Л. С. Скрабіна
У друку ўжо не раз асвятлялася дзейнасць польскага партызанскага атрада імя Т. Касцюшкі пад камандаваннем паручніка К. Мілашэўскага [1]. Гэты атрад адыграў асабліва прыкметную ролю ў развіцці польскага ўзброенага падполля ў Навагрудскай акрузе Арміі Краёвай (АК).
Перш чым перайсці да разгляду найбольш драматычных старонак гісторыі вышэй згаданага атрада, неабходна зазначыць, што доўгі час савецкія гісторыкі ацэньвалі АК на тэрыторыі Заходняй Беларусі, як варожую сілу, якая перашкаджала весці барацьбу з Германіяй, накіроўваючы вастрыё сваіх выступленняў супраць савецкіх партызан. Такі спрошчаны падыход да гэтай праблемы павінен быў сцвердзіць правамернасць рэкамендацый ЦК КП(б)Б і далейшых дзеянняў савецкіх партызанскіх фарміраванняў па «выкрыццю» і роспуску нацыяналістычных атрадаў і груп.
Між тым, крытычная ацэнка крыніц і навуковых прац, апублікаваных у апошні час, сведчыць пра тое, што гэтая праблема больш складаная, чым здаецца на першы погляд.
Адхіляючы «абавязковыя» ацэнкі, сфармуляваныя толькі ў цёмных танах, без дастатковага ўліку складанасці сітуацыі, аўтар дадзенага артыкула робіць спробу паказаць палітычныя мэты ўрада СССР і механізм іх здзяйснення ў адносінах да АК на прыкладзе трагічнага лёсу польскага партызанскага атрада імя Т. Касцюшкі.
Асноўнай крыніцай для напісання артыкула з’явіліся пратаколы допытаў кіраўнікоў так званай «белапольскай контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі “Польскі Звэнзэк Паўстанчы”» (ПЗП), якія знаходзяцца ў Нацыянальным архіве РБ.
Нагадаем, што польскі партызанскі атрад імя Т. Касцюшкі пад камандаваннем К. Мілашэўскага быў створаны ў Івянецкім раёне, пазней перафарміраваны ў Стаўбцоўскі батальён. Паміж атрадам Мілашэўскага і савецкімі партызанскімі фарміраваннямі спачатку былі даволі мірныя і добрасуседскія адносіны. Атрад падтрымліваў з імі цесную сувязь, удзельнічаў у разгроме нямецкага гарнізона ў гарадскім пасёлку Івянец,у сумесных баях падчас цяжкай блакады праціўнікам Налібоцкай пушчы.
Пасля блакады Налібоцкай пушчы ў атрад былі прысланы Галоўным камандаваннем АК некалькі добра падрыхтаваных афіцэраў і парашутыстаў з Лондана. Спачатку ў жніўні 1943 г. у атрад прыбыў паручнік Рыдзеўскі па мянушцы «Гром», затым паручнік Адольф Пільх («Гура»), паручнікі і падпаручнікі Лось («Іква»), Баброўніцкі («Клін»), Ржэвускі («Затор») і інш. Апошнім у лістападе 1943 г. прыбыў маёр Вацлаў Пелка («Вацлаў»). Ён змяніў К. Мілашэўскага на пасадзе камандзіра батальёна «Стоўбцы», які, згодна з загадам камандуючага Навагрудскай акругай, быў перайменаваны ў 1-ы батальён 78-га палка пяхоты АК. К. Мілашэўскі быў прызначаны ад’ютантам батальёна і кіраўніком супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі.
Савецкае камандаванне з недаверам аднеслася да прыбыўшых у польскі атрад новых афіцэраў-парашутыстаў. З восені 1943 г. адносіны паміж польскім атрадам К. Мілашэўскага і савецкімі партызанамі пачалі пагаршацца. Гэта было выклікана некалькімі прычынамі: з аднаго боку, разрывам савецка-польскіх дыпламатычных адносін, дырэктыўнымі ўказаннямі палі-тычнага кіраўніцтва СССР і БССР, накіраванымі на ліквідаванне польскіх «буржуазна-нацыяналістычных атрадаў і груп», а з другога – барацьбой за сферу ўплыву, імкненнем Івянецкага міжрайцэнтра падпарадкаваць сабе польскі атрад АК.
