РУБОН

сайт военной археологии

Путь по сайту

Партизаны


…Гэта была самая сапраўдная грамадзянская вайна. Нярэдка адзін брат у сям’і змагаўся на фронце за савецкую ўладу, а другі быў у бандэраўскіх атрадах.


І бандэраўцы былі вельмі жорсткія. Яны не проста забівалі, а насмерць замучвалі. Не дай бог, каб нешта такое паўтарылася, бо зноў самае цёмнае паўсплывае ў людзях. Я і цяпер бачу па некаторых, хоць яны адкрыта не гавораць, што яны падтрымліваюць урад Парашэнкі…  Гэта характарыстычнае меркаванне належыць аднаму інтэлігенту з вёскі Повіць Кобрынскага раёна (афіцыйна Павіцце, але гэтая назва непапулярная сярод мясцовых). Вёска размешчана на беларуска-ўкраінскай мяжы, і ў свой час бачыла зацятае змаганне атрадаў УПА з савецкай уладай. Як можна здагадацца, расейска-беларуская прапаганда знайшла тут добрую глебу для прарошчвання вобраза злога бандэраўца, які раней накуралесіў на Палессі, пасля ненадоўга схаваўся, каб у новым вобразе паўстаць на кіеўскім майдане і прыйсці там да ўлады. І гэта з’ява паўсюдная. Як толькі прыязджаеш у вёску, дзе ў канцы 30-х пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя дзейнічалі паўстанцкія атрады ўкраінскіх нацыяналістаў, там людзі, як агню, баяцца тых бандэраўцаў, што малюе ім тэлебачанне. Відавочна, яны памятаюць нешта такое, на што лёгка накладаецца тэлевізійная карцінка. Праўда, памяць далёка не заўсёды ўключае выключна тое, што бачыў застрашаны спажывец СМІ на свае вочы. Вобраз таго першага, палескага яшчэ бандэраўца, таксама ў яго свядомасці мог паўстаць не без карэкцыі савецкага ідэолага. Але ж і дыму без агню звычайна не бывае.


Повіцкая царква – таксама сведка грамадзянскай вайны між жыхарамі вёскі
file:///D:/%D0%A2%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B8/%D0%9D%D0%B0%20%D0%A0%D1%83%D0%B1%D0%BE%D0%BD/%D0%9D%D0%B0%20%D1%81%D0%B0%D0%B9%D1%82/%D0%92%D1%91%D1%81%D0%BA%D0%B0,%20%D1%8F%D0%BA%D1%83%D1%8E%20%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%96%20%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%8D%D1%80%D0%B0%D1%9E%D1%86%D1%8B_%20%D0%9F%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%86%D1%8C%20%D0%9A%D0%BE%D0%B1%D1%80%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD%D0%B0%C2%A0%20%E2%80%94%20%D0%9D%D0%B0%D1%88%D0%B0%20%D0%9D%D1%96%D0%B2%D0%B0.html

“Памятаю ўсё вельмі добра”

Мікалай Тарасюк нарадзіўся незадоўга да вайны – у 1938 годзе. Але не быў бы то хлопец – што-што, а баі між партызанамі і “бульбашамі” (у Повіці паўстанцаў найчасцей называлі менавіта так) ён запомніў добра. Уключна з колькасцю забітых і месцам знаходжання паўстанцкага аўтамата. Але ўспамінае пра той час абсалютна спакойна, без эмоцый і нават ацэнак. “Так, бульбашоў было ў нас шмат”, – канстатуе адзін факт. “І менавіта повіцкіх было шмат”, – канстатуе другі. “Некаторыя выступалі супраць улады, а многія не хацелі ісці на фронт. А было і пару такіх, хто проста быў злодзеем па жыцці, і пайшоў у банду дзеля нажывы”, – па-ранейшаму спакойна тлумачыць Мікалай найбольш частыя прычыны з’яўлення повіцкіх мужчын у паўстанцкіх атрадах. Дае зразумець, што сама па сабе ідэя незалежнай Украіны палешукам была не тое што чужой, але дакладна не вызначальнай пры іх рашэнні пайсці ў лес. Прычыны былі куды больш празаічныя. “Кажуць, – правакую на больш дэталёвыя ўспаміны свайго субяседніка, – што “бульбашы” былі вельмі жорсткія. А вы што пра гэта чулі?”. – “Я б не сказаў. Хаця пару зверстваў тут сапраўды было. Памятаю хлопца, якому на спіне выразалі зорку. За што, дакладна не ведаю. Здаецца, падазравалі, што ён сувязны ў партызан. Знайшлі яго замучанага ў лесе. Малады хлопец зусім – не ведаю, было яму 16 ці не. А яшчэ памятаю, як усю сям’ю забілі. Сын быў у партызанах, і яго ранілі. Ён прыйшоў дадому. А “бульбашы” прыйшлі следам, яго дабілі, і маці з сястрой таксама забілі. Я сам бачыў тыя трупы, бо іх хата непадалёк стаяла”. Нягледзячы на такія выпадкі, Мікалай Тарасюк усё роўна не схільны называць усіх паўстанцаў злачынцамі. “Сярод партызан таксама такія бандыты былі. Гэта ад чалавека залежыць, а не ад таго, у партызаны ён пайшоў, ці бандэраўцы”.



