку танкавыя (з абодвух бакоў удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў) ішлі ў раёне на поўнач ад Сянно. Падцягнутыя немцамі рэзервы і моцная падтрымка авіяцыі прымусілі савецкія войскі спыніць наступленне, і 10 ліпеня яны адышлі ў раён Оршы. У выніку контрудару была значна зменшана ўдарная сіла нямецкіх войскаў і тэмп іх прасоўвання на ўсход35.

У далейшым гэты падыход быў замацаваны ў энцыклапедыі “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны, 1941—1945 гг." (Мн., 1990)36 і 6-томнай “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” (Мн., 1997)37.

Сучасная беларуская гістарыяграфія

У канцы 1990-х гг. краязнаўца А. Стэльмах падрыхтавала матэрыял “Лепельскі контрудар 1941 года", які ўвайшоў у гісторыка-дакументальную хроніку "Памяць" Лепельскага раёна. Аснову яго складала факталагічная база артыкула В. Буткова. Аўтар адзначыла, што пад Сянно адбылася адна э самых буйных у пачатковы перыяд вайны танкавых бітваў, у якой э абодвух бакоў удзельнічала да 1,5 тыс. танкау 38. Не маючы дастатковых дакументальных сведчанняў, А. Стэльмах пакінула нязменнай лічбу аб агульнай колькасці танкаў, уведзеную ў канцы 1970-х гг. Л. Чапурновай.

Заўважым, аднак, што ні Л. Чапурновай, ні А. Стэльмах не было зроблена аніякіх спасылак на дакументальныя ці гістарыяграфічныя крыніцы, на падставе якіх можна было б прыйсці да новых высноў. Такім чынам, да канца XX ст. беларускім даследчыкам не ўдалося аднавіць на навуковай аснове ход падзей, звязаных з Лепельскім контрударам 1941 г.

Высвятленне фактычнай колькасці савецкіх баявых машын, якія ўдзельнічалі ў ходзе Лепельскага контрудару, прадоўжылася ў 2000-я гг. Так, свой погляд на тыя падзеі прапанаваў у кнізе “Танковый погром. (Куда исчезли 28 тысяч советских танков)" У. Бяшанаў39. Ён звузіў храналагічныя рамкі контрудару з 6 па 9 ліпеня. Акрамя таго, у кнізе (без спасылак на дакументальныя крыніцы) уведзены новыя лічбы аб колькасці танкаў у 5-м І 7-м механізаваных карпусах. Аўтар адзначае, што ў складзе 4 танкавых і адной мотастралковай дывізіі было 1770 танкаў (большасць з іх састарэлых тыпаў БТ-7 і Т-26). Ён таксама піша (зноў без спасылак на дакументы), што ў нямецкага боку на ўзбраенні было да 1 тыс. танкаў лепшых канструкцый40. У. Бяшанаў перакананы, што контрнаступленне двух савецкіх карпусоў цалкам правалілася.

Лічба ў 1770 танкаў згадваецца і ў найноўшым акадэмічным выданні “Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941—1945” (Мн., 2005)41. У матэрыяле, падрыхтаваным прафесійным ваенным гісторыкам А. Літвіным, адзначаецца, што контрудар, распачаты 6 ліпеня 1941 г., у савецкай літаратуры падаваўся як адна з найбуйнейшых танкавых бітваў пачатковага перыяду вайны, у якой з абодвух бакоў удзельнічала не менш за 1,5 тыс. танкаў. У ходзе 5-дзённых баёў часці Чырвонай Арміі ў пэўнай ступені ахаладзілі наступаючы пыл ворага: яны прасунуліся на 30—60 км у раён Сянно, разграмілі 2 матарызаваныя палкі і нанеслі вялікія страты войскам праціўніка. Пры гэтым А. Літвін адзначае, што заплачаная за поспехі цана была вельмі высокай: 5-ы і 7-ы механізаваныя карпусы страцілі 832 танкі42. Так у беларускую гістарыяграфію са спасылкай на расійскае 4-томнае выданне была ўпершыню ўведзена лічба фактычных страт, панесеных савецкім бокам у ходзе Лепельскага контрудару. Пры гэтым, аднак, заставалася нерастлумачаным паходжанне гэтай лічбы.

Што тычыцца колькасці танкаў, якія з абодвух бакоў удзельнічалі ў Лепельскім контрудары, то ў беларускай навуцы пакуль няма адзінага погляду па гэтым пытанні. Так, у найноўшым 6-томным энцыклапедычным выданні “Республика Беларусь”43 у артыкуле “Лепельский контрудар 1941“ адзначаецца, што ў складзе 5-га і 7-га карпусоў было каля 1770 танкаў (пераважна састарэлых БТ-7 і Т-26). Усяго ж у жорсткіх баях на поўдзень ад Сянно з абодвух бакоў удзельнічалі, па розных ацэнках, ад 1,5 да 3 тыс. танкаў і бронеаўтамабіляў. У матэрыяле зазначана таксама, што савецкія войскі пераўзыходзілі праціўніка па колькасці танкаў. 7 ліпеня савецкія войскі ўзялі Лепель. Аднак з-за адсутнасці рэгулярнай падтрымкі з паветра і праблем з забеспячэннем палівам і боезапасамі яны былі вымушаны спыніць наступленне. 8 ліпеня немцы зноў занялі Сянно, 10 ліпеня — Лепель, савецкія часці адышлі да Оршы44.

З апорай на ранейшыя публікацыі быў падрыхтаваны матэрыял для “Ваеннай энцыклапедыі Беларусі"45. У ім Лепельскі контрудар 1941 г. упершыню падаецца як Лепельска-Сенненскі контрудар, праведзены 6—10 ліпеня з мэтай разгрому групоўкі ворага, якая наступала ў напрамку Віцебска. Адзначаецца, што найбольш упартыя баі, у тым ліку танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на поўнач ад Сянно (5-ы механізаваны корпус у складзе трох дывізій вёў баявыя дзеянні выключна ўздоўж чыгуначнай веткі Орша—Лепель. — С.Н.). У выніку контрудару праціўніку нанесены страты, значна зменшаны яго ўдарныя сілы і тэмп прасоўвання на ўсход. Савецкім карпусам давялося вырывацца з акружэн- ня ў раёне Оршы46.