Але з гэтага нічога не атрымалася і 4 лістапада 1943 г. камандуючы Баранавіцкім партызанскім злучэннем В. Чарнышоў («Платон») просіць П. Панамарэнку даць дазвол на абяззбройванне польскага партызанскага атрада Мілашэўскага. 14 лістапада 1943 г. ён быў атрыманы. У сувязі з гэтым варта звярнуць увагу на тую акалічнасць, што некаторымі беларускімі даследчыкамі адной з галоўных прычын абяззброўвання атрада Мілашэўскага падаецца інцыдэнт паміж групай савецкіх партызан з атрада М. Зорына і падраздзяленнем уланаў пад камандаваннем Нуркевіча («Ноч») 18 лістапада 1943 г. каля вёскі Дубнікі, у выніку якога 10 савецкіх партызан былі абяззброены і расстраляны. Зазначым, што ў «абвінаваўчай» частцы загада упаўнаважанага ЦК партыі і БШПР па Івянецкаму міжрайцэнтру І. Сідарка («Дубава») ад 30 лістапада 1943 г. таксама гаворыцца аб гэтым: «… польская банда здзейсніла свае паскудныя намеры, па-бандыцкі з-за вугла забілі дзясяткі савецкіх партызан. 18 лістапада каля вёскі Дубнікі легіянеры атрада Мілашэўскага абяззброілі групу савецкіх партызан, нялюдскі здзекваліся, а затым па-зверску расстралялі іх» [2, арк. 93]. Фактычна ж лёс атрада быў прадвырашаны яшчэ да гэтага інцыдэнта, калі была атрымана радыёграма П. Панамарэнкі з дазволам абяззбробіць польскі партызанскі атрад Мілашэўскага. Аб гэтым сведчыць і згаданы загад ад 30 лістапада 1943 г., у якім давалася ўказанне чатыром партызанскім брагадам наступнага зместу: «… на падставе радыёграмы П. Панамарэнкі і указанняў Аблцэнтра атрад польскіх легіянераў Мілашэўскага абяззброіць» [2, арк. 93].
Вось як апісвае ў сваім лісце ад 21 снежня 1943 г. гэтую аперацыю Ф. А. Сурганаў, які непасрэдна прычыніўся да працэсу абяззброення польскага партызанскага атрада. «Калі я прыехаў у Баранавіцкую вобласць, то даведаўся аб наяўнасці нацыянальнага польскага атрада. За апошні час партызаны гэтага атрада пачалі праводзіць адкрытую антысавецкую дзей-насць, аб чым сведчылі частые забойствы нашых партызан… Па ўзгадненню з В. Чарнышовым мы вырашылі 1 снежня 1943 г. правесці абяззбройванне. Абяззбройванне арганізавалі такім чынам: выклікалі ноччу, як бы на раду ўвесь камандны састаў у партызанскую брыгаду імя М. Фрунзе, якая дыслацыравалася паблізу. Па дарозе ў брыгаду гэтае начальства абяззброілі і пасля паехалі ў лагер польскага атрада, а ў гэты час партызанскія брыгады акружылі лагер. Раніцай (7:30) сабралі ўсіх, як бы на мітынг. На тэрыторыю польскага лагера зайшла ўзброеная наша брыгада і адразу быў дан загад – ўсім скласці зброю. Яны, безумоўна былі збянтэжаны, выскокваючы з зямля-нак са зброяй, і, убачыўшы перад сабой нашых аўтаматчыкаў, вымушаны былі скласці зброю. У лагеры абяззброілі каля 270 легіянераў разам з іх начальствам» [3, арк. 142, 143].
