РУБОН - сайт военной археологии

Путь по сайту

Фортификация

Вёска Чухны знаходзіцца ў Крэўскім сельсавеце Смаргоньскага раёну, у некалькіх кіламетрах на паўднёвы захад ад мястэчка Крэва. Стаіць яна перпендыкулярна рацэ Крэўлянцы, недзе ў кіламетры ад яе. Непасрэдна ўздоўж Крэўлянкі і праходзіла тут лінія фронту, на поўнач у Крэва і на поўдзень у Вярэбушкі. Звяртае на сябе ўвагу тое, што далей на поўнач і на поўдзень мясцовасць значна лепш умацавана – што ў Крэва, што па лініі Ардашы – Вярэбушкі – Чухны.

Артылерыйская пазіцыя знаходзіцца на супрацьлеглым канцы вёскі, на паўночны-захад ад паселішча, побач з колішнім фальваркам Шахоўшчына, у невялічкай лажбінке недалёк ад вытокаў ракі Вішнёўкі. Фронтам накіравана на паўднёвы ўсход, што дазваляла абстрэльваць рускія войскі, што стаялі на поўдзень ад Крэва.

 

Ад моманту стабілізацыі фронту ў канцы 1915 года пазіцыі ля вёскі Чухны займае 89-я пехотная дывізія. Яна прабыла ў раёне Крэва-Чухны з сярэдзіны кастрычніка 1915 году да жніўня 1916 году. 24 жніўня 1916 году 89 дывізія была пераведзена ў Трансільванію. [3, с.570] Пасля ў дадзеным раёне стаялі 2 дывізіі Ландверу: 16 ландверная дывізія займала пазіцыі на адлегласці Крэва – Смаргонь, а 11 ландверная дывізія трымала пазіцыі на адлегласці Вішнева (Валожынскі раён) – Крэва.


Але насамрэч мяжа між 16 і 11 ландвернымі дывізіямі праходзіла не зусім ў Крэве, Крэва было ўзгадана як бліжэйшы буйны населены пункт. Як ужо пісалася вышэй, у раёне вёскі Чухны канцэнтрацыя ўмацаванняў меньш, чым на суседніх адлегласцях фронту. Хутчэй за усё гэта звязана з тым, што непасрэдна ў раёне Чухноў і была мяжа, і стыкі пазіцыяў дзьвух дывізіяў былі меньш умацаваны. Да таго ж побач з дарогай Крэва – Чухны, бліжэй да Чухноў, знаходзіцца бункер з наступным надпісам: “12-[k]omp. LIR3”. Гэта значыць, што ў дадзеным месцы стаяла 12-я рота 3-га ландвернага палка, а 3-ці полк Ландверу належыў да 16-й ландвернай дывізіі. [3, с.271] Зрэшты, размяшчэнне артылерыі на мяжы пазіцыяў 2 дывізіяў з’яўляецца даволі лагічным з вайсковай кропкі гледжання, бо дазваляе дадаткова ўмацаваць гэты ненадзейны кавалак фронту.

У 1916 годзе ў нямецкім войску адбылася рэформа, згодна з якой была ўніфікавана артылерыя ва ўсіх дывізіях. Згодна з гэтай рэформай, кожная дывізія атрымала па аднаму палку палявой артылерыі. Кожны такі полк складаўся з трох дывізіёнаў, па тры батарэі на 4 гарматы ў кожным. [7, с. 152] Адпаведна, на адлегласці фронту адной дывізіі месцілася 9 батарэяў па 4 гарматы кожнай. У той жа час фармуецца Галоўны рэзерв лёгкай артылеры, які складаўся з асобных палкоў.

 

Згодна з прыведзеным падзелам, артылерыйскую пазіцыю ля вёскі Чухны займала адна з 9 батарэй 98 палка палявой артылерыі, альбо 910 батарэя палявой артылерыі з Галоўнага артылерыйскага рэзерву. [3, с. 204] Такія высновы можна зрабіць праз тое, што чухноўская пазіцыя мае 4 умацаваных казематы. На нашую думку на месцы злучэння 2 дывізій лагічней было б ставіць 910 батарэю з рэзерва, але мы ня можам гэтае дакладна сцвярджаць праз адсутнасць у нас дакладных звестак.

