Сёлета споўнілася 90 гадоў з моманту зацвярджэння 4 жніўня (17 па новаму стылю) 1912 г. расійскім царом Мікалаем ІІ канчатковага праекта будаўніцтва доўгачасовых ўмацаванняў, якія павінны былі ператварыць Гродна ў першакласную крэпасць. На жаль, будаўніцтва крэпасці застаецца невядомай старонкай гродзенскай гісторыі, хаця ўмацаванні былі пабудаваны і адыгралі сваю ролю ў мінулым. Крэпасць не была аб’ектам даследаванняў прафесійных гісторыкаў і краязнаўцаў (за выключэннем падзей, звязаных з абаронай Гродна ў першую сусветную вайну). Гэтая недаследаванасць спрыяла з’яўленню ўсякага роду недакладнасцей і недарэчнасцей пры вывучэнні гісторыі Гродзеншчыны. Гэты матэрыял стаў вынікам даследаванняў, якія праводзіць студэнцкае навуковае таварыства вайсковай археалогіі і гісторыі гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. Адна з мэтаў таварыства – комплекснае вывучэнне помнікаў фартыфікацыі Гродзеншчыны.
У нашай свядомасці крэпасць звычайна атаясамляецца перш за ўсё з сярэднявеччам, з рэшткамі замка князя Вітаўта на нёманскім беразе, вядомымі кожнаму гарадзенцу з дзяцінства. Размяшчэнне паселішча на мысе пры ўпадзенні Гарднічанкі ў Нёман, высокі стромкі бераг апошняга, глыбокія яры склалі вельмі зручныя тапаграфічныя ўмовы для развіцця вайскова-інжынернай думкі. Гродна ўзнік на этнакультурным памежжы, і палітычныя падзеі, што адбываліся ў гэтым рэгіёне, таксама ўплывалі на фармаванне абарончых элементаў горада. Яны прайшлі эвалюцыю ад прасцейшых дрэва-земляных канструкцый да магутных фартыфікацыйных збудаванняў. Кожны перыяд у гісторыі горада адбіўся на яго ўмацаваннях, якія адпавядалі часу і традыцыі: земляны вал і драўляныя сцены дзядзінца (якія былі ўжо ў ХІІ ст. заменены на каменныя – унікальная з’ява) і вакольнага горада часоў Полацкага княства. Потым былі гатычны замак пярыяду Вялікага княства Літоўскага, рэнесансная і барочная архітэктура з абарончымі рысамі часоў Рэчы Паспалітай, рэдуты і люнеты Паўночнай вайны і паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Не стаў выключэннем і час, калі Гродна ў 1795 г. ўвайшоў у склад Расійскай імперыі. Старыя ўмацаванні састарэлі, таму з’явілася неабходнасць умацавання стратэгічна важнага месца на захадзе імперыі па сучаснаму спосабу. Гэта выклікала з’яўленне шэрагу планаў па будаўніцтву Гродзенскай крэпасці ў канцы ХVIII – пач. XІX, 1807, 1831 гг. Але палітычныя падзеі першай паловы ХІХ ст. і недахоп грашовых сродкаў пакінуў усе гэтыя планы на паперы. Гэта выратавала наш старажытны горад, бо калі б планы пачалі рэалізоўвацца, Гродна напаткаў бы сумны лёс Брэста, дзе пры пабудове крэпасці горад фактычна быў знішчаны. Так, напрыклад, адзін з планаў прадугледжаваў размяшчэнне артылерыйскіх батарэй на месцы Новага і Старога замкаў, францішканскі клаштар павінен быў скласці аснову перадмостнага ўмацавання тыпу „тэт дэ пон”, на Гарадніцы планавалася пабудова чатырох плацін з мэтай затаплення мясцовасці пад час небяспекі. На пэўны час расійскія ўлады адмовіліся ад ідэі стварэння фартыфікацыйных умацаванняў у Гродне.
Думка аб узмацненні горада зноў паўстала на нарадзе ў імператара Аляксандра ІІ у 1873 г. На ёй была прызнана важнасць умацавання абарончай лініі на Нёмане, паколькі ўсё больш відавочным станавіўся верагодны праціўнік – Германія, з якой прыдзецца сутыкнуцца ў барацьбе за свае інтарэсы.
