РУБОН - сайт военной археологии

Путь по сайту

Военная история

А.Р. Агееў,

г. Магілёў, МДУ імя А.А.Куляшова

У другой палове 1990-х – 2000-х гадах пад час правядзення музейна-краязнаўчай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта намі было арганізавана апытанне насельніцтва Магілеўскай вобласці аб штодзённым жыцці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2009 г. быў цалкам абследаваны Княжацкі сельскі савет, які знаходзіцца ў заходняй частцы Магілеўскага раёна. Гэта дазволіла параўноўваць і правяраць інфармацыю ў суседніх вёсках і выйсці на больш глыбокі ўзровень аналізу. Пры правядзенні абследавання разам з аналізам статыстычных дадзеных выкарыстоўваўся метад сацыялагічнага апытання – стандартызаванае інтэрв’ю. Усяго было апытана 94 жыхары раёна, з якіх: 66 жанчын і 28 мужчын, якія пражывалі на акупаванай тэрыторыі ва ўзросце большым за 7 гадоў. Вынікі апытання дазволілі на масавым матэрыяле разгледзіць многія аспекты жыцця беларусаў пад час акупацыі 1941 – 1944 гг., ацаніць вобразы немцаў, партызан, паліцэйскіх ва ўспамінах відавочнікаў вайны.

 

Успамінаў аб немцах лета 1941 года было сабрана няшмат, бо фронт тады імкліва адкаціўся на ўсход. Для большасці жыхароў вёсак першае знаёмства з нацысцкімі акупантамі адбылося не праз бачанне ўдарных сіл вермахта, а пазней праз знаёмства з яго тылавымі часцямі. Апытанне 2009 г. паказала, што ў сведак вайны Магілеўскага раёнаў склаўся стандартны, дастаткова ўстойлівы вобраз “старых немцаў” і “маладых паліцэйскіх”. Тут трэба ўлічваць тое, што ў тылавых частках вермахту, якія пераважна і размяшчаліся ў вёсках было вельмі шмат салдат і афіцэраў сярэдняга і сталага ўзростаў. Многія паліцэйскія, наадварот былі маладымі, энергічнымі, часцяком жадалі выслужыцца. Характэрнае апісанне: “Немцы былі старыя, параненыя, а ў паліцыю ішлі маладыя” (в. Талпечыцы).

На пытанне: “Як паводзілі сябе немцы ў вашай вёсцы?” найбольш тыповымі ў ваколіцах Магілева былі адказы: “Забіралі на працу ў Германію” – 56,4%; “Немцы былі розныя: і добрыя, і злыя” – 50%; “Рабавалі” – 41,5%; “Расстрэльвалі ў вёсцы жыхароў” – 39,4%. Трэба звярнуць увагу, што стэрэатыпны адказ аб “рабаванні” немцамі насельніцтва, які праз столькі гадоў тэарэтычна мог быць выкліканы і ўздзеяннем савецкай прапаганды, тут заняў толькі трэцяе месца. Указалі, што немцы “бралі падаткі” 25,5% апытаных. Як і чакалася, найменшую колькасць галасоў набралі варыянты: “ахоўвалі ад партызан” – 2,1%; “куплялі харчы” – 6,4%; “паважалі насельніцтва” – 7,4%.

Некаторыя інфарманты ў сваіх каментарыях указвалі на даволі добрыя для умоў вайны, асабліва на яе пачатку, паводзіны немцаў у іх вёсках: “Немцы дужа не чапалі” (в. Сумарокава); “Немцы дали каня колхозного, вели себя очень хороша” (в. Запаточье); “Паважаць (немцы нас – аўт.) не паважалі, але і груба не адносіліся” (в. Талпечыцы); “Пакуль партызан не было, дык немцы мянялі свае харчы на нашы” (в. Пракшэнічы); “Стаяла на нашым двары кухня. Яны далі вядро ежы, каб дзяцей накарміла. Не рабавалі, но бралі кур, прасілі яек. Па два дзесяткі выпівалі” (пас. Захват частка Булыжыцаў) і г.д. У Буйнічах французы і немцы нярэдка частавалі дзетак: “Французы жили в нашей хате и угощяли жареными лягушками. Ловили их ля Днепра”.