Раззброеных польскіх партызан падзялілі на дзве групы. Большую частку, перш за ўсё радавога састава, накіравалі ў савецкія партызанскія атрады Сталінскай, Першамайскай і іншых партызанскіх брыгад Івянецкага міжрайцэнтра. З афіцэрамі было інакш. 10 польскіх афіцэраў і кіраўнікоў Стаўбцоўскага батальёна вылучылі ў асобую групу – Пелка Вацлаў («Вацлаў»), Мілашэўскі Каспар («Левальд»), Кахуцінскі Здзіслаў («Гром»), Латоцкі Эйзехель («Іква»), Баброўніцкі Юльяш («Клін»), Пархімовіч Валянцін («Вальдэн»), Ржэвускі Мацвей («Затор»), Гаварко Сяргей («Яцтальд»), Мігач Татэўш («Міта»), Скроцкі Уладзіслаў – і прыцягнулі да адказнасці ў якасці абвінавачаных па справе ПЗП. Неабходна заўважыць, што два чалавекі няправільна назвалі свае прозвішчы: Кахуцінскі (сапраўднае – Рыдзеўскі), Латоцкі (сапраўднае – Лось. – Л. С.). Трэба меркаваць, што яны зрабілі гэта, баючыся рэпрэсій супраць сваіх сямей.
Для расследавання «злачыннай» дзейнасці вышэйзгаданай арганізацыі была ўтворана следчая група ў складзе 8 чалавек, кіраўніком якой стаў палкоўнік юстыцыі з даваенным стажам, начальнік асобага аддзела брыгады імя Чкалава – Зухба, а яго намеснікам – памочнік упаўнаважанага ЦК КП(б) па Стаўбцоўскаму міжрайцэнтру Сцепчанка.
Для поспеху справы былі распрацаваны дзве інструкцыі, у адной з іх гаварылася аб тым, як правільна арганізаваць допыт палонных. Асабліва падкрэслівалася неабходнасць выкарыстання ў ходзе следства дакументаў, якія выкрываюць «контррэвалюцыйную дзейнасць» польскага атрада. Другая інструкцыя акрэслівала асноўныя пытанні для допыту палонных. Асобная група пытанняў вызначала абставіны, матыў і час узнікнення ПЗП, структуру, праграму яе дзейнасці. Злачынная дзейнаць арганізацыі вызначалася на падставе дадзеных аб засланых у польскі партызанскі атрад шпіёнах, тайных базах, складах, месцах захоўвання зброі і боепрыпасаў. У пошуках неабход-нага кампрамату ў спіс асноўных пытанняў, па якіх веўся допыт арыштава-ных, былі ўключаны і такія: «Як ажыццяўлялася сувязь з польскім эмігранц-кім урадам? Якім чынам ажыццяўлялася тэрарыстычная дзейнасць?».
Зазначым, што змаганне, якое вяла АК на тэрыторыі Заходняй Беларусі, вызначалася імкненнем вярнуць страчаную ў верасні 1939 г. частку тэры-торыі Польшчы. Савецкія ўлады, наадварот, імкнуліся захаваць Заходнюю Беларусь у складзе СССР і БССР. Таму знішчэнне і разбраенне фарміраванняў АК праводзілася на падставе выкрыцця іх прыхільнасці да дзяржаўнага адраджэння Польшчы ў межах 1939 г. Гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай дзейнасці».
Каб гэта было больш зразумела, звернемся да матэрыялаў справы.
З абвінаваўчага заключэння: «… пасля распаду польскай дзяржавы на тэрыторыі былой Польшчы, у прыватнасці ў Заходняй Беларусі, з ліку афіцэраў былой польскай арміі і кіраўнікоў былой польскай улады ўзнік шэраг контррэвалюцыйных паўстанцкіх арганізацый – “Польскі Звендэк Паўстанчы (ПЗП)”, “Польска Арганізацыя Вайскова” (ПАВ) і іншыя з кіру-ючым цэнтрам у Варшаве, газетай “Неподлеглосць”, радыёстанцыяй “Світ”. З вышэй указаных органаў выходзілі дырэктывы і друкарскія матэрыялы, якія хлусліва прапагандавалі сярод насельніцтва: “Польшча ў межах 1939 года” і нават “Польшча ад мора да мора”, г. зн. у межах 1772 г. … у апошні час згаданыя контррэвалюцыйныя нацыяналістычныя паўстанцкія арганізацыі актывізавалі сваю дзейнасць па падрыхтоўцы ўзброенага паў-стання, каб з набліжэннем фронту да былой граніцы Польшчы выступіць супраць Чырвонай Арміі і не дапусціць яе зноў заняць заходнія вобласці».