Абапіраючыся на дадзеныя аб рэформе артылерыі, можна вызначыць час будаўніцтва батарэі ня раней за 1916 год. Але бетанаваная пазіцыя магла паўстаць і пазней. Так, на суседнім участку 16 ландвернай дывізіі ў мястэчку Крэва надпісы на ўмацаваннях кажуць, што яны былі ўзведзены ў 1917 годзе. На тэрыторыі 11 ландвернай дывізіі датаваных умацаванняў на дадзены момант намі ня выяўлена.

Зараз паўстае новае пытанне: чаму артылерыйская пазіцыя была ўмацавана? Бо існуе даволі шмат выяў, дзе пазіцыя пад гармату рабілася драўляна-земляной.[1, с. 14-16] Больш за тое, вайсковае настаўленне Der Feldgraue месціць толькі драўляна-земляныя ўмацаванні для артылерыі.[2, с. 205-207] На нашую думку гэта звязана з развіццём тактычных ідэяў і пачаткам артылерыйскай барацьбы. Выбітны французкі артылерыст Фрэдэрык-Жорж Эрр пісаў аб пачатку вайны: “Перашкаджаючае і дэзарганізуючае дзеянне нямецкай артылерыі прымусіла шукаць ад пачатку вайны сродкі барацьбы з ёю і прывядзення яе да маўчання. Апроч таго, мы адмовілісь ад дзіўнай ідэі, згодна з якой ня врата завязваць артылерыйскай барацьбы, бо апошняя ніколі ня бывае рашучай; цяпер зразумелі, што калі і нельга знічтожыць варожую артылерыю, то зрэшты, можна яе нейтралізаваць, прымусіўшы спыніць свой агонь.”[7, с. 32] Такім чынам, на Заходнім фронце яшчэ з 1914 году пачынае развівацца тактыка артылерыйскай барацьбы, якая, з аднаго боку паўплывала на развіццё цяжкай артылерыі, а з іншага прымусіла ўмацоўваць артылерыйскія пазіцыі. Насамрэч, такстыка артылерыйская барацьбы зацьвярджалась даволі доўга, і толькі пасля Вердэна была канчаткова прынята французкім войскам, [7, с. 51] адкуль і была перанята іншымі саюзнымі войскамі.

Зразумеўшы мэты ўмацавання пазіцыі, варта высветліць, якая ж артылерыя там стаяла. Улічваючы памеры каземата (у кожным з 4 умацаванняў яны нязначна адрознівалісь, у сярэднім складаючы даўжыню 5 метраў і шырыню 3 метра), у ім магла быць размешчана як 77-мм. палявая гармата, так і 105-мм. палявая гаўбіца.

Умацацваная артылерыйская пазіцыя (пазбегнем спакусы назваць гэты комплекс батарэяй і пагадзміся з меркаваннем В. Шперка, згодна з якім батарэя, гэта закрыццё, прызначанае для дзеяння з яго некалькіх побач стаячых гармат. У цяперашні час, калі гарматы ня месцяцца побач, а кожная з іх мае свае асобнае закрыццё, тэрмін гэты ўвогуле не выкарыстоўваецца [6, с. 11] складаецца з 8 умацаванняў: 4 казематаў для гармат, 2 сховішчаў, бункера і умацаванай казармы. Умоўна пазіцыю можна падзяліць на 3 лініі: на першай лініі стаяць 4 казематы, размешчаныя групамі па 2 умацаванні; на другой лініі, за казематамі, размяшчаюцца 2 сховішчы і бункер; на трэцяй лініі, у тыле пазіцыі, месціцца ўмацаваная казарма. Пазіцыя фронтам накіравана на ўсход, тылам на захад.

Як ужо згадвалась вышэй, казематы стаяць групамі, па 2 умацавання ў кожнай. Умоўна іх можна падзяліць на паўночную і паўднёвую агнявую групу. У паўночнай агнявой групе адлегласць між казематамі складае 18 метраў, у паўднёвай – 25. Паўднёвая агнявая група высунута больш на ўсход, чым паўночная. Адлегласць між групамі складае прыкладна 50 метраў.

Усе 4 каземата падобны і адрозніваюцца толькі некаторымі канструкцыйнымі вырашэннямі, таму ў межах дадзенага артыкулу будзе апісаны артылерыйскі каземат на прыкладзе 2-га каземата паўночнай групы.