Такім чынам, напрацаваныя беларускай гістарыяграфіяй матэрыялы толькі ўдакладняюць асноўнае факталагічнае поле аб баявых дзеяннях 5-га і 7-га механізаваных карпусоў Чырвонай Арміі пад Сянно. Канцэптуальна жа падзеі разглядаюцца выключна ў рамках правядзення 20-й арміяй Лепельскага контрудару, прычым асноўная ўвага факусіруецца на баявых падзеях у раёне Сянно. Пры гэтым застаюцца адкрытымі Некаторыя важныя пытанні аб ходзе баявых дзеянняў з абодвух бакоў. а таксама ацэнкі іх фактычных вынікаў. Відавочна, што ў далей- шым ход баявых дзеянняў неабходна даследаваць на аснове як айчынных, так і замежных дакументальных крыніц.

Важны крок у гэтым напрамку быў зроблены выканаўцамі беларуска-расійска-ўкраінскага праекта “1941 год: страна в огне” (М., 2011)47. Аўтары раздзела “Бітва за Беларусь летам 1941 года” А. Літвін і І. Варанкова выкарысталі для сваёй працы сярод іншых нямецкія крыніцы (хоць у асноўным мемуарнага характару), а таксама малавядомыя факты, якія прывёў былы начальнік штаба 13-й арміі генерал С. Іваноў. Выкарыстаныя звесткі дазволілі ім паставіць пад сумненне аператыўныя вынікі "так званага контрудару танкаў 5-га МК’’48, назваць гістарычным фактам “разгром мехкарпусоў пад Лепелем" і пе- раканацца ў тым, што “задуманы камандаваннем Заходняга фронту і безумоўна ўхвалены Стаўкай контрудар двух механізаваных карпусоў не толькі пацярпеў поўнае фіяска, але і пакінуў войскі фронту практычна без танкаў"49.

На наш погляд, гісторыкам удалося зрабіць якасны крок у напрамку да аб’ектыўнага вывучэння гісторыі Лепельскага контрудару, па-новаму паказаць яго асобныя аспекты, у тым ліку назваць некаторыя малавядомыя факты. Яны адзначаюць, што ў 5-м і 7-м савецкіх механізаваных карпусах было каля 1400 машын, якія былі задзейнічаны ў ходзе контрудару на лепельскім напрамку. Атрымліваецца, што аўтары адыходзяць ад папярэдняй лічбы, адпаведна якой агульная колькасць баявых машын з абодвух бакоў складала не менш за 1,5 тыс. танкаў50. У дачыненні да панесеных савецкім бокам баявых страт аўтары перакананы, што два корпусы страцілі не палову, а амаль 2/3 ад парка баявых машын (з 1639 машын баяздольнымі лічылася каля 1400 баявых адзінак). Акрамя таго, даследчыкі паспрабавалі крытычна ацаніць факт разгрому двух танкавых злучэнняў, выявіць яго як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны.

На багатай дакументальнай базе крыніц паказвае ход Лепельскага контрудару падпалкоўнік Р. Ірынархаў у сваёй кнізе “Агония 1941. Кровавые дороги отступления” (М., 2011). У цэлым ён прытрымліваецца падыходаў і ацэнак, уведзеных у гістарыяграфію былым начальнікам штаба 13-й арміі генералам С. Івановым51.

Такім чынам, нягледзячы на наяўнасць агульных публікацый (выключэнне складае артыкул В.Буткова) і пэўных фактаў у калектыўных працах, дзе закранаецца гісторыя контрудару ў раёне Сянно—Лепель, пакуль нельга казаць, што ў айчыннай гістарыяграфіі існуе дастаткова поўнае навуковае даследаванне танкавых баёў пачатку ліпеня 1941 г. Без уліку дакументаў нямецкага боку практычна немагчыма аднавіць ход баявых дзеянняў і наблізіцца да поўнага апісання характару тых падзей.

Паспрабуем прадаставіць вядомыя нам пстарыяграфічныя звесткі ў выглядзе зводнай табліцы.

Таблiца 1. Зводныя даныя пра Лепельскі контрудар летам 1941 г.

Аўтар

Храналогія 

Колькасць танкаў

Страты савецкага боку

Анфілаў В.А.

6-9 ліпеня 1941 г.

каля 700 савецкіх танкаў

Вялікія страты

6-томная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны

1941—1945 гг.

6-10 ліпеня 1941 г.

каля 1000 савецкіх танкаў

Вялікія страты

Буткоў В.В.

6-11 ліпеня 1941 г.

больш за 700 савецкіх танкаў

Каля 60% у жывой сіле і тэхніцы

Чапурнова Л.У.

6-10 ліпеня 1941 г.

да 1500 танкаў з абодвух бакоў

Вялікія страты

Іваноў С.П.

6-9 ліпеня 1941 г.

каля 1400 савецкіх танкаў

Страта больш за 50% танкаў

Сучасная расійская гістарыяграфія

6-10 ліпеня 1941 г.

1300 савецкіх танкаў

832 танкі

Стэльмах А.У.

6-11 ліпеня 1941 г.

да 1500 танкаў з абодвух бакоў

Каля 60% у жывой сіле і тэхніцы

Бяшанаў У.В.

6-9 ліпеня 1941 г.

больш за 1700 савецкіх танкаў

Механізаваныя карпусы загінулі

Ірынархаў Р.С.

6-9 ліпеня 1941 г.

каля 1400 савецкіх танкаў

Каля 60% у жывой сіле і тэхніцы

Альтэрнатыўны погляд на праблему

Альтэрнатыўны погляд на гісторыю Лепельскага контрудару ў апошні час прадстаўляе расійскі гісторык А. Ісаеў52. Ён упершыню прапануе высновы, атрыманыя на падставе выкарыстання як новых айчынных, так і замежных дакументаў. Даследчык адзначае, што з савецкага часу ў гістарыяграфіі замацаваліся лічбы, якія не адпавядаюць дакументальным крыніцам. Калі, паводле ваенных мемуараў, у 7-м механізаваным корпусе было 715 танкаў, то, паводле архіўных дакументаў, уведзеныхА.Ісаевым, — толькі 507 баявых адзінак53. Укамплектаванасць танкавага парку 13-й і 17-й танкавых дывізій 5-га корпуса на момант правядзення Лепельскага контрудару складала 739 машын, тады як, паводле звестак штаба 20-й арміі, гэта лічба даходзіла да 924 баявых машын54.

Інакш вызначае А. Ісаеў і маштабы Лепельскага контрудару. Ён дакументальна абгрунтоўвае сваю думку пра тое, што пяцідзённыя баявыя дзеянні пад Сянно і Лепелем нельга разглядаць як адзіную баявую аперацыю. На самай справе яна распалася на два самастойныя контрудары, праведзеныя разрознена па месцы І часе: першы — сіламі 7-га механізаванага корпуса з раёна Віцебска ў напрамку Бешанковічы—Лепель; другі — сіламі 5-га механізаванага корпуса з раёна Оршы ў напрамку Сянно—Лепель55.