«У гэтых мэтах белапалякі, – гаварылася ў заключэнні, – пад выглядам польскіх партызанскіх атрадаў стварылі рэгулярныя воінскія часці. У пры-ватнасці, у чэрвені 1943 г. на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці быў створаны польскі партызанскі атрад…» [4, арк. 319].
Як паказвае аналіз пратаколаў допыту вышэй згаданых кіраўнікоў атрада, у ходзе следства яго арганізатарам важна было даказаць, што польскі партызанскі атрад Мілашэўскага быў створаны па ўказанню Варшаўскага цэнтра, які потым напраўляў і кіраваў усей работай атрада. Трэба было таксама вызначыць арганізатарскую структуру польскага падполля і яго кіраўнікоў.
У сувязі з гэтым прыцягваюць увагу паказанні К. Мілашэўскага. З іх вынікае, што пытанне аб стварэнні польскага партызанскага атрада абмяркоўвалася сумесна з прадстаўнікамі камандавання савецкіх партызанскіх фарміраванняў яшчэ вясной 1943 г. З пратаколу допыту К. Мілашэўскага: «У сакавіку 1943 г. я сустрэўся з камандзірам партызанскага атрада Ключко і начальнікам асобага аддзела Сцепчанка. З імі я вёў размову на тэму стварэння польскага партызанскага атрада для сумеснай барацьбы з савецкімі партызанамі супраць немцаў… У ходзе размовы з Ключко і Сцепчанка мне было прапанавана арганізаваць атрад да 15 сакавіка 1943 г. і вызначана месца – хутары Боркі, Бор Стаўбцоўскага раёна, аднак атрад пачаў зараждацца 4 чэрвеня 1943 г. Угэты дзень у памесце Куль прыбыла 40–50 чалавек з Стаўбцоў, Івянца». Далей на пытанне: «З якімі падпольнымі арганізацыямі вы былі звязаны ў перыяд арганізацыі атрада?» – прагучаў адказ: «Заяўляю, што да часу арганізацыі атрада і пасля з польскай падпольнай арганізацыяй не быў звязаны. Сам асабіста ні да якой арганізацыі не належу» [4, арк. 319]. Да гэтага варта дадаць, што былы начальнік разведкі атрада Пархімовіч («Вальдэн») у сваіх паказаннях таксама падцвердзіў, што «размовы аб арганізацыі польскага атрада з мэтай барацьбы з немцамі і абароны насельніцтва ў нас узніклі ў сакавіку 1943 г.» [4, арк. 328].
У дадзеным выпадку ёсць сэнс звярнуць увагу на змест двух дакладных камандзіра партызанскай брыгады імя Жукава ст. лейтэнанта Ключко ад 6 і 10 чэрвеня 1943 г., апошняя з якіх адрасавана «Платону». У першай Ключко паведамляе Івянецкаму міжрайцэнтру: «2 чэрвеня 1943 г. пад кіраўніцтвам паручніка Мілашэўскага палякі Стаўбцоўскага, Івянецкага і Мірскага раёнаў па маім указанні прыступілі да арганізацыі нацыянальнага польскага партызанскага атрада. Пунктам фарміравання атрада паручнік Мілашэўскі выбраў м. Куль і па заканчэнні фарміравання быў абавязаны з’явіцца ў маё распараджэнне. На сённяшні дзень рух палякаў прыняў шырокі размах. На зборным пункце налічваецца да 500 узброеных чалавек» [5, арк. 19]. У другой дакладной Ключко апавяшчае В. Чарнышова – «Платона» аб тым, што «… польскі нацыянальны атрад створаны… Я паставіў сабе за мэту сумесна з начальнікам асобага аддзела Сцепчанка ў бліжэйшы час падняць увесь польскі народ усей Баранавіцкай вобласці на барацьбу супраць фашызма, а маёр Васілевіч хоча ўліць польскі атрад у склад Сталінскай брыгады». Таму ён просіць «даць указанне міжрайцэнтру, асабліва маёру Васілевічу, каб ён не перашкаджаў праводзіць далейшыя мерапрыемствы», а таксама аб тым, каб польскі атрад заставаўся пры брыгадзе імя Жукава. «На падставе вашага загаду, – піша далей Ключко, – я вам абяцаю за месяц падняць 6 тысяч палякаў на барацьбу супраць фашызма» [5, арк. 31].