Артылерыйскі каземат уяўляе сабой 6-баковую пабудову, найбольш працяглым бокам арыентаваную да фронту. Шырыня франтальнай сцяны – 7,5 метраў. Франтальная сцяна арыентавана на ўсход, месціць амбразуру шырынёй 2,4 м. і 2 арыльёнчыкі па яе баках. (у іншых казематаў арыльёнчык усяго адзін). Выступы з бакоў амбразуры мы даволі ўмоўна называем арыльёнчыкамі, бо пры іх нязначным памеры (яны выступаюць з плоскасці фасаду ўсяго на 17 см.) наўрадці яны змогуць паўнавартасна выконваць функцыю арыльёну. Магчыма, гэта сваеасаблівыя рэбры жорсткасці. Таўшчыня франтальнай сцяны ў залежнасці ад месца й пабудовы вар’юецца ад 50 да 100 см.

Насупраць амбразуры, замест шостай сцяны месціцца ўваход у каземат шырынёй таксама 2,4 метры. Унутры ўмацаванне падзелена на цэнтральны 5-баковы каземат памерамі 3 Х 4,5 метры. і 2 памяшканні уздоўж бакавых муроў шырынёй 80 см. Таўшчыня ўнутраных пераборак і бакавых муроў складае 50 см. У паўднёвым бакавым пакоі ў столі прароблена круглая адтуліна. Такая ж самая адтуліна дыяметрам 43 см. месцілась і ў першым каземаце паўднёвай групы. У першым каземаце паўночнай групы адтултіна месцілась ў паўночным бакавым пакоі, а ў другім каземаце паўднёвай групы было 2 адтуліны дыяметрамі 38 і 52 см. Вызначыць дяеметр было даволі складана, бо ўсе яны былі пашкоджаны, таму прапануем прыняць першапачатковы дыяметр роўным 40 см. Прызначэнне дадзеных адтульнаў таксама не атрымалася дакладна вызначыць. Для абсадной трубы печкі яны празмерна вялікія, ды і навошта печка ў артылерыйскім каземаце? Пашкоджанасць адтулін наводзіць на думку аб тым, што раней у іх было замацавана нейкае абсталяванне, якое пасля было дэмантавана. Хутчэй за ўсё гэта было абсталяванне для назірання. Пад самым дахам у абодвух бакавых памяшканнях знаходзяцца абсадныя трубы дыяметрам 16 см., якія выходзяць на бакавыя фасады ўмацавання.

Унутры каземата амбразура мае шырыню 2,15 м, пачынаецца на вышыні 38 см ад сучаснага ўзроўню падлогі і цягнецца да перакрыцця даху. Адлегласць ад сучаснага ўзроўня падлогі да столі складае 1,75 м. Умацаванне накрыта 12 см. бетоннай плітой, паверх якой наліты купал вышынёй да 50 см. На столі месціцца сістэма з 6-ці гакаў для замацавання й транспарціроўкі гарматы.

На другой лініі, па флангам пазіцыі, стаяць 2 сховішчы, а між імі бункер, прызначэнне якога дакладна вызначыць не атрымалась. Хутчэй за ўсё там месцілась кіраўніцтва батарэі. На левым фланзе, на адлегласці 34 м. ад першага каземата паўночнай групы, стаіць невялічкае кампактнае сховішча, прамавугольнае ў пляне, памерамі 3.75 Х 4 метры. Унутраная прастора сховішча складае 1,8 Х 2,6 метра. Бакавыя муры маюць таўшчыню прыкладна 1 метр, тыльны – 80 см., франтальны – каля 30 см. Такая малая таўшчыня франтальнай сцяны тлумачыцца тым, што хутчэй за ўсё ўмацаванне было абвалована. На карысць гэтай думкі кажа і наяўнасць падпіраючай сцяны ля ўвахода, якая не дае абвальвацца зямлі ў дзьвярны праём.