На адсутнасць дапамогі з боку немцаў указала большасць – 70,2% рэспандэнтаў. Тым не менш, 12% апытаных згадалі факты дапамогі іх сям’е, або суседзям, 18,1% не вызначыліся з адказам. Называліся наступныя віды дапамогі: лекамі, ежай, асабліва ў тых сем’ях, дзе пражывалі ў гады вайны нямецкія салдаты і афіцэры. У тылавых частках вермахту было шмат салдат і афіцэраў, якія мелі ўласныя сем’і ў Германіі. Менавіта яны паказвалі фотаздымкі сваіх дзетак, плакалі, успаміналі свае сем’і, а потым нярэдка давалі цукеркі малым беларусам, што апошнія помняць да гэтага часу. “Мама Гардзеевай Марыны дала немцу папіць вады. Ён папіў, расплакаўся і паказаў фотаздымак сваёй жонкі з дзецьмі”. Жыхары вёскі Булыжыцы згадвалі: “Канфеты дадуць, да смачныя не цяперашнія, накормяць кашай…” Характэрна, што ў інтэрв’ю гэтыя ж інфарманты часта ўказваюць, што акупанты ім не дапамагалі. Цукеркі ў свядомасці многіх беларусаў не з’яўляюцца дапамогай, а проста пачастункам.

Жыхары вёсцы Буйнічы добрым словам ўзгадалі нямецкую сувязістку: “Хорошая, помогала жителям, защищала нас от немцев. После войны власти хотели убить связистку, но вся деревня пошла «за нее», и ее не наказали, осталась жива”. Падобны сюжэт распавяла і жыхарка в. Ільінка: “Каб немцы адбіралі што, дык не… Раз у лазні сядзелі (хаваліся – аўт.) людзі. Мама сабрала ім ежу якую. А ў лазні вугал быў разабраны, і я ежу дала. А мяне злавілі, білі! І маму! А пераводчыца нас выручыла”.

Але па меры нарастання баявых дзеянняў сітуацыя стала мяняцца. Пачаліся расстрэлы мірных жыхароў, згоны насельніцтва ў Германію. “Зразу немцаў зусім не баяліся. А тады, калі партызаны сталі падрывы рабіць, тады немцы (пачалі – аўт.) паліць вёскі. І іх ужо баяліся” (в. Селішча); “Білі палкамі за адказ ад работы… Немцы баяліся тыфу, дык каторыя спецыяльна дзелалі від бальных” (в. Салтанаўка).

Не часта, але інфарманты ўказвалі на прысутнасць у ваколіцах Магілева акупацыйных фарміраванні і іншых нацыянальнасцяў: фінаў, французаў, чэхаў і г.д. Нярэдка адзначаюцца іх больш жорсткія, ў параўнанні з нямецкімі салдатамі, адносіны да мясцовага беларускага насельніцтва. “Хужэ былі французы. Даганялі нас, білі дзеравяшкамі” (пас. Захват частка Булыжыцаў); "Немцы чыстапраўдныя – лучшыя, французы – худжэ” (в. Булыжыцы); “Французы былі больш врэдныя” (в. Лубнішча). Адзначым, што з успамінаў жыхароў сёння цяжка зразумець, то былі немцы з былых французскіх правінцый Латарынгія і Эльзас, ці добраахвотнікі з акупаванай Францыі.

Тое што, насельніцтва пакутавала і ад немцаў, і ад паліцыі не выклікае сумненняў. У Княжацкім сельскім савеце 44,7% апытаных “аднолькава” баяліся і немцаў, і паліцыі. Сярод астатніх у два разы больш было тых, хто мацней баяўся паліцыі, чым немцаў (22,3% і 11,7% адпаведна). “Свае паліцаі за немцаў хужэ, страшней” (в. Лубнішча); “Паліцыі баяліся больш, бо паліцыя і біла, і гарэлку патрабавала” (в. Язершчына); “Немцы былі харошыя, а паліцаі знішчалі людзей” (в. Булыжыцы) і г.д.