Ужо пасля першых допытаў становіцца зразумелым, што на працягу тыдня арыштаваныя кіраўнікі атрада ўтойвалі сувязі з Варшаўскім цэнтрам, а таксама свае ваенна-палітычныя мэты, нічога не гаварылі пра кіраўніцтва польскім падполлем. Аднак трэба мець на ўвазе, што паказанні даваліся ў час следства далёка не ў ідэальных умовах, пад пэўным уздзеяннем следчых НКУС. Пасля адпаведнай «апрацоўкі» арыштаваных следства атрымала неабходныя паказанні, якія «выкрывалі» абвінавачваемых у «контррэвалю-цыйнай нацыяналістычнай дзейнасці». Пацвярджэннем таму можа служыць змест паказанняў К. Мілашэўскага, у якіх, між іншым, ён спачатку сцвярджае, што «указанняў ад якого-небудзь польскага цэнтра не атрымліваў і не ведае, дзе такі знаходзіцца…», «за становішча атрада ні перад кім не рабіў справаздачы ні пісьмова, ні вусна, акрамя злучэння Дубава», «ні прозвішча, ні імя сувязнога з Баранавіч не ведае», «у штабе атрада не бачыў ніводнага антысавецкага дакумента». На пытанне: «Адкуль і з якімі задачамі прыбылі ў атрад новыя афіцэры, якім вы далі камандуючыя пасады, не ведаючы іх?» – Мілашэўскі адказаў: «З’яўляюцца на самой справе яны афіцэрамі, альбо не, сказаць не магу. Збеглі яны сапраўды ад немцыў, ці прыбылі ў атрад па заданню якой небудзь арганізацыі – сцвярджаць не магу. У атрад іх прыняў таму, што іх погляды супадаюць з маімі. На камандныя пасады паставіў іх таму, што ў атрадзе не было каманднага састава, а яны,
як я назіраў, ваенную справу ведаюць у межах малодшага афіцэра» [4,
арк. 319, 320].
Аднак потым паказанні К. Мілашэўскага значна мяняюцца. Так, на дададковым допыце 7 снежня 1943 г. К. Мілашэўскі ўжо сведчыў, што дакумент ад 20 лістапада 1943 г., які быў адрасаваны каменданту акругі «Л», а таксама дакументы ад 26 верасня 1943 г. «Сітуацыя власна», ад 25 кастрычніка 1943 г. «Мільдунэк сітуацыйны», «Рапарт следства адзела № 2» як па зместу, так і па подпісам зыходзяць з яго атрада. «Гэтыя дакументы шкодныя, антысавецкія, контррэвалюцыйныя, якія накіраваны не толькі супраць савецкай улады, але і супраць польскага народа» [4, арк. 322, 324]. У адносінах да афіцэраў якія прыбылі ў атрад ён паказваў, што «ўся група афіцэраў, якія прыбылі ў атрад пасля блакады, спецыяльна прыслана нейкім польскім цэнтрам» [4, арк. 297].
Яшчэ больш дакладныя паказанні даваў К. Мілашэўскі на дадатковым допыце 12 снежня 1943 г.: «У пачатку лістапада 1943 г. у атрад прыйшоў разам са Свірам і Вольскім незнаёмец, які прадставіўся сувязніком з Бара-навіч, але адначасова і афіцэрам-інспектарам. Пасля высветлілася, што ён з Варшавы. Прозвішча яго я не ведаў, што ён – Борэк – гэта высветлілася пасля … Са мной асабіста гутарыў аб матэрыяльных і іншых цяжкасцях у атрадзе, аб адносінах з савецкімі партызанамі… Абяцаў матэрыяльную і збройную дамамогу атраду. Расказваў аб скідванні ўзбраення і боепрыпасаў англійскай авіяцыяй у Польшчы і гаварыў, што мы напэўна атрымаем некаторую колькасць узбраення і боепрыпасаў, але давядзецца яшчэ пача-каць, таму што ў Англіі павінны ведаць, што мы тут існуем… З усяго хода справы відаць, што афіцэры Пелка, Гром, Гура, Іква, Клін прысланы вярхоўным кіраўніцтвам арганізацыі, якая знаходзіцца ў Варшаве як камандуючы штаб падраздзяленнямі» [4, арк. 317, 318].