Дакументы, уведзеныя А. Ісаевым, сведчаць, што 10 ліпеня нельга лічыць у якасці канчатковай даты аперацыі, паколькі на гэты дзень 5-му і 7-му карпусам была пастаўлена баявая задача нанесці сумесны удар у напрамку на Бешанковічы. Але на той момант 5-ы корпус фактычна апынуўся ў акружэнні, і выхад асноўных яго сіл быў завершаны толькі ў сярэдзіне наступнага дня, 11 ліпеня. Гэта азначае, што контрудар ад пачатку і да заканчэння доўжыўся 6 дзён 56.

Спроба комплекснага аналізу праблемы

3 мэтай стварэння комплекснай карціны баявых падзей на лепельскім напрамку прапануем працяг навуковага дыскурсу па тэме. Перш наперш неабходна сказаць некалькі слоў аб Дырэктыве № 16 ад 4 ліпеня 1941 г. У ёй новае камандаванне Заходняга фронту на чале з маршалам С. Цімашэнкам паставіла задачы для вайсковых часцей фронту, у тым ліку ліквідаваць лепельскую групоўку праціўніка, якая наступала з раёна Лепеля, Полацка ў напрамку Віцебска. У штабе 20-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П. Курачкіна быў распрацаваны план аперацыі, адпаведна якому 7-му МК было загадана наступаць з раёна Віцебска ў напрамку Бешанковічы—Лепель і ў далейшым нанесці ўдар па флангу і ў тыл полацкай групоукі 3-й танкавай групы праціўні- ка; 5-му МК — нанесці ўдар у напрамку Сянно—Лепель з мэтай далейшага развіцця ўдару на захад, на Глыбокае і Докшыцы. Такім чынам, 5-ы і 7-ы механізаваныя карпусы павінны былі правесці два самастойныя контрудары па збежных напрамках на Лепель. У якасці тэрміну пераходу ў контрнаступленне было вызначана 5 ліпеня 1941 г.57.

Што тычыцца ўкамплектаванасці савецкіх танкавых карпусоў баявымі машынамі на момант пачатку нанясення удару, прывядзём наступныя даныя (гл. табліцу 2). Адразу ж звернем увагу на карэляцыю даных табліцы і тых, што прыведзены ўжурнале баявых дзеянняў 5-га корпуса. Паводле апошняга, корпус прыбыў на фронт, укамлектаваны па штатах мірнага часу. На 5 ліпеня ў ім былі 2 батальёны танкаў БТ-7 (усяго 100 машын), адзін батальён танкаў Т-26 (31 машына) і адзін батальён танкаў ХТ (31 машына). Відавочна, што пры параўнанні даных табліцы і дакумента найбольшая ступень карэляцыі назіраецца толькі ў апошнім выпадку. I адразу ж узнікае пытанне, наколькі ўвесь уліковы штат танкавага парку быў задзейнічаны падчас Лепельскай аперацыі. У танкавым палку 109-й мотастралковай дывізіі па штату знаходзілася 158 танкаў, з якіх на фронт прыбылі толькі 70 танкаў, астатнія 88 танкаў да раёна выгрузкі на ўчастку Смаленск—Орша не дайшлі. Пры гэтым жа згадваецца, што ўсяго 5-ы корпус быў укамплектаваны 802 танкамі58.

Табліца 2. Колькасць танкаў у танкавых дывізіях 5-га (на 7.7.1941 г.) і 7-га (на 6.7.1941 г.) механізаваных карпусоў[§]

Тыпы танкаў /

№ танкавай

дывізіі

КВ

Т-34

БТ-7

БТ-5

Т-26

ХТ

Т-37

Т-27

Усяго

13-я дывізія

7

10

238

-

112

26

20

-

 

17-я дывізія

6

10

255

4

112

31

-

7

 

Усяго

13

20

493

4

224

57

20

7

838

14-я дывізія

24

29

176

-

-

16

-

-

 

18-я дывізія

10

-

11

-

187

54

-

-

 

Усяго

34

29

187

-

187

70

-

-

507

Табліца 3. Колькасць танкаў у танкавых дывізіях 3-й танкавай групы (на 1.7.1941 г.) 

Тыпы танкаў /

№ танкавай дывізіі

Pz. II

Kpfw. 38 (t) –

LT v. 38

Рz. IV

Камандзірскія (Pz. III)

Усяго

7-я танкавая дывізія

32

105

17

8

162

12-я танкавая дывізія

39

94

18

9

160

Усяго

71

199

35

17

322

 

        З табліцы бачна, што на момант пачатку баявых дзеянняў агульная колькасць баявых машын двух механізаваных карпусоў складала 1345 танкаў розных тыпаў, у тым ліку 96 танкаў КВ і Т-34. Таксама неабходна мець на ўвазе, што ў табліцы не ўлічаны 153 бронеаўтамабілі, што знаходзіліся на ўзбраенні 5-га механізаванага корпуса, а таксама 70 танкаў, што прыбылі ў раён Оршы. Даныя табліцы сведчаць, што большасць баявых машын новых тыпаў знаходзілася ў 7-м механізаваным корпусе, а менавіта ў адной з элітных савецкіх часцей — 14-й танкавай дывізіі, у якой ваяваў сын І. Сталіна Я. Джугашвілі[**].

Аб колькасці танкаў з нямецкага боку існуюць частковыя звесткі. Паводле захаваных дакументаў, можна скласці наступную карціну аб укамплектаванасці танкамі нямецкіх дывізій да моманту пачатку баявых дзеянняў у раёне Сянно—Лепеля (гл. табліцуЗ). З лічбавых даных вынікае, што 5-ы і 7-ы савецкія карпусы значна пераўзыходзілі нямецкія часці па колькасці баявых машын. Пра тое, што ўдзельнікі контрудару мелі ў 3—4 разы больш танкаў, чым немцы, пісаў і былы начальнік штаба 5-га корпуса В. Буткоў. Неабходна, аднак, мець на ўвазе, што агульная маса танкаў не знаходзілася адначасова ў танкавым баі на адной баявой прасторы. Як бачна з дзённікаў баявых дзеянняў савецкіх танкавых дывізій, баі мелі лакальны характар. Пры гэтым танкі новых тыпаў (накшталт савецкага Т-34 ці нямецкага Pz. IV) складалі ўсяго прыкладна дзясятую частку ад агульнай колькасці машын.