Столь сховішча абапіраецца на гнуты ліст гафраванага жалеззя. Такая канструкцыя столі ў сховішчы, падобным па памерах да апісанага, сустракаецца ў Stellungsbau. [4, с. 52] Адпаведна з ім, гнуты ліст гафраванага жалеззя мусіць абапірацца на дзьвутаўравыя бэлькі, утопленыя ў бакавыя муры. Варта адзначыць, што па тым жа Stellungsbau таўшчыня муроў ва ўсёй пабудове мусіць быць 80 см., у той час як мы маем каля 100 см у бакавых муроў і крытычна тонкі франтальны мур. Больш за тое, у муроўку акрамя фартыфікацыйнага бетону ўведзены бутавы камень. Таўшчыня даху прыкладна 50 см., супраць 80 см у настаўленні. Як бачым, з настаўлення па будаўніцтву ўмацаванняў[4] узята толькі канструкцыя даху, усё астатняе падганялася пад мясцовыя патрэбы. Тое ж самае мы пабачым і на іншых умацаваннях дадзенай пазіцыі.

На правым фланзе пазіцыі стаіць яшчэ адно сховішча. Яно таксама прамавугольнае ў пляне і мае памер 3,2 Х 3,9 метраў. Памеры ўнутранай прасторы – прыкладна 1,9 Х 1,8 метра. Таўшчыня бакавых муроў складае 1 метр, тыльнага – 40 см, франтальнага – 90 см. У франтальнай сцяне сховішча, пад дахам, маецца абсадная труба дыяметрам 14 см., якая выходзіць на дах сховішча. Як бачым, і тут таўшчыні муроў не супадаюць з агульнапрынятымі.

Характэрнай асаблівасцю дадзенага ўмацавання з’яўлянецца сценка насупраць уваходу, якая знаходзіцца ў 60 см. ад тыльнай сцяны. Таўшчыня яе складае 40 см у самым тонкім месцы і 53 см. у самым шырокім. Дадзеная сцяна мусіла бараніць уваход ад ударнай хвалі, калі сховішча не было паглыблена, ці ўтрымліваць зямлю ад абвалу на ўваход.

Столя пакрыта пляскатым лістом гафраванага жалеззя, які абапіраецца на 2 металічных профілі, умураваных у бакавыя сцены. Профіль выступае за межы сцяны на 23,5 см. Аналагічная канструкцыя даху і ў суседнім бункеры. Сховішча накрыта бетоннай плітой таўшчынёй каля 30 см., паверх якой наліты купал з бетону вышынёй 36 см.

Адзначым, што сховішчы стаяць у тыле артылерыйскіх груп, і прызначаліся, хутчэй за ўсё, дзеля ўкрыцця асабістага складу казематаў падчас артабстрэлу.

Між 2 сховішчамі, на адлегласці 42,5 метры ад левага і 18,5 метраў ад правага стаіць бункер, у якім хутчэй за ўсё месцілась кіраўніцтва батарэі. Гэта квадратная ў пляне пабудова памерамі 4,9 Х 4 метры, з таўшчынёй бакавых муроў 100 см, франтальнага – 90 см, тыльнага – 40 см, унутранай перагародкі – 30 см.

Пляніроўка бункера ўяўляне сабой прамы сквазнік з уваходамі ў флангавых сценах і ўнутраны пакой памерамі 2,1 Х 2,4 метры. Уваходный праёмы, як у сквазнік, так і ва ўнутраны пакой, маюць шырыню 80 см. (супраць кананічных 70 см. у Stellungsbau [4, с. 35]) Вышыня уваходных праёмаў ад сучачнага ўзроўню глебы – 140 см.

Бункер мае 3 вакны – у франтальным, левым флангавым і тыльным мурах. У тыльным муры вакно простай прамавугольнай формы шырынёй 54 см. Бакавое і франтальнае вакно маюць складаную планіроўку з бакавымі кулеадбойнікамі. Унутраная шырыня вакна – 54 см., вонкавая – 108 см, вышыня – 40 см. Адсутнасць месца пад замацаванне рамы, у адрозненне ад умацаванай казармы, дазваляе інтэрпрэтаваць гэтыя вокны як амбразуры. Але, у такім выпадку, іх варта было рабіць так, каб прыкрываць тылы артылерыйскім групам, а ў дазеным выпадку ён толькі прастрэльвае тыл 2-га каземата паўночнай групы ды фланг першага сховішча. Таму прапануем лічыць гэтае ўмацаванне усёшткі бункерам кіраўніцтва, а ня агнявой кропкай.