У 40-х гадах гэта быў канец вёскі. Тут адбылася адна з буйных сутычак партызан і паўстанцаў, у выніку якой загінула 8 партызан і адзін «бульбаш».
file:///D:/%D0%A2%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B8/%D0%9D%D0%B0%20%D0%A0%D1%83%D0%B1%D0%BE%D0%BD/%D0%9D%D0%B0%20%D1%81%D0%B0%D0%B9%D1%82/%D0%92%D1%91%D1%81%D0%BA%D0%B0,%20%D1%8F%D0%BA%D1%83%D1%8E%20%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%96%20%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%8D%D1%80%D0%B0%D1%9E%D1%86%D1%8B_%20%D0%9F%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%86%D1%8C%20%D0%9A%D0%BE%D0%B1%D1%80%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD%D0%B0%C2%A0%20%E2%80%94%20%D0%9D%D0%B0%D1%88%D0%B0%20%D0%9D%D1%96%D0%B2%D0%B0.html

“Забівалі, у асноўным, актывістаў і камуністаў”

У Повіцкай сярэдняй школе я спадзявалася знайсці краязнаўцу, але замест гэтага пазнаёмілася з настаўніцай гісторыі Тамарай Кузіч. Яна старалася як мага больш бесстаронна распавесці пра грамадзянскую вайну, што ў 40-х гадах развярнулася ў гэтых тады яшчэ забалочаных мясцінах. “Па сутнасці ў тыя часы ў Повіці не было людзей, якія да канца падтрымлівалі б савецкую ўладу. Выключэнне складалі толькі засланыя работнікі і самыя-самыя беднякі. Астатнія савецкую ўладу не любілі”. Спрэчная дзейнасць партызан таксама была ацэненая не на карысць апошніх: “Мая свякруха, калі вучылася ў Маскве, яшчэ ў 50-х гадах нейкаму выкладчыку прама заявіла, што партызаны былі такія самыя, як і бандэраўцы”, – сказала Тамара. Але калі настаўніца ўзялася апавядаць сямейную гісторыю свайго мужа, бесстароннасць усё ж пакрысе пачала ёй здраджваць. Гэта не дзіўна, улічваючы драматычны характар даўняй падзеі, якую ў сям’і неаднаразова абмярковаўвалі і з-за якой моцна ў свой час перажывалі. Дзед яе мужа, Арсен Кузіч, у сярэдзіне 30-х толькі ажаніўся. У 1939 годзе яго забралі ў польскую армію, і неўзабаве ён трапіў у нямецкі палон. На шчасце, аказаўся ён не ў канцлагеры, а на фермерскай гаспадарцы, з якой паспяхова праз некалькі год здолеў не толькі збегчы сам, але і арганізаваць пабег для сваіх землякоў. Летам 1944 года ён нарэшце дабраўся дадому, і тут жа быў завербаваны ў якасці сувязнога ў знішчальны батальён, адмыслова створаны дзеля ліквідацыі ўкраінскага нацыяналістычнага руху. “Ён быў камсамольцам, і ён не мог адмовіцца”, – кажа Тамара Кузіч. Бяда ў тым, што пра прызначэнне Арсена вельмі хутка даведаліся паўстанцы, і не паспеў той пажыць з сям’ёй і некалькі месяцаў, як проста з поля, на вачах жонкі, бацькоў і малых дзяцей яго назаўсёды забралі ўзброеныя людзі. “Больш сям’я яго ніколі не бачыла. Ніколі”. На гэтым гісторыя не закончылася. Бацька Арсена вырашыў знайсці паўстанцкі атрад, каб хаця б выпрасіць цела сына дзеля хрысціянскага пахавання. Але ў адказ быў гэтак жорстка збіты, што ледзь здолеў прывалачыся дахаты, а пасля яшчэ некалькі месяцаў адлежваўся на печы. Калі памілаваныя паўстанцы вярнуліся са сталінскіх лагераў, на п’яную галаву нехта з іх прагаварыўся, што Арсену Кузічу перад смерцю выкалалі вочы і вырвалі язык, а пасля закапалі недзе ў лесе. Такіх гісторый, на жаль, хапае не толькі ў Повіці. Паўстанцы забівалі пераважна савецкіх актывістаў, партызан і іх сувязных, але забівалі з неверагоднай жорсткасцю. А калі ўлічыць, што ў абвінавачаных не было магчымасці апраўдацца, а значыць без невінаватых ахвяр не абыходзілася, то становіцца зразумелым, чаму жыхарам ахінутых паўстаннем тэрыторый ёсць што ўспомніць жахлівага. І для калектыўнай памяці не важна, што асаблівай жорсткасцю вызначаліся не ўсе паўстанцы, а, як правіла, адзін-два чалавекі з атрада. Запамінаецца самае страшнае якраз.