Аналіз айчынных і замежных дакументаў дазваляе выявіць тыя аспекты баявых дзеянняў, якія раней заставаліся па-за ўвагай гісторыкаў. Так, звернем увагу на баявое данясенне № 8 камандуючага 20-й арміяй аб выніках баявых дзеянняў 5-га і 7-га механізаваных карпусоў у першыя тры дні з моманту пачатку Лепельскай аперацыі. У ім П. Курачкін дакладаўу Генеральны штаб, што 5-ы і 7-ы карпусы прадаўжаюць выконваць задачу па знішчэнні лепельскай групоўкі праціўніка, наносячы ўдары ў напрамку Сянно, Лепель. Пры гэтым 7-ы МК пад прыкрыццём 153-й стралковай дывізіі і мотастралковых часцей 18-й танкавай дывізіі, якая займала раён Сянно, у 13 гадзін 8 ліпеня пачаў перагрупоўку да левага фланга. У той жа час танкі праціўніка пры падтрымцы авіяцыі атакавалі правы фланг 18-й танкавай дывізіі з лясоў на поўнач ад Сянно і перайшлі ў наступленне, заняўшы Новае Сяло (6 км на ўсход ад Сянно). 5-ы МК да 9 гадзін раніцы заняў зыходнае становішча ў раёне саўгаса Федэратыўны, Лозы, ст. Клімавічы (10—15 км на поўдзень ад Сянно), насупраць 27-й мотадывізіі праціўніка, якая з артылерыяй абаранялася на рубяжы Вяцера, Дзідава. Адбіўшы а 13-й гадзіне на рубяжы Чырвоны Маяк, Азярышча атаку каля 100 танкаў, падтрыманых авіяцыяй, корпус перайшоў у наступленне, прычым 17-я танкавая дывізія на ўчастку Вялікія і Малыя Ліпавічы (20 км на паўднёвы захад ад Сянно) разграміла 36-ы мотастралковы полк 27-й мотадывізіі, знішчыла цяжкую батарэю, тры лёгкія батарэі і пяць супрацьтанкавых гармат. Рэшткі праціўніка на машынах адышлі ў напрамку на Чарэю, іх праследуюць часці 17-й танкавай дывізіі. У гэты ж час 13-я танкавая дывізія ў баях на поўдзень ад Сянно разграміла да двух батальёнаў 34-га мотапалка 27-й мотадывізіі. У якасці баявой задачы наступнага дня быў вызначаны працяг наступлення чатырма дывізіямі двух МК у агульным напрамку на Лепель59.

Адразу ж звернем увагу на тое, што ў данясенні П. Курачкіна названы нямецкія падраздзяленні, якіх насамрэч не было на гэтым участку баявых дзеянняў. Паводле загаду камандавання 3-й нямецкай танкавай групы, 2 ліпеня чатыры дывізіі (7-я і 12-я танкавыя, 14-я і 20-я матарызаваныя) пачалі наступаць на Веліж праз Дзвіну на ўчастку Віцебск—Полацк60. Загад аб наступленні праз Чарэю і Сянно ў напрамку станцыі Коханава атрымала 17-я танкавая дывізія 47-га танкавага корпуса 2-й танкавай групы. Пры гэтым удзел усіх згаданых нямецкіх падраздзяленняў у баявых дзеяннях пад Лепелем не пацвярджаецца дакументальна. Прыведзеныя нямецкія даныя паказваюць памылковасць упамінанняў пра назвы іншых нямецкіх часцей61. Заўважым, што і ў нямецкіх дакументах даволі часта фігуруюць даныя разведкі, якія не заўсёды пацвярджаюцца фактамі.

Даволі важным нам падаецца разгляд баявых дзеянняў, якія адлюстраваны і ў савецкіх, і ў нямецкіх дакументах.

У якасці першага прыкладу прывядзём баявыя дзеянні савецкай 13-й танкавай дывізіі на працягу 8 ліпеня 1941 г. У публікацыі былога начальніка штаба 5-га механізаванага корпуса В. Буткова баявым падзеям, якія адбыліся на працягу гэтага дня, прысвечаны толькі некалькі радкоў: “13-я танкавая дывізія ў сваёй паласе правяла пяць атак, але поспеху не мела. У другой палове дня яна не раз падвяргалася ударам варожай авіяцыі / была вымушана адмовіцца ад далейшых атак”62.

Рассакрэчаныя дакументы, а менавіта “Падрабязнае апісанне першага бою 13-й танкавай дывізіі ўраёне Толпіна 8.7.41 г."63, дазваляюць скласці больш падрабязную карціну тых падзей. Да 9.00 раніцы 8 ліпеня 13-й танкавай дывізіі ставілася задача наступаць у напрамку Лукомль і Лепель, знішчыць праціўніка і да зыходу дня авалодаць паўднёвай часткай Лепеля. Выкананне баявой задачы забяспечвалі 25-ы і 26-ы танкавыя палкі, 13-ы мотастралковы полк, 13-ы артылерыйскі полк. Атака пачалася ў 12.00 без артылерыйскай падрыхтоўкі, паколькі да таго моманту артылерыйскі полк, зенітны дывізіён і батальён цяжкіх танкаў знаходзіліся толькі на падыходзе да пазіцый. Першы дывізіён 13-га артылерыйскага палка заняў пазіцыі і адкрыў агонь толькі а 14-й гадзіне, а другі дывізіён дасягнуў раёна агнявой падрыхтоўкі толькі ў 17 гадзін і ўвогуле не ўдзельнічаў у баі.

У раёне Навінкі, Толпіна дывізія сутыкнулася з моцна арганізаванай процітанкавай абаронай. Некалькі танкавых атак на працягу 16.00—20.00 прывялі да вялікіх страт, але поспеху не прынеслі. Значныя страты былі панесены савецкімі войскамі і ў выніку "бесперапыннага ўздзеяння варожай авіяцыі". Цяжкія танкі, якія складалі рэзерв 13-й дывізіі, былі выкліканы на месца бою, але прыбылі толькі ў 20.00. У дакуменце адзначаецца, што часці дывізіі панеслі вялікія страты: 26-ы танкавы полк страціў 47 танкаў, 25-ы — 27, батальён цяжкіх танкаў — 6 танкаў. На наступны дзень, 9 ліпеня, дывізія не вяла баявых дзеянняў, акрамя бамбардзіровак авіяцыі. 10 ліпеня 13-я дывізія апынулася ў нямецкім акружэнні64.