Значнае перабольшванне, тых ў каго большы страх выклікалі паліцэйскія, мела ў вобласці падобнае тлумачэнне: “Немцаў можна было паддурыць, а свае ўсе ведалі, дзе ў хаце знаходзяцца схованкі…” Да таго ж менавіта паліцыя выконвала самую брудную работу. “Когда не было партызан они (паліцыя – аўт.) вели себя хорошо. Помогали немцам. Бургомистр не отправлял в Германию… Полиция хуже немцаў” (в. Салтанаўка); “Каб паліцаяў не было, дык немцы бы нас ганялі. Гэта ўсё паліцаі нас білі, рабавалі…”(в. Язершчына). Адзначым, што падобная сітуацыя назіралася і ў іншых рэгіёнах вобласці.

Як бачна з сабраных, у тым ліку з працытаваных успамінаў, вёска Бутрымаўка ўразіла нас даволі добрымі адносінамі да немцаў, якія “паважалі насельніцтва”, шкоды людзям не рабілі. Толькі французы, па расказах, былі жорсткімі. А вось партызан адзін тутэйшы дзед назваў “шкурнікамі”, якія шмат нарабавалі дабра. Праўда агаварыўся, што былі і сапраўдныя партызаны недзе пад Бялынічамі. За тое што партызаны паставілі міну каля вёскі “на талачынскім шляху”, і на ёй падарваўся афіцэр, вёску хацелі расстраляць і толькі цуд іх выратаваў, а вось дамы папалілі.

У адрозненні ад многіх іншых рэгіёнаў вобласці, дзе вельмі, а можа быць і самымі галоднымі былі першыя пасляваенныя гады [1; 2], жыхары Магілеўскага раёна ў большасці (47,1%) паведамілі, што яны галадалі аднолькава як у гады нацысцкай акупацыі, так і ў першыя гады пасля вызвалення. Колькасць тых, хто лічыць, што галадалі больш пры немцах у 1941 – 1944 гг. (19,6%) і пасля вызвалення ў 1945 – 1946 гг. (21,6%) амаль супала. У гэтым рэгіёне зрэдку, але часцей чым ў іншых, сустракаюцца ўспаміны, што голаду не было зусім: “Наша сям’я не галадала. Як каму прыйшлося. Мы не галадалі. Слахардзікаў не было, як цяпер. Але малацілі, аралі, свой скот мелі. І пасля вайны не галадалі: власці паёк давалі”(в. Бракава). “Былі даваенныя запасы. Цюбрыкаў (гнілая бульба – аўт.) не елі” (в. Бракава).

Пад час экспедыцыі 2009 г. у Княжацкі с/с былі атрыманы некалькі іншыя, больш тыповыя для вобласці вынікі. Адказы на пытанне “Калі было галадней” размеркаваліся наступным чынам: “Пры немцах у 1941 – 1944 гг.” – 18,6%, “Пасля вызвалення ў 1945 – 1946 гг.” – 37,2, “Аднолькава” – 34,9, “Не памятаю” – 9,3. “У 1941 убралі калгасы, а потым раздзялілі на едака. У 42-м немцы далі з калгаса каня, 10 га. Зямлі, жылі аднаасобна. А вось з 43-га немцы пачалі забіраць кароў” (в. Сенькава). Тры гады акупацыі і дзве хвалі баявых дзеянняў разбурылі сельскую гаспадарку, а калгасная сістэма не дазваляла яе хутка аднавіць: “Зямля наша (у 1944 г. – аўт.) была засеяная, а нашы прыйшлі і забралі пасевы ў калгас. Нам нічога не засталося. Мала засталося. Мы галадалі. Гнілыя бліны елі” (в. Талпечыцы); “Не сильно голодали, но после войны было хуже, а в деревне многие умирали от голода” (в. Булыжыцы); “Кто работал тот не голодал” (в. Салтанаўка).