Украінскія нацыяналісты ў лагеры. Здымак зроблены пасля смерці Сталіна, калі ў працоўных лагерах памякчэў рэжым. З архіва Фёдара Саўчука


file:///D:/%D0%A2%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B8/%D0%9D%D0%B0%20%D0%A0%D1%83%D0%B1%D0%BE%D0%BD/%D0%9D%D0%B0%20%D1%81%D0%B0%D0%B9%D1%82/%D0%92%D1%91%D1%81%D0%BA%D0%B0,%20%D1%8F%D0%BA%D1%83%D1%8E%20%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%96%20%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%8D%D1%80%D0%B0%D1%9E%D1%86%D1%8B_%20%D0%9F%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%86%D1%8C%20%D0%9A%D0%BE%D0%B1%D1%80%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD%D0%B0%C2%A0%20%E2%80%94%20%D0%9D%D0%B0%D1%88%D0%B0%20%D0%9D%D1%96%D0%B2%D0%B0.html

Былыя ворагі

Па іроніі лёсу ў Повіці і дагэтуль яшчэ жывуць людзі, які некалі прадстаўлялі супрацьлеглыя бакі той грамадзянскай вайны. Абодва мужчыны – равеснікі, народжаныя ў 1927 годзе. Абодва апынуліся ў сваіх атрадах выпадкова. Аляксей Суботка быў сувязным партызанскага атрада. Да гэтага ў лес пайшоў яго брат, а пасля партызаны падманулі юнака Аляксея, сказаўшы яму, што брат загадаў меншаму таксама ісці ў лес. Той пайшоў, але брата нават ні разу не бачыў. Гэта аддалена нагадвае і гісторыю Фёдара Саўчука, брат якога таксама рушыў у атрад УПА першым. Вось толькі абставіны яго сыходу склаліся зусім іншыя. У свой час ён быў вывезены ў Германію, але разам з суседам змог вярнуцца. Па вяртанні іх дваіх партызаны западозрылі ў шпіянажы на карысць Германіі. Партызанскае следства не адрознівалася гуманнасцю ад паўстанцкага, і хлопцы атрымалі свой завочны смяротны прысуд. Суседа знайшлі з прастрэленай галавой ва ўласным ложку, што стала сігналам Фёдараваму брату: трэба неадкладна ўцякаць. Разам з ім пайшоў з чыстай цікавасці і Федзя. Прыкладна аднолькава былыя ворагі ўспамінаюць і жыццё ў лесе – голад, вошы, часотка. Цяжка сказаць, ці захавалі яны непрыязнасць адзін да аднаго персанальна, але на маё шчырае прызнанне, што іду размаўляць з Фёдарам Саўчуком Аляксей Суботка з іранічным смехам спытаў: “І пра што вы будзеце яго пытаць? Як ён партызан забіваў?”. У сваю чаргу Фёдар Саўчук адкрыта назваў усіх партызан крахаборамі, грабежнікамі і бандытамі, зрабіўшы выключэнне толькі для аднаго атрада, які, па яго назіраннях, не быў заўважаны на рабунках сялян. Увогуле ўспаміны Фёдара Саўчука аказаліся больш эмацыйнымі, прыгодніцкімі і, як мне паказалася, шчырымі. Не тое што Суботка падманваў – зусім не, але і гаварыў без асаблівай ахвоты. Адной з прычын