“Справаздача аб баявых дзеяннях часцей 17-й танкавай дывізіі з 4.7.41 г. да 19.7.41 г.”65 сведчыць, што галоўнай задачай для гэтай вайсковай адзінкі з'яўляўся захоп Лепеля. На працягу 7 ліпеня 33-і і 34-ы танкавыя палкі дывізіі праводзілі запраўку ма- тэрыяльнай часці палівам, сустрэчы з праціўнікам не мелі. Раніцай 8 ліпеня ў раёне Вялікіх Ліпавічаў удалося захапіць 24 гарматы розных калібраў, З танкі, 4 трактары і 3 аўтамашыны. Аднак у 18 гадзін дывізія была атакавана праціўнікам (які меў да 60 танкаў і 600 матацыклістаў), пасля чаго 33-і танкавы полк апынуўся ў акружэнні. З 18.00 да 21.00 нямецкая авіяцыя бесперапынна наносіла ўдары па часцях дывізіі ў раёнах Цэрэбені, Малыя і Вялікія Ліпавічы, таму немагчыма было аказаць дапамогу 33-му палку. 34-ы танцкавы полк страціў у выніку баёў 8—10 ліпеня 1941 г. 84 адзінкі баявой тэхнікі і 72 чалавекі (у тым ліку 41 чалавек малодшага і старшага каманднага саставу). Адной з прычын гэтага ў дакуменце называецца адсутнасць своечасовых і дакладных даных ад разведкі. Так, 8 ліпеня 34-ы танкавы полк страціў большую частку сваіх танкаў, паколькі яны завязлі ў балоце і былі знішчаны артылерыйскім агнём праціўніка. У дакуменце таксама адзначаецца, што ў выніку баёў пад Сянно, Ліпавічамі, Лядамі, Софнеўкай і Потавам праціўніку былі нанесены вялізныя страты: 17-я дывізія знішчыла 40 танкаў, 10 бронемашын, 89 грузавых аўтамашын. Асобна заўважым, што, паводле справаздачы, за перыяд з 7.7.41 г. па 5.8.41 г. часці 17-й танкавай дывізіі правялі толькі 4 (!) танкавыя атакі і адзін раз былі атакаваны праціўнікам у колькасці 60 танкаў66.

Не менш важнымі ў рассакрэчаных дакументах з’яўляюцца і звесткі аб заключнай частцы баявых дзеянняў, дзе даюцца ацэнкі і падводзяцца Некаторыя вынікі. Паводле загада № 1 штаба 20-й арміі, 5-ы механізаваны корпус ва ўзаемадзеянні з 7-м корпусам павінен быў спачатку сканцэнтраваць сілы на левым флангу, а потым ліквідаваць нямецкую групоўку і авалодаць Лепелем да зыходу дня 6 ліпеня 1941 г. У дакуменце запісана, што поўнасцю задачу корпус не выканаў. У ходзе баёў з 8 па 10 ліпеня і 11 ліпеня пры выхадзе з акружэння корпус панёс наступныя страты па танках: у 13-й танкавай дывізіі — 82 адзінкі баявой тэхнікі, у 17-й танкавай дывізіі — 244, у 109-й мотастралковай дывізіі — 40 танкаў. Ад дзеянняў нямецкай авіяцыі было страчана каля 50% танкаў, тады як ад процітанкавай абароны і ў ходзе баёў ад танкаў праціўніка — каля 30%. Яшчэ 20% танкаў выбылі са строю і завязлі ў балотах, паколькі не было магчымасці іх эвакуацыі па прычыне абстрэлу праціўнікам67.

Зварот да нямецкіх дакументаў дазваляе ўбачыць асобныя падзеі з процілеглага боку. Звернемся да “Дзённіка баявых дзеянняў 17-й нямецкай танкавай дывізіі”, якая ўдзельнічала ў баях пад Сянно. Нагадаем, што пад Сянно ўдзельнічала баявая група дывізіі, якая мела 80 танкаў. З дакумента вынікае, што на працягу 6-дзённага (з 5 па 10 ліпеня) баявога рэйду праз Сянно ў напрамку Коханава (паміж Талачынам і Оршай) на полі бою дывізіі было знішчана больш за 250 танкаў 5-га савецкага танкавага корпуса (з іх прыкладна 150 пры дапамозе авіяцыі). На працягу аднаго дня 8 ліпеня ў раёне Толпіна ў выніку ўпартых баёў было знішчана 68 савецкіх танкаў68.

Табліца 4. Захаванасць матэрыяльнай часткі 10.7.41) і 13.7.41) дывізій[††]

Тыпы танкаў / №

ттанкавай дывізіі

КВ

Т-34

БТ-7

Т-26

ХТ

Усяго

14-я танкавая дывізія

10

7

86

12

-

115

17-я танкавая дывізія

3

3

75

34

17

132

Усяго

13

10

161

46

17

247

Паводле дакумента, савецкае наступленне вялося ў двух напрамках — на Ліпавічы і Толпіна. Яно пачалося з танкавай атакі ў 5.30 раніцы 8 ліпеня, але да 7-й гадзіны было спынена агнём процітанкавай артылерыі. У 8.10 савецкія войскі нанеслі новы моц- ны ўдар з выкарыстаннем танкаў і стралковых падраздзяленняў, якія наступалі пры актыўнай падтрымцы артылерыі. У выніку гэтага ўдару нямецкі бок апынуўся ў крызіснай сітуацыі і быў вымушаны пачаць адвод сваіх тылавых часцей і маршавых калон з раёна Толпіна ў напрамку Чарэі. Упартыя баі ішлі на працягу ўсёй першай паловы дня 8 ліпеня. У выніку іх савецкаму боку ўдалося прарвацца на паўднёвы захад ад Толпіна і адсекчы нямецкія тылавыя службы ад баявых часцей дывізіі. Толпіна было захоплена 39-м нямецкім танкавым палком толькі ў 21.15.

На наступны дзень, 9 ліпеня, нямецкія войскі планавалі нанесці ўдар на Сянно з мэтай злучыцца з баявымі часцямі, што дзейнічалі ў раёне Абольцаў. Аднак гэтая задача выканана не была, паколькі там былі выяўлены моцныя сілы савецкіх войскаў. Як адзначаецца ў дакуменце, толькі ў другой палове дня немцы нанеслі ўдар у напрамку на Сянно. Каля 17.00 баявая група дывізіі дасягнула Сянно на паўднёвым захадзе. Толькі ў сярэдзіне дня 10 ліпеня 17-я нямецкая танкавая дывізія здолела дасягнуць Коханава69.