Канструкцыя столі ў бункеры аналагічная са сховішчам на правым фланзе. Ліст гафраванага жалеззя абапіраецца на 2 металічных профілі, выступаючых на 23,5 см. з бакавых муроў. Паверх даху наліты бетонны купал вышынёй 50 см,, у найбольш отоўстым месцы агульная таўшчыня даху дасягае 85 см.

Як бачым, ва ўсіх пабудовах 2-гой лініі існуе тэндэнцыя да большага ўмацавання флангавых муроў. Гэта можа быць звязана з формай лінні фронту і выцякаючай з яе небяспекай флангавага абстрэлу. Але ў такі выпадку варта было б перарабіць уваходы ва ўмацаванні, каб яны не арыентаваліся ў накірунку мяркуемага абстрэлу, а гэтага зроблена не было. Магчыма, франтальная сцяна была дадаткова абвалована, але ж тады варта было абвалоўваць ці паглыбляць усю пабудову. Таксама існуе верагоднасць таго, што памеры ўнутранай прасторы падганялі пры ўжо вырытым катлаване, і таму за кошт павялічэння ўнутранай пратсоры гублялася таўшчыня. У любым выпадку, зараз не паўстае магчымым адказаць дакладна на гэтае пытанне.

У тыле пазіцыі, у 16 метрах ад паўночнага сховішча і 18 метрах ад бункера кіраўніцтва стаіць казарма. Казарма ўяўляе сабой заглыблены прамавугольны будынак памерам 16,7 Х 5,6 метраў. Таўшчыня муроў складае 1 метр, унутраных пераборак – 45 см. Казарма падзелена на 2 блокі, не звязаных між сабой. У кожным блоку ёсць жылое памяшканне і скразны калідор з 2 уваходамі з розных бакоў. Шырыня калідору складае 90 см. у правым блоку і 100 см. у левым (заходнім) блоку. Памер жылога пакою складае 5,8 Х 3,5 метра ў заходнім блоку і 5,6 Х 3,6 метра ва ўсходнім.. У сцяне між заходнім і ўсходнім блокам, амаль пад самай столлю, ёць адтуліна дыяметрам 16 см.

Заходні блок мае 2 вакны складанай канфігурацыі, з кулеатбойнікамі, усходні блок – адно такое вакно. Усе вокны накіраваны на поўдзень. У адрозненні ад бункера кіраўніцтва, у вокнах казармы прысутнічаюць адтуліны для ўсталёўкі рамы са шклом. Згодна з апісаннем пазіцыяў у раёне Сьвір-Вішнева (Валожынскі р-н.), зробленым адразу пасля сканчэння вайны, шкло ў вокнах рабілася з унутранай жалезнай сеткай, залітай у шкло, што ахоўвала ад разлёту шкла пры выбуху знарада побач з вакном. [5]

Уваход у жылыя памяшканні ў абодвух блоках мае аднолькавую шырыню – 88 см., праваруч ад увахода месцілась печка-буржуйка. На яе месца ўказваюць захаваўшыяся ў столі абсадныя трубы дыяметрамі 14 і 15 см. адпаведна.

Апісанне нямецкіх пазіцыяў, складзенае Шалавіным, дазваляе нам уявіць, як выглядала казарма знутры. Так, згодна з апісаннем, у бункеры была праведзена электрычнасць, блінндажы знутры атынкаваны і пабелены, часам нават абклеены шпалерамі. З мэблі Шалавін узгадвае нары з металічнымі сеткамі, сталы, зэдлікі. [5]

Што тычыцца нашай казармы, то можна з вялікай доляй упэўненасці казаць, што ў ёй была праведзена электрычнасць. У казарме прысутнічаюць даўгія драўляныя планкі, умураваныя ў сцяну амаль пад самай столлю. Такія планкі ідуць па ўсім перыметры казармы. Менавіта на такіх планках і замацоўваўся электрычны дрот.

Столя пакрыта гафраваным жалеззем, агульная таўшчыня даху складае прыкладна 1 метр.