Такая розніца магчыма выклікана тым, што ў Княжацкім с/с знаходзілася некалькі моцных нацысцкіх гарнізонаў, і тут, прынамсі на поўначы сельскага савета, было меней марадзёрства. Так, 51,2% лічылі, што немцы “рабавалі насельніцтва”, але ў сваіх каментарах яны адзначаюць адносна спакойныя адносіны немцаў да жыхароў іх вёсак, 60,5% палічылі правільным меркаванне, што “партызаны змагаліся з фашыстамі”, 30,2% указалі, што яны “бралі ў сялян толькі неабходнае для сябе”. Характэрна, што многія інфарманты гарнізонных вёсак на пытанні анкеты аб паводзінах немцаў і партызан давалі па савецку правільныя адказы, пры гэтым самі згадваюць, што партызан амаль не бачылі. Тут назіраюцца відавочныя ўплывы існуючых у грамадстве стэрэатыпаў адносін да немцаў і партызан.

Практычна ўсе інфарманты (94,7%) ўказалі, што ў наваколле былі партызаны. Адказваючы на пытанне “Як паводзілі сябе партызаны ў вашай вёсцы?” каля паловы апытаных (45,7%) жыхароў сельскіх саветаў ўказала на тое, што твар партызан быў двухаблічны: “Былі партызаны, а былі і бандыты, якія толькі называлі сябе партызанамі”. Амаль столькі жа рэспандэнтаў (43,6%) пагадзілася, што партызаны іх рэгіёна змагаліся з фашыстамі. Кожны дзесяты (10,6%) згадзіўся з тэзісам, што былі партызаны, якія “адседжваліся ў лясах”. Амаль кожны дзесяты ўказаў на дапамогу партызан мясцовым жыхарам (9,6%).

На тое, што партызаны бралі ў сялян “толькі неабходнае для сябе” указала не нашмат больш апытаных (36,2%), чым тых хто ўспамінае, што партызаны “забіралі апошняе ў сялян” (33%). Апошнія відаць і мелі на ўвазе бандытаў. Многія ужо ў пачатку інтэрв’ю, гаворачы аб змаганні партызан з фашыстамі, падкрэслівалі, што “настаяшчыя”, “дзяйсцвіцяльныя”, “сапраўдныя” і г.д. партызаны ваявалі, але шмат было і бандытаў: “Нашы партызаны былі дзяйсцвіцельныя. Яны на Бялынічы наступалі… У нас яны дужа нічога не бралі. Не было чаго” (в. Лубнішча); “Былі харошыя партызаны, а былі банда. Бралі ложкі, соль ўсё забіралі. Басата гэта.” (в. Рэчкі); “Самастойныя партызаны не аграблялі” (в. Лубнішча).

У Княжацкім с/с жыхары значна больш крытычна ў параўнанні з большасцю рэгіёнаў вобласці ацэньвалі адносіны партызан да мясцовых жыхароў. Тут 18,6% сялян згаджаліся з тэзісам, што партызаны “адседжваліся ў лясах”, толькі 7% лічылі, што яны дапамагалі жыхарам вёсак. Асабліва кантрастна выглядаюць наступныя адказы: 30,2% апытаных пагадзіліся з тым, што партызаны “бралі ў сялян толькі неабходнае для сябе”, а 48,8% сцвярджалі, што яны “забіралі апошняе ў сялян”. Паказальна, што амаль кожны дзесяты згадзіўся адразу з дзвюма варыянтамі адказу. “Настаяшчых партызан я бачыў адзін раз. Яны не грабілі, а другі і абрус забярэ, і ўсё, што ўбачыць” (в. Талпечыцы); “Каторы чэсны партызан, той браў толькі для прапітання, а былі і хабарнікі, якія грабілі для сваіх нужд” (в. Бракава);