У наступныя гады па распараджэнні Галоўнага штаба праводзіліся палявыя працы: рэкагнасціроўкі, здымкі, картаграфаванне. На падставе гэтага ваенным міністрам Д.Мілюціным у 1879 г. быў складзены даклад аб умацаванні Коўна, Гродна і Асаўца. Даклад быў зацверджаны імператарам і паступіў загад прыступіць да выканання.
На падставе гэтага даклада распрацавалі план пабудовы ўмацаванай пазіцыі, якая складалася з пяці фартоў на 64 гарматы і 10 рот пяхоты. Аднак тады гэты план не быў здейснены.
Зноў да яго вярнуліся ў 1887 г. пасля зацвярджэння “Соображений о планах ведения войны”, складзеных начальнікам Галоўнага штаба М.Обручавым (1880 г.). Яго прапановы зводзіліся да таго, каб стрымліваць ворага на адным тэатры баявых дзеянняў і рыхтавацца да рашучага наступу на другім. Праваму флангу, дзе знаходзіўся Гродна, адводзілася задача стрымліваць праціўніка (германскія войскі).
Аснову гродзенскай умацаванай пазіцыі складалі фарты. Форт – умацаванне абарончага тыпу з выкарыстаннем сістэмы супрацьштурмавых парашкод і мае роў. Фарты размяшчаліся ў пунктах з добрым аглядам і прастрэлам мясцовасці і выкарыстоўваліся як вызлы абароны. Будаўніцтва фартоў пачалося ў 1887 г. і на працягу двух гадоў яно было завершана. У 1889 г. было прызнана, што пяці фартоў мала і прынята рашэнне аб будаўніцтве яшчэ двух. Форт №1 размяшчаўся на правым беразе Нёмана ва ўрочышчы Пышкі, фарты № 2-5 складалі так званую паўднёвую пазіцыю і былі выцягнуты ўздоўж занёманскага фарштата. Фарты № 6-7 будаваліся ўжо ў 90-х гг. на правым беразе Нёмана каля вёсак Дзевятоўка і Грандзічы. Кожны з фартоў быў разлічаны на тры роты пяхоты і чатыры гарматы. Агульная прцягласць пазіцыі складала 14 км.
Усе фарты былі ўзведзены з зямлі і дрэва з мінімальным выкарыстаннем бетону. Менавіта гэтыя ўмацаванні адлюстраваліся ў гродзенскай тапаніміцы. Рэшткі фарта №4 можна ўбачыць каля 4 гарадской клінічнай бальніцы ва ўрочышчы “Форт”, а аднайменны гарадскі раён атрымаў у спадчыну назву ад фартоў №1 у Пышках і №7 каля Грандзіч (сучаснае перакрыжаванне вуліц Багуцкага і Горкага). У цэлым гродзенскія ўмацаванні мелі характар перадмаставой пазіцыі часовага характару. Войскамі ўмацаванні практычна не выкарыстоўваліся, таму на пачатку ХХ ст. фактычна былі закінуты.
Стратэгічнае значэнне Гродна ўзрасло пасля руска-японскай вайны ў сувязі з распрацоўкай новых мабілізацыйных планаў. Зменены план вайны патрабаваў сур’ёзнай карэкціроўкі усёй крапасной сістэмы Расіі З увядзеннем плана 1912 г. на лініі разгортвання павінны былі быць умацаваны Коўна, Брэст-Літоўск, Асавец, Гродна. Першыя тры крэпасці мадэрнізаваліся, апошнюю фактычна прыходзілася будаваць па-новаму.
Як вынікае з архіўных матэрыялаў, першыя праекты новых доўгачасовых абарончых збудаванняў каля Гродна былі зроблены ўжо ў 1909 г. Аднак асноўныя даследаванні і работы па праекціроўцы адбываліся ў 1911 – 1912 гг.
Праект пабудовы гродзенскай крэпасці быў зацверджаны Мікалаем ІІ 4 жніўня 1912. Было запланавана пабудаваць 13 фартоў і каля 40 апорных пунктаў. Акрамя іх прадугледжвалася будаўніцтва адкрытых батарэй для гармат буйнога калібру, асобныя сховішчы для пяхоты, парахавыя паграбы, аэрадром, плаціны, дарогі і шмат іншых дапаможных збудаванняў.