На вышыні аказаўся Кахуцінскі («Гром»). Аналізуючы матэрыялы следства, хацелася б падкрэсліць: ён застаўся цвёрдым да канца, паказанняў сваіх не мяняў. Прыкладна гэтак жа паводзілі сябе на допытах Латоцкі і Ржэвускі. Нікога з астаўленых на свабодзе кіраўнікоў польскага падполля не выдалі. У ходзе следства было названа толькі адно прозвішча – Борэка, які адыграў вельмі важную ролю ў перакідцы дыверсійных груп, а таксама зброі і выбуховых рэчываў.
Да гэтага варта дадаць, што не ўсе арыштаваныя кіраўнікі атрада так стойка трымаліся у час следства. Паказанні Пелкі 9 снежня 1943 г. сведчаць аб тым, што ён адразу прызнаў свой подпіс на дакуменце ад 20.11.43 г. «Баявое данясенне аб сітуацыі», а таксама пісьме, адрасаванаму каменданту акругі «Л». На пытанне: «Якую арганізацыю вы прасілі ўстанавіць заработную плату мабілізаваным афіцэрам і дзе гэтая арганізацыя знаходзіцца?» – Пелка адказаў: «Аб устанаўленні заработнай платы для мабілізаваных афіцэраў прасіў каменданта акругі “Л”, дзе знаходзіцца ўпраўленне каменданта не ведаю… Галоўнае камандаванне, аб якім ідзе гаворка ў дакументах, падпісаных мною, па маіх меркаваннях, знаходзіцца ў Варшаве. У адным з вышэй названых дакументаў названы гр. Борэк. Гэта мянушка. Прозвішча невядома. Сцвярджаю, што гр. Борэк з’яўляецца інспектарам» [4, арк. 325].
Праз два дні на дадатковым допыце Пелкі прагучала наступнае: «У кастрычніку 1943 г. я сустрэўся з Борэкам, які азнаёміў мяне з падра-бязнасцямі і спецыфікай работы на ўсходзе і прапанаваў праслухаць курс дыверсійнай школы. Дадзены курс я праслухаў на працягу 10–12 дзён… Акрамя мяне, курс дыверсійнай школы прайшлі ўсе афіцэры, якія былі прысланы ў атрад Мілашэўскага – “Гром” , “Іква”, “Клін”.... Свае дыверсіі мы пачалі б адразу пасля падрыхтоўкі людзей і пастаўкі выбуховых матэрыялаў, асабліва да моманта адступлення немцаў з дадзенай тэрыторыі». «Выбуховыя рэчы, – распавядаў далей Пелка, – спадзяваліся атрымаць ад Борэка, які абяцаў даставіць у бліжэйшы час. Ён таксама абяцаў падкінуць зброю і амуніцыю самалётамі; прыслаць прыёма-перадачную радыёстанцыю і радыста для штодзённай сувязі з камандаваннем ПАВ». Следчы імкнуўся ўсё ж высветліць, хто такі Борэк. І на пытанне: «Хто такі Борэк?» – Пелка адказваў: «Борэк-мянушка, прозвішча не ведаю. Мае чын падпалкоўніка польскай арміі. З’яўляецца прадстаўніком камандавання ПАВ па дыверсійнай рабоце» [4, арк. 286, 287].
Напэўна, няма патрэбы спыняцца на кожным пытанні і адказе паасобку. Аднак у дадзеным выпадку варта назваць яшчэ некалькі пытанняў, якія былі зададзены арыштаванаму.
Пытанне: «Як ваша арганізацыя ПАВ разглядае пасляваенную Польшчу, яе граніцы, грамадскі лад і г.д.? ».