Важным падаецца нам і такі факт вядзення баявых дзеянняў савецкімі і нямецкімі часцямі. Напрыклад, 7 ліпеня ў раёне Дубравы—Гняздзілавічы, дзе паміж Бешанковічамі і Астроўна вяла наступленне 14-я савецкая танкавая дывізія, 7-я мотапяхотная брыгада 7-й нямецкай танкавай дывізіі на працягу аднаго дня знішчыла 103 танкі, у тым ліку 2 танкі КВ і 4танкі Т-34, тады як самі немцы пры гэтым страцілі 1    танкі, 2 процітанкавыя, 2 лёгкія штурмавыя гар- маты, 2 зенітныя гарматы і 2 аўтамабілі70. Паводле данясення камандавання 39-га нямецкага армейскага корпуса, 7-я дывізія на працягу баёў пад Віцебскам з 6 па 12 ліпеня знішчыла 198 танкаў, 15 гармат, 14 процітанкавых гармат, 608 аўтамабіляў, 4 самалёты і ўзяла ў палон 620 чалавек. Большая частка трафеяў была ўзята на паўднёвы захад ад Віцебска, каля Сянно і Дубравы. 12-я танкавая дывізія, якая ўступіла ў баявыя дзеянні пад Сянно значна пазней, знішчыла146 танкаў (большая частка з іх была знішчана ў тым раёне). Усяго 39-м нямецкім армейскім корпусам на Віцебшчыне, у раёне Улы і каля Віцебска, быў знішчаны 371 танк, з якіх абсалютная большасць у ходзе баёў пад Сянно. (Заўважым, што баявыя дзеянні з удзелам 7-га і 5-га механізаваных карпусоў прадаўжаліся і пасля завяршэння баёў пад Сянно. Так, 14-я танкавая дывізія 7-га МК страціла з 13 па 17 ліпеня ў раёне Лёзна яшчэ 89 танкаў)71.

На аснове аналізудзённікаў баявых дзеянняў7-й, 12-й, 20-й танкавых і 20-й матарызаванай нямеціх дывізій 3-й танкавай групы, а таксама 17-й танкавай дывізіі 2-й танкавай групы можна падлічыць, што ў ходзе баявых дзеянняў у раёне Дубравы, Бешанковічаў, Сянно, Улы і Віцебска, а таксама Лёзна да сярэдзіны ліпеня 1941 г. былі знішчаны 694 савецкія танкі72.

Дакладных даных аб стратах у баявой тэхніцы, панесеных 3-й нямецкай танкавай групай, намі пакуль не выяўлена. Вядома толью, што ў 2-й танкавай групе па стану на 7 ліпеня 1941 г. баяздольнымі лічыліся: у 3-й і 18-й танкавых дывізіях — 35% машын; у 4-й і 17-й (якая ўдзельнічала ў баях пад Сянно) — 60%; у 10-й танкавай дывізіі — 80% машын. Фактычна страчанай за гэты час лічылася кожная 10-я машына73.

Што тычыцца страт асабовага складу, то яны былі наступныя. Нямецкія войскі страцілі 544 афіцэры (170 загінулі, 366 паранены, 8 прапалі без вестак) і 10162 унтэр-афіцэраў і радавых (2431 загінулі, 7126 паранены, 605 прапалі без вестак)74. Паводле дакументаў 5-га савецкага механізаванага корпуса, у выніку баёў з 8 па 11 ліпеня агульныя страты складалі 646 чалавек (138 забіты і 357 прапалі без вестак)75.

Наконт аператыўна-тактычных вынікаў Лепельскай аперацыі, праведзенай у пачатку ліпеня 1941 г, выказваюцца самыя розныя ацэнкі. У першую чаргу гэта звязана з беззваротнай стратай савецкімі войскамі значнай колькасці танкаў. Некаторыя прычыны гэтага назваў у час допыту ў нямецкім палоне Я. Джугашвілі76. Ён даў высокую ацэнку нямецкай танкавай тэхніцы і тактыцы яе выкарыстання на полі бою, адзначыўшы пры гэтым, што няўдачы савецкіх войскаў звязаны не столькі з недахопам тэхнікі ці ўзбраенняў, колькі з няздольнасцю камандзіраў і адсутнасцю ў іх вопыту вядзення манеўранага бою. Такое становішча, на яго думку, стала расплатай за рэпрэсіі супраць вядучага каманднага саставу Чырвонай Арміі, у выніку якіх ні ва адным узроў- ні — брыгады, дывізіі, корпуса — часам не маглі своечасова прыняць правільнага аператыўнага рашэння. Сведчаннем гэтага Я.  Джугашвілі называў і наступальную аперацыю, праведзеную савецкім камандаваннем пад Віцебскам. У сітуацыі, калі штабы не мелі сувязі з часцямі і паміж сабой сярод салдат узнікала паніка, камандзіры і камісары вымушаны былі са зброяй у руках стрымліваць тых, хто пакідаў пазіцыі. Таксама Я. Джугашвілі адзначаў, што артылерысты вымушаны былі весці агонь па праціўніку без палявых карт77.

У гэтым плане падаюцца важнымі і некаторыя іншыя факты, без уліку якіх немагчыма казаць аб стварэнні цэласнай панарамы танкавых баёў на Віцебшчыне летам 1941 г. Звернемся да малавядомага архіўнага дакумента — вынікаў інспектавання, праведзенай па даручэнні камандуючага Заходнім фронтам С. Цімашэнкі членам Ваеннага Савета фронту, першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкам. Падрыхтаваная ў жніўні 1941 г. на імя І. Сталіна дакладная запіска ўтрымлівае шмат важных ацэнак таго, што адбылося ў ходзе правядзення контрудару на лепельскім напрамку. У прыватнасці, была адзначана схільнасць многіх военачальнікаў і камандзіраў да дзеянняў “лабавымі ўдарамі”, “коннай лавай”, “навалам", вядомых з часоў Грамадзянскай вайны. У дакуменце гаворыцца, да чаго прывяла падобная тактыка ў 7-м механізаваным корпусе, які меў 526 танкаў. Так, “з 9 па 20 ліпеня корпус прайшоў шлях з баямі [у раёне] Рудня — Лёзна — Бешанковічы і назад у Лёзна. У гэтым рэйдзе корпус страціў усе танкі па прычыне таго, што ў першы дзень корпус распачаў без разведкі лабавую атаку на вузел абароны праціўніка, у выніку страціў адразу 100 танкаў. Далей, зноў жа ў выніку адсутнасці разведкі, корпус патрапіў пад перакрыжаваны агонь дзвюх замаскіраваных танкавых калон праціўніка і таксама страціў шмат танкаў. Затым корпус адышоў у балота. Шмат танкаў завязлі, а астатнія былі страчаны па дарогах. Так злачынна быў загублены адзін з моцных карпусоў”78.

Высновы

        Падводзячы высновы, трэба перш за ўсё адзначыць, што Лепельская аперацыя сапраўды вызначалася фактам шырокага выкарыстання танкавых злучэнняў як з савецкага, так і нямецкага боку. Аднак называць тыя падзеі танкавай бітвай пад Сянно можна толькі з улікам наступных фактаў і фактараў.