Слядоў вонкавых пашкоджанняў не заўважана, але хапае ўнутраных пашкоджанняў. Так, у казематах паўночнай групы разбураны ўнутраныя пераборкі, ва ўсіх казематах пашкоджаны круглыя адтуліны ў даху. Адтуліны, хутчэй за ўсё, былі пашкоджаны пры дэмантажы стаячага ў іх абсталявання, а вось унутраныя пераборкі маглі быць пашкоджаны толькі выбухам.

Таксама пашкоджана ўнутраная пераборка ў бункеры кіраўніцтва. Апроч таго, у ім вывернуты адзін з дзьвух металічных прафілёў, на якія абапіраўся ліст гафраванага жалеззя. У большасці ўмацаванняў знята гафраванае жалеззе, а ў казарме бачны сляды ўнутранага выбуху (пасечаныя аскепкамі сцены) і пашкоджаны дзьвярныя праёмы.

Але ўсе гэтыя пашкоджанні варта аднесці да пасляваеннага часу. Спачатку савецкім ці польскім войскам было дэмантавана нейкае абсталяванне з казематаў, пасля сапёры падарвалі знойдзеныя на полі знарады ў бункеры, ну а пад канец і мясцовыя жыхары пацягнуліся за чорным мяталам.

Нягледзячы на ўсё гэтае, пазіцыя захавалася ў неблагім стане, і каштоўна, перадусім, сваёй комплекснасцю. Апроч 8 бетонных, на пазіцыі былі і драўляна-земляныя ўмацаванні. Месцы дзьвух з іх добра бачны на мясцовасці і касмічным здымку. Гэта былі вялікія катлаваны прамавугольнайформы, адзін між казематамі паўднёвай агнявой групы, другі – на поўнач ад паўночнага сховішча.

Замеры пазіцыі былі праведзены Мясцовым дабрачынным фондам “Крэўскі замак” пры падтрымцы БНТУ летам 2013 г. У замерах апроч аўтара ўдзельнічалі студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ: Шынкарова Е,, Сарапеня Я., Аброшка В., Палубок М., Разенкава А., Шпак Т., Валодзіна К., Бубкевіч Ю., Платонава В., Ермакова Г., Шылічава Е. Усе чарцяжы выкрэсліў Шулаеў А.

 

Спіс літаратуры

 

  1. Bull, S. World War I Tranch Warfare (1), 1914–16 / Dr. Stephen Bull ; il. by Adam Hook. – Oxford : Osprey Pablishing, 2002. – 64 p.: il.
  2. Der Feldgraue. Leitfaden für den Dienstunterricht des Feldartilleristen in fahrenden und reitenden Batterien. – Stalling, 1917 – VIII, 304 s : Ill.
  3. Histories of Two Hundred and Fifty-One Divisions of The German Army Which participated in The War (1914-1918) : compiled from records of intelligence section of the General Staff, American Expedition Ary Forces, at General Head-Quarters : : Chaumont, France : : 1919 / [War Department]. – Washington : Government Printing Office, 1920. – 748 р.
  4. Vorschriften fur den Stellungskrieg fur alle Waffen. T. 1. Stellungsbau / Kriegsministerium. – Berlin, 1916. – 90 s.
  5. Шелавин, Н. Германские позиции 1915—1918 г.г. на Западном фронте / Н. Шелавин // Война и Революция – 1920 Рэжым доступу: http://www.fortressby.com/index.php?option=com_deeppockets&task=catContShow&cat=57&id=77&Itemid=29 – Дата доступу: 20.11.2013.
  6. Шперк,  В. Ф. Фортификационный словарь / В. Ф. Шперк. М. : ВИА, 1946. –126 с.
  7. Эрр, Ф.-Ж. Артиллерия в прошлом, настоящем и будущем / Фредерик-Жорж Эрр. – Изд. 2-е. – М. : Воениздат НКО СССР, 1941. – 348 с. – (Библиотека командира).
Аўтар: Друпаў Аляксей
Па пытаннях кантакта з аўтарам, звяртайцеся да адміністратара сайту: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.
Хто не разумее беларускую мову, имейте к ней уважение, язык такой же как сербский или болгарский, он тоже есть, помните, что в мире существует много языков,  если Вам интересно, при возникновении вопросов, пишите администратору сайта: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в вашем браузере должен быть включен Javascript.

 

 

Мы в "Facebook"

 

 

Мы в "Одноклассниках"

Мы "В Контакте"

Яндекс.Метрика