Такі высокі працэнт рэспандэнтаў, якія ўказалі на марадзёрства сярод партызан, зафіксаваны намі на Магілёўшчыне ўпершыню. Растлумачыць гэта можна тым, што каля Магілева было няшмат “сваіх” партызанскіх атрадаў. Яны базіраваліся ў дальніх ад сельскага савету лясах і толькі перыядычна прыходзілі для папаўнення харчовых запасаў і правядзення баявых аперацый. Сюды заходзілі байцы “бялыніцкіх”, "асманаўскіх” (камандзір Асман Касаеў – аўт.) і іншых атрадаў. Паміж зонамі, якія кантралявалі партызаны і акупанты, як звычайна, утваралася “нічыйная” тэрыторыя, у якой было шмат бандыцкіх і напалову бандыцкіх фарміраванняў.

Нездарма, 30,8% апытаных Магілеўскага раёна заявілі, што яны баяліся партызан ў гады вайны, а не баяліся толькі 59,6%. Страх гэты толькі на першы погляд мог мець прычынай абавязкова антысавецкія, або пранацысцкія настроі насельніцтва. Па тлумачэнню інфармантаў ён меў цалкам канкрэтныя прычыны: “Партизан не боялись, а бандитов боялись” (в. Сенькава); “Іх баяліся, бо былі і бандзіты” (в. Булыжыцы); “Не знали кто они бандиты или партизаны” (в. Салтанаўка). Жыхары Валок баяліся партызан, бо яны “трэбавалі ежу”. Жыхарка вёскі Селішча ўспомніла, як “партызаны хацелі застрэліць маю маці за штаны і кажух”. Страх перад партызанамі вельмі цяжка вылучыць з іншых страхаў перад візітамі начных гасцей. Ніхто тады ноччу не ведаў, хто на самой справе прыйшоў у хату.

Да таго ж трэба мець не ўвазе, што многія вяскоўцы карныя акцыі акупантаў звязвалі з дзейнасцю партызан: “У Гаранах адзін шкет пальнуў днём у машыну, а ў вечары прыехалі немцы і спалілі вёску” (в. Рэчкі); “Партызанскія коні траву патапталі, а немцы зранку ўбачылі і 5 хат (у пакаранне – аўт.) спалілі” (в. Талпечыцы); “Спалілі вёску з-за партызан. Партызаны забілі афіцэра, за гэта (немцы – аўт.) спалілі вёску” (в. Сенькава). Візіт партызан мог прывесці да катастрафічных для вёскі наступстваў. “Партызан баяліся, бо немцы маглі абвініць ў сувязі з партызанамі” (в. Сенькава). Практыкаваліся і начныя паліцэйскія праверкі лаяльнасці мясцовых жыхароў, калі пад выглядам партызан да жыхароў завітвалі пераапранутыя паліцэйскія. Начных візіцёраў многія беларусы імкнуліся не называць партызанамі: “Ніяк не называлі, бо баяліся не так назваць” (в. Рэчкі).

Прадказальным быў адказ на пытанне “Каго больш баяліся ў час акупацыі партызан ці немцаў?” Падаўляючая большасць (57,4%) адназначна ўказвала, што немцаў. Нават здзіўляліся студэнцкай наіўнасці. Тыповы адказ: “Ну, што вы, дзеткі? Канечна немцаў! Партызаны, гэта ж нашы…”; “Партызан не баяліся, бо яны “былі ж свае хлопцы” (в. Ямніца). Тым не менш, 29,8% ўказала ў розных варыянтах, што “Днём баяліся немцаў а ноччу партызан” (в. Салтанаўка). Гэта болей. Чым ва многіх іншых рэгіёнах.