Адказ: «Я – ваенны. Мая справа камандаваць і абучаць людзей ваеннай справе. У палітыку не умешваюся, таму што ў ёй мала разумею. Мая мэта і ўсіх патрыётаў-палякаў – выгнаць немцаў з нашай зямлі, а што будзе пасля, аб гэтым скажуць нашы кіраўнікі. Усе ж я думаю, што Польшча будзе такой, якой яна была да вайны з немцамі 1939 года».
Пытанне: «Якія размовы вяліся ў вашым атрадзе ў адносінах граніц польскай дзяржавы?».
Адказ: «У нас была ўстаноўка, што граніцы польскай дзяржавы павінны быць такімі, якімі былі да 01.09.39, аб чым і гаварылі сваім салдатам».
Пытанне: «Як палітычна вы расцэньваеце дакумент ад 25 кастрычніка 1943 г., падпісаны паручнікам Гура?».
Адказ: «Гэты дакумент есць адна хлусня і паклёп на савецкіх партызан. Гэты дакумент заклікае да барацьбы польскіх партызан з савецкімі, польскага народа з савецкім...» [4, арк. 287, 290]. Думаецца, гэтыя вытрымкі асаблівых каментарыяў не патрабуюць.
А цяпер для лагічнага завяршэння гэтага сюжэта вернемся да тых акаўцаў, якія былі інтэрніраваны. Па матэрыялах следства відаць, што вышэй названых 10 афіцэраў і кіраўнікоў атрада ў час допыту трымалі разам. Пасля заканчэння следства 5 чалавек (Пелка, Мілашэўскі, Рыдзеўскі, Лось, Баброўніцкі), у адно-сінах якіх праяўлялі інтарэс органы дзяржбяспекі, 13 студзеня 1944 г. даставілі ў Маскву на Лубянку. У Польшчу яны вярнуліся пасля заканчэння вайны [6, с. 79]. 5 чалавек, якія засталіся: Пархімовіча, Мігача, Гаворка, Скроцкага, Ржэвускага – расстралялі [7, с. 110]. Да гэтага трэба дадаць, што па сцвярджэнні М. Падгурэчнага, лёс каля 30 чалавек радавога і афіцэрскага састава гэтага атрада – невядомы [6, с. 79].
Такім чынам, прааналізаваныя матэрыялы следства паказваюць, што ўрад СССР і БССР праследваў, перш за ўсё, палітычныя мэты. Савецкай прапа-гандай асобна падкрэслівалася, што заходнія вобласці з`яўляліся непадзельнай часткай БССР і на захопленай немцамі тэрыторыі дапускаліся толькі дзеянні груп, арганізацый, атрадаў, якія кіраваліся інтарэсамі СССР. Таму савецкія партызаны павінны былі выцесніць альбо нейтралізаваць польскія атрады, існаванне якіх савецкае кіраўніцтва не лічыла легітымным.
ЛІТАРАТУРА
- Літвін, А. Н. Армія Краёва на Беларусі: да праблемы вывучэння // Беларус. гіст. часопіс. – 1994. – № 1, 4; Хацкевіч, А. Аб разбраенні груповак Арміі Краёвай у Нарачанскай і Налібоцкай пушчах (1943–1944) // Беларус. гіст. часопіс. – 1996. – № 1, 3; Сямашка, Я. Армія Краёва на Беларусі. – Минск, 1994; Ермолович, В. И. Огнем и мечом: Хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939–1953 гг.) / В. И. Ермолович, С. В. Жумарь. – Минск, 1994.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 3604. Воп. 1. Спр. 1.
- НАРБ. – Ф. 4. Воп. 33 а. Спр. 465.
- НАРБ. – Ф. 3500. Воп. 2. Спр. 50.
- НАРБ. – Ф. 3602. Воп. 1. Спр. 5.
- Подгуречный, М. Неизвестная история Налибокского соединения Армии Краёвой / М. Подгуречный. – Гданьск, 1991. – Т. 1.
- Пильх, А. Партизаны трех пущ / А. Пильх. – Варшава, 1992.
Аўтар Е. А. Гребень
Опубликовано в сборнике "Беларусь и Германия: история и современность: материалы международной научной конференции". Минск, 14 апреля 2017 г. Выпуск 16