Па-першае, у саміх дакументах аператыўнага аддзела штаба Заходняга фронту баявыя дзеянні 5-га і 7-га механізаваных карпусоў 20-й арміі былі названы “Лепельскай аперацыяй’’79. Па-другое, у дакументах не ўдалося выявіць факта адначасовага сутыкнення з двух бакоў буйных мас танкаў, агульная колькасць якіх перавышала б нават 300 адзінак, не кажучы пра лічбы ў амаль 3 тыс. баявых машын. Вывучэнне аператыўных дакументаў танкавых злучэнняў, якія з двух бакоў удзельнічалі ў баях пад Сянно, дазваляюць выявіць баявыя сутыкненні з удзелам аднаго-двух танкавых палкоў агульнай колькасцю ад 150 да 200 баявых адзінак80. Па-трэцяе, Лепельская аперацыя фактычна распалася на два самастойныя контрудары, якія, паводле плана, наносіліся па розных напрамках: 7-ы механізаваны корпус у складзе 14-й і 18-й танкавых дывізій наступаў з раёна Віцебска на Бешанковічы-Лепель; 5-ы механізаваны корпус у складзе 13-й і 17-й танкавых і 109-й мотастралковай дывізій наносіў удар з раёна Оршы на Сянно-Лепель. Фактычна контрудары былі праведзены ў названай паслядоўнасці, але з розніцай у два дні. Канчатковай мэтай контрудараў з’яўляўся выхад у раён Лепеля для нанясення ўдару ў фланг і тыл полацкай групоўкі праціўніка. Паводле аператыўнай зводкі Заходняга фронту ад 5 ліпеня 1941 г., войскі фронту наносілі ўдар па праціўніку, маючы толькі адзін агульны напрамак — Лепель81. Падчас аперацыі савецкі бок страціў фактычна 75% танкавага парку 5-га і 7-га механізаваных карпусоў, прычым толькі трэцюю частку на полі бою ў ходзе танкавых баёў ці дзейнасці процітанкавай артылерыі праціўніка.

Сярод прычын амаль поўнага разгрому двух механізаваных карпусоў былі як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя. Даволі дакладную карціну аб прычынах разгрому дае справаздача 13-й танкавай дывізіі, дзе гаворыцца, што ў ходзе бою ў раёне Толпіна два танкавыя і адзін мотастралковы палкі выконвалі загад аб неадкладным уступленні ў бой, але рабілі гэта без артылерыйскай падрыхтоўкі, без узаемадзеяння паміж сабой, без належнай разведкі мясцовасці, без выкарыстання пяхоты, і да таго ж не ў поўным складзе, з парушэннем кіравання і не ў поўнай баявой гатоўнасці82.

Нягледзячы на тактычныя няўдачы 5-га і 7-га механізаваных карпусоў, загад аб іх адыходзе на зыходныя пазіцыі стаў вынікам не разгрому ў раёне Сянно і Лепеля, а страты 9 ліпеня войскамі Заходняга фронту г. Віцебска. Вялікія страты ў баявой тэхніцы, якія панеслі два савецкія корпусы ў ходзе Лепельскай аперацыі, былі вельмі адчувальныя, але не такія катастрафічныя83, як гэта было пад Беластокам, Гродна і Мінскам у першыя дні вайны.

Такім чынам, можна з ўпэўненасцю сцвярджаць, што адной з актуальных задач беларускай гістарычнай навукі з'яўляецца правядзенне спецыяльнага даследавання аб Лепельскай аперацыі пачатку ліпеня 1941 г., у аснову якога будзе пакладзены прынцып супастаўлення дакументальных крыніц айчыннага і замежнага паходжання. Толькі так можна стварыць аб'ектыўную рэканструкцыю тых важных гістарычных падзей.

Крыніцы

1    Открыт памятник танкистам // 7 дней. 2011, 8 сентября. С.1.

2    Прохоровка // Великая Отечественная война 1941—1945: энциклопедия. М., 1985. С. 593.

3    Великая Отечественная война 1941—1945: энциклопедия. М., 1985.

4    Великая Отечественная война 1941—1945: энциклопедия. М., 2010.

5    Бутков В.В. Контрудар 5-го механизированного корпуса на лепельском направлении (6—11 июля 1941 года) // Военно-исторический журнал. 1971, № 9. С. 59—65.

6    История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945 (июнь 1941—ноябрь 1942 г.). М., 1961.

7    Там жа. С. 40.

8    Анфилов В.А. Начало Великой Отечественной войны (22 июня—середина июля 1941 года). Военно-исторический очерк. М., 1962. С. 139.

9    Там жа. С. 141.

10   Анфилов В.А. Незабываемый сорок первый. 2-е изд., доп. М., 1989. С. 170.

11   Бутков В.В. Контрудар 5-го механизированного корпуса на лепельском направлении (6—11 июля 1941 года). С. 59-65.

12   Там жа. С. 61.

13   Там жа. С. 65.

14   Там жа. С. 63.

15   Там жа. С. 65.

16   Чапурнова Л.У. Лепельскі контрудар 1941 // Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 1978. С. 360; Чапурнова Л.У. Лепельскі контрудар 1941 // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: энцыклапедыя / рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн., 1990. С. 301.

17   Стэльмах А.У. Лепельскі контрудар 1941 года // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лепельскага раёна. Мн., 1999. С. 190-195.

18   Иринархов Р.С. «Западный особый...». Мн., 2002.

19 История Второй мировой войны 1939—1945. В 12 т. Т. 4: Фашистская агрессия против СССР. Крах стратегии «молниеносной войны». М., 1975.

20   Там жа. С. 46.

21   Великая Отечественная война Советского Союза 1941—45. Краткая история. М., 1984. С. 62.

22   Иванов С.П. Штаб армейский, штаб фронтовой. М., 1990.

23   Там жа. С. 95.

24   Там жа. С. 96.

25   Великая Отечественная война, 1941—1945: в 4 кн. Кн. 1: Суровые испытания / А.С. Орлов, А.С. Якушевский, B.Л. Петров и др. М., 1998.

26   Там жа. С. 147.

27   Великая Отечественная война 1941—1945 годов. М., 2011.

28   Там жа. С. 126.

29   Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 6. Мн., 1972.

30   Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Мн., 1975.

31   Там жа. С. 161.

32   Языковіч Э.Ф., Раманоўскі В.П. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі (ліпень—жнівень 1941 г.) // Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. Т. 4: Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938—1943 гг.). Мн., 1975. С. 147.

33   История Белорусской ССР. Мн., 1977. С. 377.

34   Чапурнова Л.У. Лепельскі контрудар 1941 // Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 1978.

35   Там жа. С. 360.

36   Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945: энцыклапедыя. Мн., 1990. С. 301.

