Аддаючы належнае багатым традыцыям абарончага будаўніцтва ў нашым горадзе, нельга пакінуць па-за ўвагай той факт, што фартыфікацыі Гродзенскай крэпасці сустрэлі ХХІ стагоддзе ў стане, які зусім не адпавядае гістарычнаму і архітэктурнаму значанню гэтых помнікаў. Значная частка фартоў крэпасці ўжо знішчана, іншыя працягваюць разбурацца.
Дадзеная праца з’яўляецца па-сутнасці першай спробай комплеснага аналіза цяперашняга становішча ўмацаванняў фортавых ліній 1887 – 1892 гг. і 1912 – 1915 гг., матэрыялы для яе збіраліся аўтарам і іншымі ўдзельнікамі канферэнцыі напрацягу 1997 – 2002 гг. галоўным чынам падчас палявых даследаванняў, якія праводзіліся з наступнымі мэтамі:
1. Пошук і выяўленне дакладнага месцазнаходжання ўмацаванняў (ці прыкладнае месца дзе яны знаходзіліся да знішчэння).
2. Апісанне ўмацаванняў і нанясенне іх на карту.
Калі ўлічыць, што пошукі фартыфікацыяў вяліся фактычна “ўсляпую”, амаль пры поўнай адсутнасці дапаможнай інфармацыі, а абодва фартавыя абводы маюць па некалькі дзесяткаў кіламетраў, то становіцца зразумелым, чаму пошукі расцягнуліся больш чым на 6 гадоў.
Безумоўна, галоўным фактарам, што на працягу апошніх 60 гадоў (з лета 1944 года, калі праз Гродзеншчыну прайшоў нямецка-савецкі фронт) уплываў на збудаванні Гродзенскай крэпасці, была дзейнасць чалавека, а дакладней кажучы, рост нашага горада. За 100 гадоў плошча Гродна павялічылася больш, чым у 4 разы і ўжо ў 1960 – 1970 гадах горад паглынуў фарты лініі, што будавалася ў 1887 – 1892 гг. Паколькі гэтыя фарты былі землянымі і не мелі ніякіх бетонных умацаванняў, то іх знішчэнне стала параўнальна нескладанай справай. Некаторыя фарты разбураныя настолькі моцна, што іх месцазнаходжанне ўдалося высветліць толькі супастаўляючы картаграфічны матэрыял розных часоў. Каротка ахарактарызуем стан кожнага.
Фартавая лінія 1887 – 1892 гг.
№1 – каля бальніцы №4, нездалек урочышча Форт. Захаваўся добра, на яго прыкладзе можна найлепш уявіць сабе канструкцыю гэтых фортаў.
№2 – канечная тралейбусаў №№9, 12 па вул. Славінскага. Знішчаны амаль поўнасцю.
№3 – гаражны масіў на паўднева-ўсход ад Францішканскіх могілак. Знішчаны амаль поўнасцю.
№4 – стадыен каля СШ№12. Захавалася значная частка. На валах знаходзяцца месцы для балельшчыкаў.
№5 (па іншай нумарацыі №1) – лясны масіў Пышкі. Захаваўся добра. Як галоўны з фартоў гэтай лініі меў больш складаную форму, планаваўся да выкарыстання ў 1912 – 1915 гг. як цэнтральная станцыя сувязі.
№6 – скрыжаванне вуліц Багуцкага і Горкага. Знішчаны амаль цалкам падчас будаўніцтва гаражоў. Пакінуў аб сабе памяць у назве мікрараену “Фарты”.
№7 на паўночны-захад ад канечнай тралейбусаў №№ 9, 10, 11, 12 на Дзевятоўцы. Уцалела значная частка валоў і роваў з усходняга боку.
Фартавая лінія 1912 – 1915 гг. мела значна большы абвод і таму яе ўмацаванні ў межы горада да сенняшняга дня не трапілі. Значнага ўздзеяння разбураючых прыродных фактараў на магутныя жалезабетонныя кантрукцыі, завершаныя ўсяго каля стагоддзя таму, пакуль не назіраецца. Таму большая частка фартоў знаходзіцца ў тым стане, у якім пакінулі іх рускія войскі пасля падрыву летам 1915 года.
Фартавая лінія 1912 – 1915 гг.