Нягледзячы на тое, што памеры партызанскага “тэрору” у некаторых найноўшых публікацыях значна перабольшаны, апытанне выявілі некалькі фактаў застрашвання сялян і нават расстрэлу мірных жыхароў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтва з нацыстамі. У Княжацкім сельскім савеце сітуацыя была больш напружанай і крытычнай, чым у многіх іншых рэгіёнах вобласці. Прычым характэрна тое, што на поўнач ад шашы Магілёў – Мінск, якая разразае тэрыторыю Княжацкага сельскага савету амаль напалову, сітуацыя была больш менш тыповай, то на поўдзень у палове вёсак гэтай частцы сельскага савета можна знайсці факт знішчэння партызанамі вяскоўцаў, пераважна тых, каго падазравалі ў супрацоўніцтве з нацыстамі. Гэтыя вёскі знаходзіліся паміж партызанскай і нямецкай зонамі кантролю. Як і паўсюдна на Беларусі, менавіта ў такіх сітуацыях найбольш пакутавала тутэйшае насельніцтва. Рэальна ў сельскім савеце намі выяўлены як мінімум тры пэўны факта, які пацвердзілі больш трох сведак, расстрэлу мірных жыхароў і членаў сямей паліцэйскіх.

Часткова вінаватыя у стварэнні новых міфалагем аб “партызанах-карніках”, як нам уяўляецца, і самі партызаны. У сваіх справаздачах яны нярэдка значна перабольшвалі колькасць забітых нямецкіх салдат і расстраляных калабарантаў. Здаецца, менавіта гэтыя архіўныя матэрыялы і ўвялі ў зман некаторых сучасных даследчыкаў, якія малююць партызан пераважна чорнымі фарбамі.

На індывідуальным і сямейным узроўнях выявілася вялікая ступень дакладнасці ўспамінаў. Значна меншая аб’ектыўнасць інфармацыі была выяўлена на абшчынным узроўні. Трэба ўлічваць таксама тое, што апытанне, па сутнасці, адлюстроўвае жаночы і дзіцячы погляд на вайну. Натуральна, што большасць апытаных інфармантаў у гады вайны былі падлеткамі, або дзецьмі.

Нашы спробы прымянення метадаў сацыялогіі для высвятлення гістарычных праблем паказалі пэўныя магчымасці такіх даследаванняў. Яны дазваляюць праясніць многія спрэчныя пытанні, у якіх цяжка вызначыцца з дапамогай традыцыйных метадаў. Палявыя даследаванні пад час летніх практык мелі для студэнтаў вялікае навучальна-выхаваўчае значэнне, што многія з іх адзначалі ў сваіх справаздачах. Патрэбны больш шырокія даследаванні, каб пераканацца ў тым, што нашы вывады па матэрыялах Магілёўскага, Дрыбінскага, Шклоўскага раёнаў пацвярджаюцца ў іншых рэгіёнах і з’яўляюцца тыповымі. Але і абмежаваныя па колькасці рэспандэнтаў даследаванні паказалі іх важнасць для ўдакладнення нашых уяўленняў аб падзеях апошняй вайны.

Крыніцы і літаратура:

  1. Агееў, А.Р. Штодзённае жыццё вясковага насельніцтва Дрыбінскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (па матэрыялах гісторыка-краязнаўчай практыкі студэнтаў гістфака МДУ імя А. Куляшова) / А.Р. Агееў // Романовские чтения – 7: сб. статей Международной науч. конференции / под общ. ред. А.А. Воробьева. – Могилев: УО «МГУ им. А.А. Кулешова», 2011. – с. 45 – 46.
  2. Агееў, а.р. Штодзённае жыццё вясковага насельніцтва Шклоўскага раёна ў гады Вялікай айчыннай вайны (па матэрыялах летняй гісторыка-краязнаўчай практыкі студэнтаў гістфака МДУ імя А. Куляшова) / А.Р. Агееў // Романовские чтения – 6 (к 75-летию истор. факультета УО «МГУ им. А.А. Кулешова»): сб. статей Международной науч. конференции. – Могилев: УО «МГУ им. А.А. Кулешова», 2010 – С. 40 – 41.
  3. Артем’еў, Віктар. А на самой справе: калі было галадней? / Віктар Артем’еў // Могилевский поисковый весник. – Могилев: Могилев. обл. укрупн. тип. им. Спиридона Соболя, 2010. – Вып. 5. – с. 134 – 137.

 

 

Мы в "Одноклассниках"

Мы "В Контакте"

Яндекс.Метрика