37   Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4. Мн., 1997. C. 351.

38   Стэльмах А.У. Лепельскі контрудар 1941 года // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Лепельскага раёна. С. 195.

39   Бешанов В.В. Танковый погром (Куда исчезли 28 тысяч советских танков). Мн., 2000.

40   Там жа. С. 291-292.

41   Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941—1945. Мн., 2005.

42   Там жа. С. 77.

43   Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 т. Т. 4. Мн., 2007.

44   Там жа. С. 447.

45   Ваенная энцыклапедыя Беларусі / рэдкал.: Л.У. Языковіч (гал. рэд.) [і інш.]. Мн., 2010.

46   Там жа. С. 577-578.

47   1941 год: страна в огне: очерки. В 2 кн. Кн. 1. М., 2011.

48   Литвин А.М., Воронкова И.Ю. Битва за Беларусь летом 1941 года // 1941 год: страна в огне. Кн. 1. С. 378.

49   Там жа.

50   Беларусь в годы Великой Отечественной войны 1941—1945. Мн., 2005. С. 35.

51   Иринархов Р.С. Агония 1941. Кровавые дороги отступления. М., 2011. С. 116-235.

52   Исаев А.В. Неизвестный 1941. Остановленный блицкриг. М., 2010. С. 329-373.

53   Там жа. С. 334.

54   Там жа. С. 347.

55   Там жа. С. 340.

56   Там жа. С. 371.

57   Там жа. С. 340.

58   Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. // Журнал боевых действий 5 МК. — Центральный архив Министерства обороны Российской Федерации (далей — ЦАМО РФ). Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 102.

59   1941: документы и материалы: к 70-летию Великой Отечественной войны. Вып. 1-й в 2-х томах. Т. 2 / сост: Ю.А. Никифоров и др. СПб., 2011. С. 325-326.

60  Федэральны ваенны архіў Германіі (далей ВА-МА). RH 21-3/46: Panzergruppe 3. Abt. I а, V. 9.7.41. Gefechtsbericht vom 30.6.—9.7.41. ВІ. З.

61  BA-MA. RH 24-47/5: Anlage Nr. 248 zum Kriegslagebuch Nr. 2 des XXXXVII. Pz. Korps: Bericht über Marsch und Kampf der 17. Pz. Division von Borissow über Senno nach Kochanowo v. 11.7.41. Bl. 1.

62  Бутков В.В. Контрудар 5-го механизированного корпуса на лепельском направлении (6—11 июля 1941 года). С. 64.

63  Отчет о боевых действиях 13-й танковой дивизии 5 МК за период с 4 по 19.7.41 // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 32.

64  Подробное описание первого боя 13-й танковой дивизии в районе Толпино 8.7.41 // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 5-6.

65  Отчет о действиях частей 17-й танковой дивизии с 4.7.41 по 19.7.41 // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 27-32.

66  Там жа. Арк. 32.

67  Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 111-112.

68  BA-MA. RH 24-47/5: Anlage Nr. 248 zum Kriegstagebuch Nr. 2 des XXXXVII. Pz. Korps: Bericht über Marsch und Kampf der 17. Pz. Division von Borissow über Senno nach Kochanowo v. 11.7.41. Bl. 6.

69  Ibidem.

70  BA-MA. RH 21 -3/433: Abschlussbericht über die Panzerkämpfe am 7.7.41 der 7. Panzer—Division, v. 8.7.41. Bl. 294

71  BA-MA RH 21-3/433: Generalkommando XXXIX. A.K. Bericht über Gefangene, vernichtete Geräte und Beute seit Beginn der Kamphandlungen v. 8.8.41. Bl. 464-465.

72  Ibidem. Bl. 464-465.

73  BA-MA. RH 21-2/927: Meldung der Pz. Gr. 2 an AOK über einsatzbereite Panzer v. 7.7.41, Bl. 149.

74  BA-MA. RH21-3/46: Panzergruppe 3. Gesamtaufstellung der bisher gemeldeten Verluste, Stand vom 13.7.41, Bl. 149.

75  Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 111.

76  BA-MA. RH 26-26/7a: Vernehmung des gefangenen  russischen Oberleutnant Jacob Josifowitsch Dschugaschwili  vom 14. Haub. Art. Regiment. Bl. 1-3.

77  Ibidem. Bl. 1-3.

78  Платонов Р.П. Белоруссия: известное и неизвестное: по документам Национального архива Республики Беларусь. Мн., 2000. С. 42; Платонов Р.П. О причинах поражения войск Западного фронта в первые месяцы войны (По материалам Национального архива Республики Беларусь) // Беларусь, 22 июня 1941 года: говорят архивы...: материалы к заседанию «круглого стола», посвященного 60-летию начала Великой Отечественной войны (июнь 2001 г.) / отв. ред.-сост.: Р.П. Платонов, В.В. Федосов. Мн., 2001. С. 51-65.

79  Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 111.

80  Там жа. Арк. 111.

81  1941: Документы и материалы: к 70-летию Великой Отечественной войны. Вып. 1-й в 2-х томах. Т. 2 / cост.: Ю.А. Никифоров и др. СПб., 2011. С. 276.

82   Отчет о боевых действиях 13-й танковой дивизии 5 МК за период с 4 по 19.7.41. // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 3.

83   Лепельская операция с 6 по 11.7.41 г. // ЦАМО РФ. Ф. 208, воп. 2511, спр. 80, арк. 111.

 [*] Вытворчасць такіх баявых машын пачалася ў СССР толькі ў 1943 г.

[†] Пад Сянно дзейнічалі толькі асобныя часці 17-й нямецкай танкавай дывізіі (адной з дзвюх танкавых дывізій 47-га корпуса 2-й танкавай групы).

[‡] Пазіцыі 13-й арміі знаходзіліся побач з пазіцыямі 20-й арміі.

[§] Табліца складзена паводле: Исаев А.В. Неизвестный 1941. Остановленный блицкриг. М,, 2010. С. 334, 347

** Табліца складзена паводле даных: ВА-МА. RH 21-3/732: Panzer AOK 3. Іа NR. 520/42 geheim: Gefechtsbericht Russland 1941/42, ВІ. 13.

[**] У ходзе адступлення дывізіі 17 ліпеня ў раёне Лёзна ён быў узятыў палон.

[††] Табліца складзена паводле даных: Исаев А.В. Неизвестный 1941. Остановленный блицкриг. М., 2010. С. 373.

Па тэме:

Книга "Первый удар: 29-я танковая дивизия в боях за Гродно 22-25 июня 1941г."

 

 

Мы в "Facebook"

 

 

Мы в "Одноклассниках"

Мы "В Контакте"

Яндекс.Метрика