Будаўніком Гродзенскай крэпасці (так называлася пасада кіраўніка ўсіх будаўнічых прац) 1912 г. быў прызначаны Дзмітры Паўлавіч Каласоўскі з адначасовым прысваеннем звання генерал-маёра. На будаўніцтва крэпасці былі выдзелены вялізныя грошы: ў 1913 г.– 3 746 000 руб.; у 1914 г. – 5 000 000 руб. і 1915 г. – 7 000 000 руб. Трэба адзначыць, што выдзеленых грошай было недастаткова. Так, напрыклад, кошт будаўніцтва толькі аднаго фарта № 4 каля в.Стрэльчыкі складаў 2 300 000 руб па цэнах 1913 г.
Для ўзвядзення фартэцыі было створана 14 будаўнічых участкаў, кіраўнікамі якіх былі ваенна-інжынерныя афіцэры. Фарты мелі сучасную форму і былі ўмацаваны з напольнага боку магутнымі бетоннымі сценамі даўжынёй да 150 м. Зверху на сценах фартоў былі зроблены ячэйкі для стралкоў і так званыя барабеты для гармат, а ў тоўшчы сцен знаходэіліся службовыя памяшканні для гарнізона. На ўчастках шырока прымянялася праца вольнанаёмных рабочых, цывільных падрадчыкаў, мясцовых сялян. Усё гэта спрыяла даволі хуткаму будаўніцтву фартоў і апорных пунктаў, але з пачаткам вайны ні адзін з іх не быў завершаны – у распараджэнні будаўнікоў былі няпоўныя два будаўнічыя сезоны. Аднак нягледзечы на гэта, гарнізоны фартоў гераічна абаранялі свае пазіцыі летам 1915 г, калі фронт падыйшоў да Гродна. З адступленнем расійскіх войскаў ад Гродна ўсе ўмацаванні крапасной пазіцыі было загадана ўзарваць, што было зроблено з рознай ступенню стараннасці і паспяховасці. Не паспелі знішчыць фарты № 4 (каля в.Стрэльчакі) і № 12 (каля в.Чашчаўляны), паколькі яны былі раней захоплены германскімі войскамі.
Нельга сказаць, што гэтымі падзеямі закончылася гісторыя гродзенскай фартыфікацыі Вядома, што ў 1916-17 гг немцы зрабілі спробу ўмацавання ўсходняй часці фартовай пазіцыі, а ў 1919-20 гг – палякі. Вядомы савецкі фартыфікатар генрал Д.Карбышаў падчас інспекцыі будаўніцтва Гродзенскага ўмацаванага раёна ў 1941 г загадаў уключыць рэшткі гродзенскай крэпасці ў структуру УРа і падрыхтаваць абарончыя збудаванні да баявых дзеянняў. З гродзенскімі фартамі звязаны і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны – знішчэнне гітлераўцамі мірных жыхароў у фарце №2 і спроба ўтрымання плацдарма совецкімі войскамі ў раёне фарта №1 на левым беразе Нёмана ў 1944 г.
Сёння большасць гродзенскіх умацаванняў захавалася, іх уключаюць у турыстычные маршруты (у асноўным фарты №№1 і 2). Але можна сказаць, што ўсе яны “безхозныя”, паколькі не маюць статуса гісторыка-культурнай спадчыны і паступова канчаткова разбураюцца. Неабходна адзначыць, што помнікі ваенна-інжэнернага мастацтва выклікаюць вялікую цікавасць у нашых суседзей палякаў, а таксама ў іншых краінах Еўропы (асабліва Чэхіі, Германіі, Францыі). Вывучэнне і выкарыстанне фартыфікацыі у турыстычных, навучальных, выхаваўчых мэтах перажывае там сапраўдны бум. Нават узнік новы напрамак турыстычнай дзейнасці – вайсковы турызм. Безумоўна, у рэканструкцыю фартыфікацый (а ў нашым выпадку навядзенне элементарнага парядку) патрабуюцца значныя фінансавыя ўкладанні. Але вопыт паказвае, што яны хутка і прыбыткова акупаюцца. Зварот грамадскасці да вывучэння і выкарыстання аб’ектаў гродзенскай крэпасці дапаможа ўзбагаціць наш горад цікавым помнікам гісторыі.
Дзяніс Нарэль, сябра таварыства вайсковай археалогіі і гісторыі, студэнт 4 курса ГрДУ, Сяргей Піваварчык, кіраўнік таварыства, кандыдат гістарычных навук.