гэтага, праўда, была старэчая слабасць, але другой прычынай магло быць тое, што мінулая вайна не была яго асабістай. Ён апынуўся ў ёй па волі абставінаў і проста выконваў загады. У той час як Фёдар, таксама ідучы за абставінамі, пасля неаднойчы ўпэўніваўся ў правільнасці свайго выбару. Ён прызнае, што і ў яго атрадзе быў бандыт, што займеў адпаведную славу яшчэ пры Польшчы і працягваў бандытызм ужо пад сцягам украінскага нацыяналіста: “Забіваў нявінных людзей, нічога не скажу, сапраўды забіваў. Пад марку наш…”. Але ўвогуле ў паўстанцкіх фарміраваннях, як запэўнівае наш герой, панавала канспірацыя і дысцыпліна, кіраўнікі патрабавалі паважлівых адносін да мірнага насельніцтва. “Ідзем у сяло (паесці ж трэба). Камандзір размяркоўвае па два чалавекі на хату. І калі б я займаўся вымаганнем, то мне пуля адразу ў лоб была б! Адразу пуля ў лоб!” – энергічна запэўнівае дзед.

Уся слава – партызанам

“Бульбашы” змагаліся не толькі супраць Саветаў, але і супраць нямецкай акупацыі. Фёдар Саўчук згадвае пару выпадкаў у гэтай сувязі. У 1944 годзе трое паўстанцаў адбілі ў 9 немцаў повіцкую моладзь, якую рыхтавалі для адпраўкі ў Германію. У выніку аперацыі былі забітыя немцы і адна мясцовая дзяўчына, што разгубілася і не лягла па камандзе на зямлю. 40 чалавек вярнуліся ў вёску, але ў асвятленні тых падзей ўлады аддавалі перавагу факту забойства дзяўчыны. Жывапісна малюе дзед Фёдар і гісторыю, калі іх атрад падарваў нямецкі эшалон з тэхнікай і салдатамі. “То што вы думаеце: то ж не сказалі, што гэта мы. Сказалі, што гэта партызаны зрабілі. Але ж я сам асабіста міны падкладваў!” – смяецца, як над добрым анекдотам, былы паўстанец. Несумненна, што падобныя маніпуляцыі з грамадскім меркаваннем адбывалася паўсюдна.


Украінскія нацыяналісты ў лагеры. Вышываныя кашулі ім прыслалі родныя пасля дазволу на атрыманне пасылак. Украінцы падзяліліся кашуляй і з палешуком Фёдарам Саўчуком. Здымак з архіва Фёдара
file:///D:/%D0%A2%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B8/%D0%9D%D0%B0%20%D0%A0%D1%83%D0%B1%D0%BE%D0%BD/%D0%9D%D0%B0%20%D1%81%D0%B0%D0%B9%D1%82/%D0%92%D1%91%D1%81%D0%BA%D0%B0,%20%D1%8F%D0%BA%D1%83%D1%8E%20%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%96%20%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%8D%D1%80%D0%B0%D1%9E%D1%86%D1%8B_%20%D0%9F%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%86%D1%8C%20%D0%9A%D0%BE%D0%B1%D1%80%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD%D0%B0%C2%A0%20%E2%80%94%20%D0%9D%D0%B0%D1%88%D0%B0%20%D0%9D%D1%96%D0%B2%D0%B0.html