На левым беразе Немана знаходзілася 9 фартоў. Найбольш людных і фактычна завершаных летам 1915 года. Агульная сітуацыя на фронце змусіла рускія войскі адступіць, узарваўшы 8 фартоў. Уцалеў толькі форт №4 (в. Саннікі), які пасля Вялікай Айчыннай вайны выкарыстоўваўся як запасны камандны пункт Гродзенскага пагранічнага атрада. На сенняшні дзень гэта адзіны цэлы форт Гродзенскай крэпасці.
Астатнія 8 фартоў пацярпелі таксама неаднолькава. Можам падзяліць іх на дзве групы:
Група 1 – форты №№1 (в.Загараны), 5 (в. Каробчыцы), 6 (в. Каменка), 7 (в. Малая Альшанка), 8 (на ўсход ад шашы Гродна – Індура); знішчаны выбухам больш чым напалову, значныя разбурэнні на ўсей лініі форта.
Група 2 – фарты №№ 2(в. Навумавічы), 3 (в. Лабна), 9 (в. Пагараны); знішчана толькі частка умацаванняў (адзін з флангаў ці цэнтраў), захавалася большасць унутраных памяшканняў.
Іншыя ўмацаванні фортавых групаў (малыя фарты, падахавыя пограбы) захаваліся прыкладна таксама, як і галоўныя фарты, да якіх яны адносяцца.
На правым беразе Немана паміж 1912, 1915 гг. узводзіліся 4 фарты.
№10 – адзіны форт разбураны ўжо пасля вайны. Моцна пацярпеў падчас будаўніцтва “Азота”.
Наконт фартоў №11 і №12 звесткі супярэчлівыя. Паводле некаторых форты толькі пачалі будавацца і нават не мелі ніякіх жалезабетонных пабудоваў, паводле іншых рускія інжынеры ўзрывалі і іх таксама. Хутчэй за ўсе форт №12 занялі вайсковай часткай узброеных сілаў рэспублікі Беларусь.
№13 (в.Грандзічы) – знаходзіўся ў пачатковай стадыі будаўніцтва, узарваны пры адступленні.
На правабярэжжы, асабліва вакол форта №13 захавалася значная колькасць бліндажоў арыгінальнай канструкцыі, магчыма яны ўзводзіліся нямецкімі інжынерамі ў 1916 – 1918 гг.
Да ўсяго сказанага неабходна дадаць, што так як кожны з фортаў валодаў значнай сістэмай дадатковых земляных умацаванняў (акопы, траншэі, валы), то выкарыстанне вялікіх плошчаў вакол фартоў у сельскагаспадарчых мэтах стала фактычна немагчымым. Таму фортавыя групы ў большасці ці зараслі лесам ці аддадзеныя дачнікам. Так памяшканні форта №6 выкарыстоўваюцца дачнікамі як склад хімічных угнаенняў. Знешні выгляд фартоў увесь час псуецца аматарамі графіці і смеццем, што пакідаюць адпачываючыя.
У савецкі час турыстычнай базай “Неман” было распрацавана некалькі маршрутаў, якія ўключалі наведванне фартоў Гродзенскай крэпасці. Праўда, акцэнт рабіўся не на падзеі Першай Сусветнай вайны, форт №1 наведваўся як месца баеў летам 1944 года, форт №2 як месца растрэлу савецкій грамадзян у 1942 – 1943 гг. Цяпер выкарыстанне фартоў Гродзенскай крэпасці ў турыстычных мэтах магчыма на двух асноўных накірунках:
- стварэнне турыстычнага маршруту праз усе форты Гродзенскай крэпасці;
- арганізацыя музея на адным з фартоў. Найлепш тут падыходзіць форт №4, улічваючы яго выгаднае месцазнаходжанне, багатую гісторыю і добрую захаванасць.
Такая праца вымагае вялікага аб’ему падрыхтоўчых работ, гэта і збор новых матэрыялаў і экспанатаў, і ачыстка саміх фартоў. Аднак, найбольш надзеннай з’яўляецца неабходнасць устаноўкі на фартах адпаведных знакаў, што ахоўвалі бы іх ад засмечвання і папярэджвалі наведвальнікаў аб адказнасці за пашкоджанне помнікаў.