Разгром надзей

Як толькі СССР атрымаў перавагу ў вайне супраць Германіі, ён змог больш сіл сканцэнтраваць на барацьбу з “бандытамі”. У апошніх не было шансаў на перамогу, хоць самыя ўпартыя здавацца не збіраліся, і іх адлоўлівалі яшчэ ў пачатку 50-х гадоў. Але Фёдар трапіў у аблаву ў 1945, і пасля катаванняў 17-гадовы хлопец прызнаўся ва ўсім, што трэба было следчаму для вынясення смяротнага прысуду. Два месяцы ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў, але аднойчы днём яго вывелі. Ён падазраваў, што вядуць зноў да следчага, бо на расстрэл з яго камеры забіралі звычайна ноччу. Ён і праўда аказаўся перад двума следчымі, якія перад сабой мелі памілаванне на яго імя. Аднак так проста паведаміць пра гэта не хацелі, вырашылі яшчэ раз паздзекавацца – загаварылі пра расстрэл. Але непаўнагадовы хлопец ужо так стаміўся баяцца і цярпець боль, што толькі з палёгкай уздыхнуў: “Ну і добра. Колькі я ўжо буду мучыцца?”. Тады яму аб’явілі, што смяротны прысуд заменены на 20 год лагеру. У лагеры Фёдар выжыў толькі таму, што працаваў шахцёрам, і меў крыху больш хлеба, чым прадугледжана звычайным пайком. “Нічога не хацелася, толькі есці. Я ўжо думаў хлеба нідзе ў свеце няма”. Становішча палонных змянілася пасля смерці Сталіна. Тады ў сталоўцы з’явіўся хлеб у неабмежаванай колькасці і добрай якасці – без дадавання апілак, як было раней. А неўзабаве, пасля 10 год зняволення, Фёдара амніставалі і рэабілітавалі. Я спытала ў сімпатычнага дзеда, ці не сумняваўся ён, калі вырашаў вяртацца дахаты. Усё ж слава засталася нядобрая… Але Фёдар не сумняваўся, бо злачынцам сябе не адчуваў і не адчувае. А што дражнілі “бульбашом”, то гэта так, але выключна “тыя крахаборы-партызаны, што ў канторы заселі”. Дзед Фёдар прызнаецца, што часам да яго прыязджаюць карэспандэнты з Украіны, а вось свае людзі не вельмі цікавяцца яго мінулым. У нейкі момант, калі я фатаграфую яго лагерныя здымкі, былога паўстанца адолелі сумненні, і ён пачаў распытваць, як я іх выкарыстаю. “Бо пачнуць мне казаць, што я тут зноў пачынаю муціць ваду”, – патлумачыў ён. Хоць тлумачыць нічога не трэба было. Мы ўсе разумеем статус меншасці сярод перамоглай аднойчы большасці. Але ўсё ж пакінуць “бандэраўца” ў спакоі не маем права, бо гісторыя так і заснецца рванай коўдрай, якую хтосьці аднойчы здолеў гвалтам на сябе перацягнуць.


Фёдар Саўчук удзельнічаў у з’ездзе ветэранаў АУН-УПА, дзе і атрымаў такое пасведчанне.
file:///D:/%D0%A2%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B8/%D0%9D%D0%B0%20%D0%A0%D1%83%D0%B1%D0%BE%D0%BD/%D0%9D%D0%B0%20%D1%81%D0%B0%D0%B9%D1%82/%D0%92%D1%91%D1%81%D0%BA%D0%B0,%20%D1%8F%D0%BA%D1%83%D1%8E%20%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%96%20%D0%B1%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%8D%D1%80%D0%B0%D1%9E%D1%86%D1%8B_%20%D0%9F%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%86%D1%8C%20%D0%9A%D0%BE%D0%B1%D1%80%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0%20%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD%D0%B0%C2%A0%20%E2%80%94%20%D0%9D%D0%B0%D1%88%D0%B0%20%D0%9D%D1%96%D0%B2%D0%B0.html

 Іна Хоміч, здымкі аўтаркі

http://www.racyja.com


VK

Наш канал в YouTube

Яндекс.Метрика